- Падумаць толькi, якая падкалодная гадзiна! - казала яна з гневам. Выцiснуць з чалавека апошнiя сокi, а тады, як тую непатрэбную анучу, выкiнуць. Гэтага трэба было ад яе чакаць. Яна ж, як жылi яшчэ з бацькам, пацiху ад усiх крала з кубла сала i прадавала, каб купiць сабе ўборы ды да хлопцаў збегаць...
Каця пакруцiлася яшчэ трохi ў нашай хаце i некуды пабегла - няйнакш панесла гэтую навiну ў другiя хаты: яна рада была выпадку збэсцiць сястру, бо тая ж надта зазналася.
Было ўсё гэта ў абед. Мацi толькi што прыйшла з фермы - даглядала ў калгасе свiней. Не скiдаючы ватоўкi, яна пасядзела на лаве, моўчкi выслухала Кацю, а калi тая выйшла з хаты, устала, нявесела абвяла вачыма нас з Саўкам i сказала зусiм спакойна да мяне:
- Я ведала, што гэтак будзе... Адзявайся, сынку, паедзем прывязём яго да сябе. Усё ж ён нам свой...
Пачуўшы матчыны словы, Саўка быў устаў з-за стала - ён рабiў урокi, хацеў нешта сказаць, але падумаў, махнуў рукою, сеў зноў на сваё месца i, узвалiўшыся ўсiмi грудзьмi на стол, пачаў нешта хутка-хутка пiсаць - аж зарыпела лава.
Я борзда злазiў на пясошнiк, дастаў саматужкi, i мы паехалi.
Тоця жыла поблiзу колiшняга нашага селiшча, i ехаць трэба было ледзь не праз усю вёску. Памятаю, што, хоць i стаяў яшчэ люты, той дзень выдаўся на дзiва цёплы, адлiжны, дзе-нiдзе нават капала са стрэх. У дварах зусiм па-вясноваму зычна i весела кукарэкалi пеўнi, склiкаючы да сябе курэй, а на вулiцы гулялi ў снежкi дзецi. Ля калодзежаў стаялi, падаткнуўшы пад фартухi рукi, купкамi бабы - абгаворвалi вясковыя навiны. Не-не дый, калi мы пад'язджалi блiжэй, паварочвала каторая твар да мацi i пыталася са шкадаваннем:
- Няўжо едзеш па яго? - i, бачачы, што гэта так, ушчувала мацi. - Ды я б на тваiм месцы, Насця, плюнула яму ў вочы. Хай бы падыхаў, як сабака, пад плотам. Ногi - гэта не галава, не шлунне. Ты ведаеш, колькi ён яшчэ праскрыпiць? Можа год, а можа i два. I табе мучыцца? За што?
- Хай яму будзе сорамна i... Тоцi, - нясмела баранiлася мацi. - Усё ж ён нам свой. Каб жыў мой Iван... - Мацi не дагаворвала, голас яе зрываўся, яна часта-часта пачынала клепаць вейкамi i - подбегам даганяла мяне.
Дзед не ўпарцiўся, не ўпiраўся, калi мы яго забiралi. Толькi здзiўлена, нiбы спалоханы, лыпаў вялiкiмi белазорымi вачыма, - iменна белазорымi, а не шэрымi, як здавалася мне некалi ў маленстве, - то на мяне, то на мацi.
Мо з тыдзень маўчаў ён, не кажучы нi слова, i ў нас дома. Ляжаў, застыла ўставiўшыся вачыма ў столь, i нешта думаў. Што?.. Ах, каб гэта можна было ведаць... Ды чужая душа - пацёмкi. Бывала, падыдзеш да яго, а ён нават не зварухнецца - ляжыць, сцяўшы губы, мярцвяк мерцвяком, аж не па сабе зробiцца, млосць па целе пойдзе, мурашкi халодныя скрабануць... Падумаеш мiжвольна: хiба памёр?
