Выбрать главу

– А я што, мудры суддзя? Пабачыўшы яе зараз, і двух слоў не звязаў бы… Мне здаецца, уся яе слава – некалькі банальных кампліментаў ад мяне, і гэтыя прыгоды з Сальвіяці… Аж злосць разбірае.

– А вы помніце, Бертран, той дзень, калі Гадэн рабіў ёй аперацыю? Вы збялелі ад перажыванняў… Я вас так шкадавала!.. Старалася быць велікадушнай!.. Разы тры званіла па тэлефоне на вуліцу Пічыні, пыталася, як там… Навіны былі добрыя, і я суцяшала вас: «Не бойцеся, дарагі! Ёй нічога не пагражае».

– Я забыў.

– Які жаль! Ад учынку, самага ўзвышанага за ўсё маё жыццё, і знаку не застанецца… Скажыце мне, дарагі… Вы, можа, таксама забылі, што, калі яна збегла з Сальвіяці, вы хацелі пакончыць з сабой?

– Ну, раз я не пакончыў, значыць, не вельмі хацеў.

– Але ж вы збіраліся. Вы нават пачалі пісьмо, каб мне паведаміць аб вашым рашэнні… Калісьці, раскладваючы свае паперы, вы мне аддалі яго… Хочаце глянуць?

– Вядома, не.

– Чаму гэта не?.. Зараз я вам пакажу… Вось яно: «Мая мілая малютка, я ведаю, што прычыню вам вялікі боль. Даруйце, прашу вас. Далей жыць у мяне не хапае мужнасці. Але я хачу, перш чым апусціць заслону, растлумачыць вам шэраг прычын, мабыць, незразумелых для вас. Мне здаецца, я зменшу вашы пакуты, паказаўшы, што шлюб між намі заўсёды адрозніваўся ад таго, што вам уяўлялася ў марах».

– Ізабела, мне гэта непрыемна.

– А думаеце, мне было прыемна?.. «Тайна маіх паводзін, якія вам часта здаваліся недарэчнымі, у тым, што да нашай з вамі сустрэчы я кахаў ужо Беатрысу дэ Сольж. Чаму я тады кінуўся да вас, зрабіў прапанову і ажаніўся з вамі? Таму што Беатрыса сама збіралася выйсці замуж, і я хацеў забыць яе, а ў вас я знайшоў ласку, якое ніколі не меў ад яе… Чалавек – істота складаная, і я шчыра верыў…»

– Хопіць, Ізабела… Спаліце гэта пісьмо.

– Я ніколі нічога не спальваю… Зрэшты, прачытаць яго вельмі карысна… карысна для нас абаіх. Каб не крыўдзіць вас, я апушчу дзве старонкі. Слухайце: «Вашай найбольшай памылкай, Ізабела (у гэтай сумнай гісторыі ў вас таксама былі памылкі), вашай найбольшай памылкай быў гэты раптоўны візіт да Беатрысы з просьбай даць мне адстаўку і вярнуць вам вашага мужа. У той дзень, вы, бедная мая Ізабела, мелі выключны поспех. Вы разварушылі сумленне ў жанчыны, у глыбіні душы добрай і далікатнай. Вы адлучылі яе ад мяне, але ж і сябе ад мяне адлучылі. Пасля гэтага вашага ўчынку, Ізабела (учынку, пра які я доўгі час не ведаў, але здагадваўся па тысячах доказаў), я адчуў, што Беатрыса пазбягае мяне і збліжаецца з Сальвіяці. I вось праз ваш фатальны ўчынак я павінен памерці».

– Які тэатральны, прыкры тон!

– Гэта толькі чарнавы накід, Бертран… Але я хачу, каб вы паслухалі і самы канец: «Не шкадуйце ні аб чым. Так ці іначай, мая сцежка абрываецца, я ніколі не імкнуўся дажыць да старасці. Аднясіцеся да гэтай падзеі, як я, проста і шчыра. Вас яшчэ будуць любіць, Ізабела; вы заслугоўваеце, каб вас любілі. Даруйце, што я не змог зрабіць вас шчаслівай. Мабыць, я не створаны для шлюбу, але прыхільнасць мая да вас была самая праўдзівая. Безумоўна, калі б абставіны дазволілі мне застацца жывым, я прывязваўся б да вас усё мацней і мацней. I яшчэ адно апошняе слова: калі Беатрыса вернецца, адна ці з Сальвіяці, сустрэньце яе сардэчна, і тады…»

– Дайце мне гэту паперку… Няўжо я сапраўды напісаў такое глупства?

– А то хто ж? Вы, сваёй рукою, Бертран…

– Неяк дзіўна… Клянуся, ніяк не магу прыпомніць, каб нейкі вар’ят ва мне сцвярджаў: «Я ніколі не імкнуўся дажыць да старасці». Бачыце, дарагая Ізабела, вось я… На парозе гэтай самай старасці.

– Не задаволены жыццём?

– Наадварот. Шчаслівы тым, што старэю каля вас.

– Гэта даказвае, Бертран, што не трэба паміраць ад любві і адчайвацца, калі ў іншых удача.

– Вы думаеце, Ізабела, што ў галіне пачуццяў канкрэтныя прыклады з’яўляюцца доказам? Тут усё магчыма. Ваша актыўнасць перад Беатрысай дала станоўчыя вынікі, але ж яна магла і праваліцца, магла мяне забіць.

– У такіх справах нельга без рызыкі, і вось вы са мной… жывы і здаровы… Але ж вы не сказалі, як мне цяпер трымацца з гэтай мілай дамай?..

– Чаго яна хоча?

– Пабачыцца з намі… Ну, паабедаць разам ці паснедаць… Урэшце, як вы пажадаеце.

– Завядзе гаворку пра сваё вандраванне вакол свету. Сурабая… Анкор… Ганалулу… Нуда страшэнная… Не запрашайце… Знайдзіце апраўданне…

– Гэта немагчыма, Бертран; яна палічыць мяне злапамятнай. Зрэшты, гэта мяне нават пацяшае.

– Якая вам прыемнасць сустракацца з жанчынай, што, як вы гаворыце, вас так доўга мучыла?

– Прыемна пасля цяжкай дарогі адчуць сябе на цвёрдай зямлі… З’яўленне Беатрысы, нагадаўшы мінулыя трывогі, дазволіць мне глыбей пазнаць радасць цяперашняга майго дабрабыту… I потым, яна вельмі прыгожая, гэта ваша сяброўка.