Выбрать главу

Падскочыла спалоханая мадам Гардон.

– Ні ў якім разе, Фабіян! Гэта немагчыма. Яна не ў сваім розуме. Я адштурхнула дырэктрысу і падвяла Фабіяна да ложка Жызэлі. Ён працягнуў ёй рукі, яна кінулася да яго. Я адступіла да акна. Набліжаўся вечар. Дрэвы, пакрытыя снегам, заружавелі ў парку.

– Ну як, Ізабела? – пачуўся голас. – Што гэта вы чытаеце так уважна? Вы нават не заўважылі, калі мы ўвайшлі.

Ізабела падняла вочы і ўбачыла перад сабой, нібы ў сне, дырэктрысу ў цёмным касцюме і пры ёй маладога афіцэра ў мундзіры. У яго былі доўгія чорныя вочы і тонкія, выразна акрэсленыя губы.

– Божа мой! – прамовіла яна ў здзіўленні. – Фабіян дзю Рансэрэ!

– Не, – адказала дырэктрыса, засмяяўшыся. – Гэта пляменнік майго мужа, Жак Сальві. Ён прыехаў у водпуск з Алжыра… Вырашыў наведаць нас і застаецца з намі абедаць, а паколькі сталовая яшчэ зачынена, я прыйшла запрасіць вас скласці нам кампанію.

Ізабела паднялася, кінула ў куфар фіялетавы сшытак і, спалоханая, пазірала ў захапленні на прыгожага, крыху збянтэжанага лейтэнанта.

Праз дзесяць год

– Вы ведаеце, Бертран, хто мне званіў сёння раніцай?

– Адкуль мне ведаць?

– I як гэта вам не падказала чуццё?.. Ну, тая самая жанчына, якую вы так моцна кахалі.

– А хіба ёсць на свеце жанчына, акрамя вас, якую я моцна кахаў?

– Вы няўдзячны, Бертран!.. А Беатрыса?

– Якая Беатрыса?

– Якая Беатрыса?.. Вы цудоўна разыгрываеце камедыю. Няўжо вы не помніце Беатрысы дэ Сольж?

– А! Гэтая Беатрыса!.. Я думаў, што яна ў Кітаі, ці ў Японіі, ці бог ведае дзе… А што, хіба яна ўжо не ў кругасветным падарожжы?

– Вярнулася… Учора ўвечары прыбыла ў Гаўр.

– А якога чорта яна вас турбуе зараз?

– Каб наладзіць кантакт… Пасля доўгай адсутнасці хоча пабачыць сваіх сяброў. Гэта натуральна.

– Не ведаў я, што мы з ёю сябры.

– Бертран… Калі я ўспамінаю, што ледзь не кінула вас праз гэту жанчыну… Ну так, так!.. Я тады гаварыла сабе: «Раз ён не трымаецца за мяне, раз яму спатрэбілася другая, чаго мне навязвацца? Дзяцей у нас няма… I мне лепш за ўсё сысці з дарогі…» Я нават хадзіла да свайго друга Ланкрэ, пыталася, што рабіць, каб без шуму і скандалу атрымаць развод. Ланкрэ выслухаў маю бяду і параіў набрацца цярпення… А потым такая ахвяра мне здалася занадта вялікай… I я засталася.

– На наша шчасце!

– Няхай сабе на наша шчасце… Але хто мог прадбачыць, дарагі мой, што вы так хутка ачуняеце ад зацяжной хваробы?.. Вы што?.. Забылі? Дзесяць гадоў таму назад вы гадзіны не маглі пражыць без Беатрысы, кожны дзень чакалі тэлефоннага званка, даволі было аднаго слова, каб вы адмовіліся ад неадкладнай сустрэчы, вы парушалі свае самыя ўрачыстыя абяцанні… Ах, гэтыя ранішнія званкі!.. Яны і цяпер у маіх вушах. Сэрца гатова было выскачыць з грудзей… Бывала, Амелія, калі вы былі ў маім пакоі, неспрактыкаваная, выдаючы сваё саўдзельніцтва, дакладвала вінаватым тонам: «Вас пытаюцца, месье…» I тады вы, крыху саромеючыся, напускалі на сябе фанабэрыю… Гэта было жахліва!

– Не так жахліва, як смешна…

– Ну вядома… Але мне было вельмі горка адчуваць камізм нашага становішча… Вы толькі ўспомніце, Бертран… Вас нішто на свеце не цікавіла апроч Беатрысы… Калі яе імя ўпаміналася ў гаворцы, ваш твар рабіўся пяшчотным, лагодным. I гэта прычыняла мне боль. Вам імпанаваў кожны, хто яе ведаў, і любая рэч, што ёй была даспадобы. Вы, чалавек цвярозага розуму, вораг усякіх забабонаў, раптам зацікавіліся факірамі, варажбіткамі і рознымі чарадзеямі… Вы наведвалі з ёю нейкія дзівотныя ўстановы… Вы, што мне заўсёды забаранялі заводзіць жывёлу, трацілі гадзіны ў пошуках персідскага ката, каб зрабіць ёй падарунак. Зрэшты, гэта ўсё так ясна. Вы былі ў яе на пабягушках. Яна магла паклікаць вас, як сабаку.

– Вы перабольшваеце.

– Я не перабольшваю. Вы мянялі свае планы тры разы на дзень, дагаджаючы яе капрызам… Нашы паездкі ў адпачынак залежалі ад яе намеру. Вы мяне зацягнулі аж на самы Нордкап, хоць я холаду баюся больш, чым смерці, таму што, бачыце, Беатрыса адправілася на параходзе ў Нарвегію, і вы спадзяваліся сустрэцца з ёю выпадкова ў якім-небудзь порце… Як я тады плакала… у гэтым злашчасным падарожжы! Я прастыла, хварэла, была ў адчаі… Вы гэтага і не заўважылі… Аб чым вы думаеце?

– Прабую разабрацца ў маіх даўніх пачуццях… Гэта праўда, што я тады ашалеў ад гэтай жанчыны. А чаму, чорт яго ведае.

– Не будзьце вульгарным, Бертран. Яна была вельмі прывабная… Яшчэ і цяпер.

– У Парыжы тысячы прывабных жанчын, куды прыгажэйшых.

– Магчыма… Але ў яе была натуральная грацыя, амаль дзіцячая, уласцівая толькі ёй.

– Вы так думаеце?

– Вы мне гэта самі сцвярджалі.