– Хіба вы не атрымалі маіх пісем?
– Атрымаў… Але чаго было ехаць сюды?
– Я ж вам пісала… Не магла ж я ўвесь час нічога не ведаць пра вас… Фабіян, калі вашы бацькі супроць, мы будзем шчаслівейшыя жывучы разам, нават у беднасці, чым у разлуцы, асобна. – Ён завёў мяне ў маленькую пярэднюю.
– Не гаварыце гучна, – шапнуў ён мне на вуха. – У мяне тут сябры. Чаго вы хочаце ад мяне, мая дзетка? У мяне ўсяго адзін пакой.
– Я гатова падзяліць яго з вамі.
– Не гаварыце глупства. Ваша радня не дазволіць, вы непаўналетняя.
– Мае бацькі, каб пазбегнуць скандалу, з радасцю згодзяцца на наш шлюб.
– Усё гэта вельмі недарэчна… Але дазвольце мне спачатку адправіць сваіх сяброў. – Ён вярнуўся ў пакой і зачыніў дзверы. Я не чула, што ён там ім гаварыў. Потым не ён, а нехта іншы прамовіў голасна: «А! Кажаш, дзяўчынка з каледжа? Віншую з поспехам, мой дарагі!» Потым яны выйшлі чарадою адзін за адным, пяць армейскіх афіцэраў, кідаючы на мяне позіркі, хто з насмешкай, а хто шкадуючы. Нехта з іх сказаў: «Чуеш, Фабіян, заўтра раніцай каб быў у казармах роўна ў шэсць… I ніякіх штуковін!» Потым яны зніклі на лесвіцы.
Тады Фабіян дазволіў мне ўвайсці. Выгляд у яго быў незадаволены. Ніякай ласкі… Не пацалаваў нават. I адразу ж пачаў мяне адчытваць: —.На ўсё свой час, мілая дзетка. Каханне ёсць каханне, забавы забавамі, а служба службай.
– Але ж гэта вы, Фабіян, затлумілі мне галаву сваімі абяцаннямі; пакуль вы не гаварылі, я ні аб чым не думала, апроч музыкі і танцаў. Гэта вы запрасілі мяне ў свой пакой, гэта вы…
– Ну так, я зрабіў памылку: паддаўся чарам прыгожай ночы, а тут яшчэ навальніца… і ваша хараство… Але ў жыцці свой парадак… Раніцай на другі дзень чары развеяліся… Раю вам зрабіць гэтак жа. Вяртайцеся ў Сасі, мілая дзетка! Іграйце ў камедыях, але не рабіце камедый з жыцця. – Час ад часу ён з трывогай паглядаў на гадзіннік. На стале ляжала некалькі пісем. Гэта былі мае пісьмы… I ведаеш, Эмілія, нават не распячатаныя! Ён усё гаварыў, але тон, спачатку сардэчны і бацькоўскі, рабіўся ўсё больш жорсткім, і нарэшце ён сярдзіта заявіў:
– Хопіць! Пара ўжо! У сем трыццаць у мяне будзе госць. Нельга, каб вас бачылі ў маім пакоі.
– Хто? Жанчына?
– Так.
– Ваша палюбоўніца?
– Яшчэ не… Але па якому праву?.. Даволі! Ідзіце! Выйдзіце зараз жа, а то я буду вымушаны…
– Мяне выгнаць? I гэта гаворыце вы, Фабіян?.. – У гэты момант пачуўся званок. Тры кароткія сігналы. Ён пабляднеў, схапіў мяне і запхнуў у адзежную шафу паміж двух мундзіраў, якія ўпіліся мне ў твар гузікамі і нашыўкамі. Потым глуха прамовіў грозным голасам: «Калі ты паварушышся, скажаш хоць слова, я цябе больш ніколі не пабачу».
Я зразумела, што гэта не жарты, і стаяла як статуя. 3 майго сховішча нічога не было відаць, але я чула ўсё. Жанчына, якая ўвайшла, была актрыса. Аб гэтым я здагадалася адразу. «Мілы Фабіян, – сказала яна, – я магу вам удзяліць не болын як паўгадзіны. У гэты вечар я іграю, але Адэон блізка, і ў першым акце я вольная». Спачатку Фабіян, яўна збянтэжаны маёй прысутнасцю, не ведаў, як сябе трымаць, і плёў нейкую лухту. Пасля, мала-памалу, забыў, што я тут. Да яго вярнулася самаўпэўненасць, і, ведаеш, што я пачула? «Мне здавалася, я кахаю ўсіх жанчын наогул і ніводнай у прыватнасці. Салдату не выпадае затрымлівацца. Але сёння мне раптам стала ясна, што гэтыя тры словы: «я вас люблю» маюць сэнс… магутны і глыбокі сэнс». Тыя самыя фразы, што гаварыў мне! Слова ў слова!.. Потым яны змоўклі… Яна весела смяялася, абараняючыся.
– Дарагі мой, – гаварыла яна, – не саромце мяне, не вымагайце. Я ж вам сказала, што вечарам іграю.
– Вось яшчэ ліха! – прабурчаў Фабіян. – Мне гэтак жа заўтра раніцай а шостай гадзіне быць у казармах.
– Яшчэ адзін довад праявіць стрыманасць. – Яна абышла пакой, робячы заўвагі наконт жаночых фатаграфій, што віселі на сценах. Потым пажартавала з Фабіяна, паказваючы на мае пісьмы, і той правёў яе ў пярэднюю, дзе яны прабылі даволі доўга. Цалаваліся, мабыць.
Пачуўшы, што дзверы зачыніліся, я выйшла з гардэроба, і Фабіян, вярнуўшыся, знайшоў мяне поўнай пагарды і ледзянога спакою. Ён стаяў сканфужаны.
– Не лічыце мяне злым чалавекам, – пачаў ён. – Маглі самі пераканацца… Прашу прабачэння, што выпадкова, без усякага намеру, я зрабіў вас сведкай гэтай кароценькай сцэны. Што ж цяпер?.. Калі ўмешвацца, не папярэдзіўшы, у людское жыццё, дык нарвацца на нечаканасць заўсёды можна… Потым яно ўладжваецца… Вы не гневаецеся?.. – I ён паспрабаваў узяць мяне за руку…