Але аднойчы, увечары, калi на комiнку гарэла лучына i мацi, нагнуўшыся над грэбнем, дзёрла лён, ён павярнуўся да яе тварам, доўга глядзеў, як хутка i спрытна аддзяляе яна кужаль ад патрэпак, i цiха, нiбы сам сабе, прамовiў:
- Век не думаў, што давядзецца памiраць на тваёй пасцелi. Каб ведаў, нi за што б не рабiў так...
Мацi нiбы i не пачула дзедавых слоў - сагнуўшыся, яна дзёрла i дзёрла лён. Толькi калi абцягнула пасму, стомлена выпрасталася, паглядзела некуды ў куток i, цяжка ўздыхнуўшы, сказала:
- Ат, што ўспамiнаць тое, што было. Усё адно не вернеш... - i, памаўчаўшы, дадала: - Дзеля Iвана, толькi дзеля Iвана цярплю я ўсё гэта, прасiў жа, як iшоў на фронт: "Глядзi бацьку, не дай памерцi на чужых людзях, калi што..."
- Не трэба, Насця, - папрасiў, упершыню назваўшы маю мацi па iмю, дзед. Я сам ведаю, што быў несправядлiвы да цябе, вельмi нават несправядлiвы... Не любiў я цябе i не мог дараваць сыну свайму, што ён, не спытаўшыся ў мяне, узяў цябе, круглую сiрату, у наш дом.
- А пры чым тут я, пры чым мае дзецi, якiх ты ненавiдзеў яшчэ болей, чым мяне? - ужо са злосцю сказала мацi.
- Сам не ведаю. З таго дня, як запiсаўся ў калгас, я зненавiдзеў усё, нават самога сябе. Падумаю - колькi здароўя я згубiў, колькi сiл паклаў, каб узбiцца на гаспадарку... А што з таго?.. Усё кату пад хвост, як i не было... Як падумаю, сэрца так i зашчымiць, крывёю абальецца: у такую хвiлiну гатоў любога, самага блiзкага чалавека, зубамi рваць...
Уткнуўся тварам у падушку i гучна, наўзрыд заплакаў... Я, каб не чуць гэтай размовы далей, апрануўся i выйшаў на двор. Стаяла шарая зiмовая ноч, падаў, падоўгу кружачыся ў паветры, дробны, лёгкi, як гусiны пух, сняжок, i на небе не вiдаць было нiдзе нi зорачкi. Прыхiнуўшыся плечуком да сцяны, я стаяў ля самага ганка сянец i думаў. Памятаю, у тую хвiлiну я прыгадаў бацьку роднага, блiзкага мне чалавека, якога нават не ведаю, дзе пахавалi, дзе яго магiла... А прасiў жа некалi мацi, каб паставiла, як памрэ, з тых восей, што хаваў ад калгаса дзед, на яго магiле крыж - "жалезны, каб надаўга вiдно было, што пад iм ляжыць чалавек"... Прыгадаў, як некалi мы хадзiлi з Саўкам да дзеда, насiлi яму за поплаў на калгасны гарод есцi i як ён даў нам па палавiнцы гурка; прыгадаў, як крычаў ён на мацi ў акупацыю, калi тая прасiла волiка прывезцi з лесу дровы... Прыгадаў усё сваё бязрадаснае, зглумленае, згвалтаванае вайною дзяцiнства... I на душы ў мяне стала горка, горка...
Больш я не помню, каб хоць калi гаварылi пра што мацi з дзедам - часцей маўчалi.
У той вечар, перад тым як класцiся спаць, дзеду зрабiлася холадна, i ён папрасiў, каб перанеслi яго на печ. Мацi паставiла на прыпек кружку з вадою мерылася ўжо залiваць на комiнку лучыну - i, узяўшы дзеда пад пахi, памагла яму дабрацца да печы. Ён лёг жыватом на чарэн, аднак не сагрэўся, - усiм нам было чутна, як ад холаду стукаюць яго зубы.
