Выбрать главу

На паляне за домам будынкі старадаўняй фермы былі перароблены ў стайні. Гастон любаваўся сытымі коньмі, новенькай збруяй, увішнымі канюхамі.

– Коні для мяне найбольшая асалода, – радасна гаварыла мадам Бернан. – Тата мой служыў у кірасірах і сваіх дзяцей ад самай калыскі саджаў у сядло.

I, пагладзіўшы бліскучы конскі азадак, яна ўздыхнула:

– Напэўна, будуць вялікія затраты трымаць такую кавалерыю… Але Адольф падумаў аб гэтым: у завяшчанні прадугледжана заснаванне ў парку Шардэйль спецыяльнага гадавальніка для паляпшэння конскай пароды. Гэта, вядома, не ўваходзіць у маю спадчыну, праўда, Адольф?.. На гэта пакідаецца пэўны фонд, так што, разумееце, мне не прыйдзецца плаціць падаткаў.

Сад яшчэ не быў закончаны, але ўжо можна было ўгадаць яго эфектную планіроўку. У мясцінах, якія архітэктар хацеў асабліва падкрэсліць, стаялі прыгожыя статуі. Пасярод доўгага чатырохкутнага басейна на штучным бетонным востраве рабочыя ўмацоўвалі адмысловыя калоны. Доўгая каштанавая алея прывяла гасцей да цэлага ансамбля домікаў, пабудаваных у стылі перыгорскіх ферм, крытых старою чарапіцай.

– Нешта я такой вёскі не ведаю, – заўважыла Валянціна.

– Гэта не вёска, – растлумачыла смеючыся мадам Бернан, – гэта камунальная маёмасць. Адольфу прыйшла ў галаву цудоўная ідэя размясціць домікі групай, але каб кожны стаяў паасобку… I вы пабачыце, наколькі гэта прадбачліва з майго пункту гледжання, для будучыні: у нас ёсць некалькі сем’яў верных нам слуг, якіх я пакіну пры сабе, нават калі застануся адна… I Адольф разумна вырашыў выдзеліць кожнаму з іх дом, той, што яны займаюць, абумовіўшы, што права на ўладанне домам будзе адразу ж скасавана, як толькі хто з іх пакіне службу… Такім чынам, слугі не толькі прывязаны да мяне, але і аплачаны часткова, прычым ні аднаго су маіх затрат… Для мяне гэта найлепшая гарантыя… I, натуральна, гэта ўсё таксама не ўваходзіць у маю спадчыну… Мужавы дзеці не змогуць апратэставаць.

– Вы так думаеце, мадам? Упэўнены, што гэта законна? – запытаў Гастон Рамійі.

– Ах, месье! Вы не ведаеце Адольфа… Ён цэлымі гадзінамі разам са сваім юрыстам выпрацоўваў належную рэдакцыю тэкста. Вы не ўяўляеце, колькі ў ім увагі, дарма што выглядае крыху мядзведзем!.. Праўда, Адольф?

Яна падсунула сваю руку пад паху старому, і той нешта пяшчотна замармытаў. Прагулка зацягнулася, бо гасцям не дазволілі абмінуць ні ўзорнай малочнай фермы, ні куратнікаў, дзе дружна кудахкалі сотні пародзістых белых курэй. Калі Рамійі, развітаўшыся з гаспадарамі, нарэшце апынуліся ў сваёй машыне, Валянціна загаварыла першая:

– Ну як?.. Што ты скажаш пра гэтых людзей?

– Берцан мне падабаецца, – прамовіў Гастон. – Хамаваты, самаздаволены вельмі, але, мне здаецца, па натуры дабрачок. Яна крыху наравістая.

– Крыху наравістая?.. Хапуга яна, вось хто, – абурылася Валянціна. – Завяшчанне тут… Завяшчанне там… «Калі я застануся адна… Памрэ, спадзяюся, не скора». Гаварыць у прысутнасці гэтага небаракі пра тое, што будзе пасля яго смерці! Гэта жахліва! Гэта жудасна! I як ён цярпеў? Я не ведала, што ёй сказаць.

Яны даволі доўга маўчалі, праязджаючы паўз лужкі і паляны ў даліну, абсаджаную таполямі. Змяркалася. Навокал распаўзаўся туман. Гастон, які вёў машыну, сачыў, каб па дарозе не наехаць на дзяцей, што вярталіся са школы. Нарэшце ён сказаў:

– Як бы там ні было… але ўжытыя ім меры засцярогі, каб яго жонка пасля яго смерці была зусім спакойная, па-мойму, справа разумная… Слухаючы яе, я думаў пра нас з табою. Лічу памылкай, што дагэтуль не склаў завяшчання. Трэба будзе адразу ж гэтым заняцца.

– Што ты гаворыш, дарагі!.. Не палохай мяне!.. Першая памру я.

– Чаму так? Адкуль ты ўзяла?.. Ты маладзейшая. I хвароб у цябе ніякіх. Тады, як я…

– Маўчы! Не выдумляй сабе хвароб! Выгляд у цябе цудоўны, і ведай, дарагі… калі ты памрэш, я цябе не перажыву… Што маё жыццё без цябе? Я налажу на сябе рукі.

– Ты што, ашалела, Валянціна? Як ты можаш гаварыць такое? Ад жалобы не паміраюць, як бы ні было цяжка, ты ж гэта ведаеш. I потым… хіба ў цябе я адзін на свеце… Ёсць Калета, яе муж… Унукі ёсць у цябе.

– Калета жыццё сваё ўладзіла… Мы ёй не патрэбны.

– Ну так… Вось таму я і павінен зрабіць некаторыя захады ў тваю карысць.

Машына ўрэзалася ў паласу туману, і яны абое змоўклі. Нарэшце Валянціна абазвалася сцішаным голасам:

– Яно вядома, калі няшчасце дазволіць мне перажыць цябе на некалькі месяцаў, я б адчувала сябе спакайней, маючы… о! не завяшчанне, не… Я гэта лічу нядобрай прыкметай… Не… а так… звычайную паперу, проста пацвярджэнне, што Прэйсак і яго землі застаюцца ў маім уладанні да смерці. Наш зяць чалавек далікатны, але ён зроду Савіньякаў… Ад бацькі ён нешта мае… і любіць гаспадарку… I ў яго можа з’явіцца жаданне акругліць свой маёнтак за мой кошт, а мяне адправіць дажываць свой век у які-небудзь флігель. Гэта было б вельмі балюча…