I ведаеш, Эмілія, я прачытала яго мыслі: «Паколькі тая пайшла, гэтая маладзенькая дзяўчына зусім не брыдкая…» Але, калі ён пацягнуў мяне, каб абняць, ва мне абудзілася і забушавала звярыная лютасць. Гэта ўжо занадта! Я вырвалася з яго рук, і, калі ён зноў накіроўваўся да мяне, пазіраючы мутнымі, замглёнымі вачыма, мяне агарнуў жах. Я схапіла са стала бронзавую чарніліцу і шпурнула яму ў твар. Яна папала ў скронь; Фабіян упаў галавой на ложак і страціў прытомнасць; струменьчыкам лілася кроў. Я нахілілася над ім, ён не дыхаў. I тут я зрабіла нядобра, нядобра: апанаваная страхам, хутчэй уцякла. Мабыць, трэба было шукаць доктара, ратаваць, ці што. Але ён быў мёртвы, я не сумнявалася. I якім чынам магла я растлумачыць сваю прысутнасць?
Жызэль была бледная і на дзіва спакойная. Я ёй сказала:
– Я не асуджаю цябе. Мабыць, я зрабіла б тое самае. А як цяпер? Што мяркуеш?
– Буду чакаць. Калі на мяне падазрэння не будзе, я сябе не выдам, хіба толькі, калі за маё злачынства арыштуюць бязвіннага… Мая сям’я не бязгрэшная, але не заслугоўвае такой ганьбы… Зрэшты, могуць дазнацца, што гэта я… Фабіян – пляменнік мадам Гардон; яна ведае, што я ездзіла ў Парыж… Афіцэры, каторыя мяне бачылі на плошчы Пантэона, могуць даць мае прыкметы; яна параўнае і здагадаецца. Нават ты, Эмілія…
– Я? Ды ты што, дарагая! Ты ж ведаеш, што я магу паказаць толькі ў тваю карысць… Але ж ёсць бедная актрыса, якая тут ні пры чым. А кансьержка засведчыць, што ў той вечар заходзіла і другая жанчына.
Цягнік прыбыў у Гарш. На сядзенні школьнага амнібуса драмаў стары фурман Мэду. Коні беглі, грукаючы капытамі па мерзлай дарозе. Усё было натуральна, звычайна, проста, але маю лепшую сяброўку могуць заўтра абвінаваціць у забойстве. Трэба як след падрыхтавацца, каб абараніць яе жыццё.
– Заўтра я адна буду расказваць пра тэатр Гардону і Фартуніо, – шапнула я Жызэлі. – Нельга, каб цябе злавілі яшчэ і на хлусні.
Ну і ноч!
14 снежня. – Мы цэлы дзень, Жызэль і я, паглядалі ў акно, чакаючы паліцыі і жандараў. Нідзе ніякіх перамен. У нашага прыяцеля паштальёна я дастала газету. Хоць бы дзе намёк на справу Рансэрэ. Можа, яшчэ не знойдзены труп? Аднак кансьержка, палкавое начальства, сябры павінны ж нарэшце ўстрывожыцца. Мадам Гардон зайшла ў сталовую і нічога нам не сказала. А другой палове дня з’явіўся сам Гардон паназіраць за практыкаваннямі на каньках. Паслязаўтра ж павінна адбыцца свята. Я параіла Жызэлі:
– Скажы, што ты хворая, каб адмянілі гэтае па-дэ-дэ.
Жызэль не згадзілася. У мяне такое ўражанне, што яна ставіць на карту свой лёс. Мы з ёю рэпеціравалі. Я прамерзла і адчуваю сябе такой няшчаснай!..
15 снежня. – Ніякіх навін. Заўтра свята.
16 снежня. – Сяджу адна ў сваім пакоі… Ну і выдаўся ж дзень! Але калі апісваць, дык трэба па парадку. Надвор’е было цудоўнае. Перад возерам на шастах калыхаліся сцягі. У цэнтры небяспечная зона {тонкі лёд) была адзначана флажкамі. Паказ адбываўся каля самых берагоў, дзе сабраліся людзі: бацькі і сябры, што прыехалі з Парыжа альбо з Версаля, увесь каледж і суседнія вёскі. Жызэль і я выканалі свой нумар, па-мойму, выдатна і, пад бурныя воплескі, узяўшыся за рукі, вярталіся на бераг, як раптам Жызэль тузанула мяне, упёршыся канькамі ў лёд, і запытала поўная жаху, не сваім голасам:
– Ты яго бачыш?
– Каго?
– Яго, там, каля мадам Гардон.
Я глянула і сапраўды ўбачыла дзю Рансэрэ з павязкай на скроні.
– Ну так, гэта ён! – сказала я. – Значыць, ты яго не забіла. Шчасце тваё, Жызэль!.. Хадзем!
Але Жызэль выпусціла маю руку, павярнулася ў паўабарота і шпарка, з усяе сілы памчалася ў небяспечную зону. Я следам за ёю. Паводдаль крычалі людзі.
Далейшае адбылося так хутка, што я і ўспомніць не магу. Жызэль апярэдзіла мяне па меншай меры метраў на дзесяць. Я пачула трэск, і яна правалілася ў ледзяную ваду. Інстынктыўна я лягла і папаўзла да палонкі, каб падаць ёй руку. Яна не ўзяла. Што далей, не помню. Мабыць, я страціла прытомнасць. Потым мне казалі, што пажарнікі праявілі належны спрыт, і мы абедзве былі выратаваны.
Фурман Мэіду даставіў нас разам з Гардонамі і доктарам у каледж. Нас перанеслі ў наш пакой, я ачнулася і паднялася на ногі мінут праз пяць; Жызэль ляжала ў непрытомнасці. Мадам Гардон з маёй дапамогай раздзела яе і нацерла спіртам. Калі нарэшце яна расплюшчыла вочы, дык у роспачы крыкнула: «Пакіньце мяне! Дайце мне памерці!»
Нехта пастукаў у дзверы. Я адчыніла. Там. стаяў Фабіян дзю Рансэрэ.
– Як яна? – запытаў ён з трывогай. – Калі ласка, дазвольце мне ўвайсці. Я хачу сказаць ёй пару слоў.