Выбрать главу

– Вы яе ненавідзелі.

– Я яе ненавідзела, калі яна была з вамі, спакушала вас, прабавала мяне адхіліць. Цяпер я магу спакойна прызнацца, што яна жанчына сімпатычная. I ў вас нядрэнны густ… Знаходжу ў гэтым нават асалоду.

– Ізабела, вы ж ведаеце, што зараз я заняты, што я вельмі стомлены і марнаваць час, слухаючы пустую балбатню, мне не выпадае. Не прымушайце мяне.

– Слушныя словы. Больш ніякіх гасцей. Але на гэты раз, Бертран, зрабіце выключэнне. Дазвольце ёй наведаць нас.

– Вы ж не скажаце, Ізабела, што гэта дзеля вас, каб вам дагадзіць, павінен я прыняць мадам дэ Сольж?..

– Якраз гэта я і кажу. Вы згодны?.. Ну і цудоўна.

Гонар

– Ёсць у людзей, – сказала яна, – пачуццё гонару, якое я паважаю, але не заўсёды магу зразумець.

Калі я выйшла замуж, Жак пазнаёміў мяне з Бенарам, сваім лепшым другам. Спачатку я знаходзіла яго грубым, рэзкім, і ён мне не падабаўся. Спатрэбілася некалькі месяцаў, пакуль я да яго прывыкла. Потым мы зблізіліся, і быў ён для мяне, як родны брат. Аднаго разу вечарам выехалі мы з дому ўсе трое, і ў машыне ён сядзеў даволі доўга побач са мной, і я адчула, што і яму і мне гэта прыемна. 3 таго дня ён стаў трымацца са мной іначай. Зрабіўся далікатным, паслужлівым, потым пачаў заглядаць мне ў вочы.

Я нічога яму не гаварыла, не давала нават намёку, каб ён мог падумаць, што я яго кахаю. Наколькі магчыма, рабіла выгляд, што яго палкія залёты прымаю не больш як праяўленне сяброўства. Нарэшце, калі мой муж адправіўся ў падарожжа, ён пачаў наведваць мяне кожны вечар. Гаварыў, што ён вельмі няшчасны, што я першая жанчына, якую ён пакахаў па-сапраўднаму, што ён гатовы пакончыць з сабой, і аднойчы, выйшаўшы ад мяне, ледзь не кінуўся ў Сену. Ён здаўся мне такім сумным, такім шчырым, што мяне агарнула спагада, і я стала яго каханкай. Я не любіла яго ў гэты момант, я толькі баялася, каб ён сапраўды не рашыўся на самагубства. Але як толькі ён стаў маім, я прывязалася да яго ўсёй душой.

Тыдні праз два муж вярнуўся. Я сама здзівілася той смеласці, з якой расказвала яму пра дамашнія падзеі ў яго адсутнасці. Ён нічога не падазраваў, і ўсё было б добра, каб Бенара тым часам не пачало мучыць сумленне. Ён мне сказаў, што яго ахапіў жах; ён зразумеў, што здрадзіў другу і не можа далей так жыць, гонар не дазваляе яму паціскаць руку мужа, застаючыся каханкам яго жонкі. Я параіла яму не сустракацца з Жакам, ён адказаў, што не можа, што разрыў між імі будзе яўным сведчаннем вінаватасці і гонар не прымірыцца з ашуканствам.

Ён выказаў пажаданне застацца па-ранейшаму маім другам і забыць тое, што між намі здарылася.

Я прыйшла ў захапленне ад яго паводзін, і дзён колькі мне прыемна было ўяўляць, што мой каханак – чалавек высакародны і непахісны ў дружбе. Я зусім не думала, што дакоры сумлення з’ява трывалая. Мне здавалася, што, як толькі надарыцца зручны выпадак і мы будзем адны, ён паддасца жаданню абняць мяне, і, са свайго боку, вырашыла працягваць нашу сувязь. Аднак мінула некалькі тыдняў, і я пераканалася, што Бенар застаецца верным свайму слову. Ён заходзіў да нас толькі тады, калі быў цвёрда ўпэўнены, што застане дома майго мужа.

Чамусьці мне ўяўлялася, што яго сумленне будзе менш патрабавальным, калі я сама наладжу спатканне. Жак, чалавек вельмі даверлівы, дазволіў мне правесці некалькі дзён на беразе мора, і я прапанавала Бенару наведаць мяне там. Ён прыслаў мне мілае пісьмо, перапоўненае папрокамі: не трэба, пісаў ён, пазбаўляць яго сілы духу. Занадта вялікая гэта для яго спакуса, каб потым ён адважыўся патрабаваць ад мяне асцярожнасці і вытрымкі.

Я вярнулася з паездкі такая няшчасная, што муж, убачыўшы мой змучаны твар, усё ж зразумеў, што нейкая вельмі прыкрая падзея ўзрушыла і зламала мяне. Я плакала дзень і ноч, захварэла, гаварыла, што куплю рэвальвер. Жак трымаўся так тактоўна і далікатна, што нарэшце я прызналася яму ва ўсім, упрошваючы са слязьмі, каб ён даў мне развод.

Спачатку яго ахапілі гнеў і роспач. Пакутаваў страшэнна. Але, апытаўшы мяне ўсякімі спосабамі, пераканаўшыся, што Бенар са мною больш ні разу не бачыўся, ён аціх, утаймаваў свой боль і пачаў думаць толькі аба мне. Ён мне сказаў, што сам пагаворыць з Бенарам, і калі той жадае жыць са мной разам, то ён адступіць, сыдзе з дарогі, бо ён не з тых людзей, што трымаюць пры сабе жанчыну супроць яе волі. Нарэшце яго паводзіны і словы сталі такімі лагоднымі, што маглі задаволіць самую капрызную і чуллівую істоту.

Я, натуральна, не прысутнічала пры іх сустрэчы, але ведаю з выказванняў Жака і пісьма Бенара, што размова была надзвычай прыстойнай і прайшла, як гаварыў мой муж, «на самым высокім узроўні». Кожны з іх прапанаваў ахвяраваць сабой, знікнуць, без самагубства, вядома (паколькі, на іх думку, чалавек, нават у адчаі, можа заўсёды надаць свайму жыццю карысны і ўзвышаны кірунак), а пакінуўшы Францыю на пэўны тэрмін у залежнасці ад неабходнасці. Пасля доўгіх спрэчак, дзе кожны стараўся паказаць сваю незацікаўленасць, яны прыйшлі да вываду, што для мяне будзе лепш, калі я застануся з мужам. Так што выехаць павінен быў Бенар.