- Можа доктара паклiкаць? - нясмела спыталася мацi, пазiраючы то на мяне, то на Саўку - у вачах у яе былi разгубленасць i спалох.
- Не трэба, Настачка, гэта я, мусiць, прамёрз, лежачы на пасцелi... пачуўшы матчыны словы, адгукнуўся з печы дзед. - Вось зараз адагрэюся, i ўсё будзе добра... Дзякуй табе i так за ўсё...
Мацi ўзяла з прыпека кружку i пачала залiваць лучыну. Але лучына нешта доўга не патухала - сiпела i праз хвiлiну зноў успыхвала чырвоным агнём - бы ўсё роўна ведала, што яе зноў трэба будзе неўзабаве палiць. Мацi давялося схадзiць да вядра i набраць яшчэ кружку вады. Толькi тады лучына мiргнула i згасла. Усю хату запаланiла цемра. Мы раздзелiся i ляглi спаць. Але ледзьве замгнулi вочы, адразу ж прачнулiся - з печы на нас адна за адной пачала падаць лучына. Мы здагадалiся, што кiдае яе дзед.
Падхапiлiся i ў момант апынулiся на печы.
- Дзеду! Дзеду! - закрычаў Саўка. - Што вы робiце?
- Ратуйце мяне, унучкi! - з жахам у голасе прахрыпеў дзед. - Яны iдуць па мяне ўжо... Адтуль, - паказаў рукою на дзверы дзед.
- Хто яны? - спыталася мацi - яна таксама ўстала i палезла за намi на печ.
Дзед нiчога не адказаў, а яшчэ шпарчэй, з большай лютасцю i злосцю пачаў шпурляць на хату лучыну.
Мацi запалiла зноў святло - на мокрым комiнку лучына доўга не хацела гарэць, - i нам да жудасцi страшна было сядзець у цемнаце адным i трымаць за рукi дзеда, каб ён не хапаў лучыны i не кiдаў яе на хату. Дзед увесь калацiўся i ўсё рваўся некага бiць, каго бачыў ён i каго не бачылi мы. Потым мы ўтраiх сяк-так ссадзiлi яго з печы, заўважыўшы самi сабе, як раптоўна ён пацяжэў, не ўтрымаць проста - зямля зямлёю. Скiнулi з яго кашулю, бо яна была мокрая ад поту, хоць выкручвай, i надзелi новую, чыстую i свежую, палажылi дзеда ў пасцель. Ён яшчэ варочаўся, махаў перад сабою рукамi, як бы нешта адганяў ад сябе, нешта мармытаў бязгучна аднымi толькi губамi сабе пад нос, мяняючы твар - ад сярдзiтага, злога да добрага, лагоднага, - потым патроху сцiшыўся, супакоiўся i заснуў. Заснуў, каб болей нiколi ўжо не прачнуцца...
Хавалi дзеда назаўтра. I калi на краю могiлак ля невысокага дубовага крыжа вырас жоўты гарбячок жвiру i мы пасталi вакол яго, каб апошнi раз пакланiцца дзедаваму праху, - памятаю, мне здалося, што стаiм мы не ля магiлы, а недзе далёка-далёка ў лесе ля агню, якi толькi што гарэў, гарэў доўга, нiкога не грэючы, i проста на нашых вачах вось-вось патух, яшчэ нават чырванеюць дзе-нiдзе ў попеле iскры... Чаму я падумаў тады пра гэта? Ды, мусiць, таму, што неяк чуў: некалi, у сiвую старасветчыну, нябожчыкаў не закопвалi ў зямлю, а палiлi. Накладалi вялiзную кучу дроў, усцягвалi на яе труну i падпальвалi... Палiлi, каб пасля чалавека нiчога не аставалася. Не, нешта ўсё ж аставалася. Калi не на зямлi, дык у людскiх сэрцах, бо нельга так жыць, каб не пакiнуць аб сабе нiякай памяцi. Добрай цi дрэннай - усё роўна. Не, мусiць, не ўсё роўна!..