Выбрать главу

У цемры лесу неспакойна варушыцца чалавек, i трывожна б’ецца яго сэрца.

Пра свой дом Вайцех не думаў. Згарэла i хата, i варывенька; паабгарэлі таполі і стаяць чорныя, пажоўклыя. Ён пранік хмызняком на загуменне, заглянуў да сябе ў хлеў, што застаўся цудам. Пахла гарам, дымам, печанай бульбай i прэласцю, якая ішла ад размяклай гліны на пажарышчы. У хляве на памосце валялася сена, сапрэлае, пацёртае. Вайцех капнуў нагой і ўбачыў тры мятровыя кійкі-стэкі. Ён падняў адзін з ix i тут жа з агідаю, адкінуў. Зрабілася мутарна: стэк быў запэцканы ў кроў…

«Не сабак жа яны імі паласавалі, ірады… Мала іх біў, мала…» — закусіў вусны Вайцех і падаўся з папялішча.

Надвячэрняя цішыня нязносным сумам агартала яго душу. Няхай бы лепш шумеў злосны вецер, няхай бы ляпалі ў хляве дзверы ад шалёных парываў і размятаўся па пажарышчы попел, рассейваўся, каб яго больш ніколі не бачыць… Няхай бы шумелі абгарэлай лістотай пакалечаныя таполі, і ў іх жалобным шуме хай бы чуўся адвечны праклён тым, хто сёння спапяліў i жыццё i душу чалавека… Лягчэй было б тады на сэрцы Вайцеху. А так… Ён па-мужчынску змахнуў пальцамі слязіну з вачэй i расхінуў аўтаматам хмызняк на ўзлессі…

…Трывожная ноч… Недзе далёка ў глыбіні лесу азваўся раптам груган… «Куррл…» Чаго гэта ён не ў сваю пару? Нашто спатрэбілася i яму трывожыць цішыню ночы i душу чалавека?

Аднекуль з лапак зляцела вялізная начніца; трывожна зацыгікаўшы, кінулася Вайцеху пад ногі i шалёна замахала крыламі.

Ельнік канчаўся. Пачыналася палянка, якая ўдалечыні адсвечвала белым пяском; там, мусіць, была дарога. Выходзіць на яе было рызыкоўна, і Вайцех трымаўся ўзлесся, дзе яго ў любы час мог прыхінуць ельнік. Нарэшце, кончыўся і хмызняк. Ён абрываўся раптоўна, за ім расплываўся ў рэдзенькім тумане лог, дзе і пачыналася Жоглаўка.

На сцежку з каменем Вайцех адразу не трапіў; прыйшлося яшчэ падацца крыху алешнікам пад рэчку, каб трапіць на яе. Але дарэмна Вайцех стараўся хутчэй праверыць камень: аўтаматнага ражка на ім не было.

Ён спыніўся.

«Значыць, разведчыкі яшчэ тут не прайшлі. А мо яны збочылі і ўжо мінаюць Дзвінасу? — Яго раптам моцна-моцна пацягнула назад… — Але ж дамаўляліся… Можа, іх яшчэ трэба пачакаць, каб потым рушыць разам? Смялей жа гуртам, ды і абмяняцца сім-тым трэба. А можа, з імі што здарылася? Маглі наткнуцца…»

Думку аб тым, што разведчыкі маглі загінуць, ён стараўся ўтапіць у глыбіні разважанняў, не даючы ёй выплываць наверх.

«Што рабіць?» — у каторы ўжо раз узнікала ў яго гэтае вечнае пытанне.

Вайцех прыслухаўся. Вёска маўчала, як у сне. Ясна. Там нікога няма, бо адвячоркам праз яе яшчэ хадзілі нямецкія машыны. Хто гэта будзе сядзець у ёй на згуб галавы. I тут Вайцех падумаў пра Андрэя. Ён жа сувязны.

Вайцех пакінуў на камені аўтаматны ражок, як і дамоўлена, і, прыслухоўваючыся, стаў пасоўвацца ўзмежкам да першых будынін, што чорнымі прывідамі выступалі з цемнаты. Ля плоту ён зачапіўся крылом пінжака за канец віткі. Яна затрашчала так моцна, што Вайцеху здалося: недзе чуваць аж у другім канцы вёскі. Ён упаў, чакаючы кулямётнай чаргі. Але ніхто не парушыў спакою ночы. Вайцех прыўзняўся. Ціха ў вёсцы, што ў глухую восень у лесе, ён пералез праз плот і пайшоў па загароддзю. Раптам прыпыніўся, праціраючы вочы: уперадзе бліснуў агеньчык, бліснуў цьмяна, не разабраць — папяроса гэта ці промень ад ліхтара. Вайцех агледзеўся — ён быў на гародзе Якубчыкаў. Вось іх высокі паркан, вунь цямнеецца садок. Зноў бліснуў агеньчык, алё гэты раз ужо не згас. Вайцех пракраўся між паркану i хлява на двор. Агеньчык гарэў недзе ў хаце, i святло ад яго ледзь-ледзь пранікала на двор праз завешанае нечым тоўстым акно.

«Значыць, у хаце людзі…» — Вайцех паклаў палец на курок аўтамата.

Доўга прыйшлося шукаць клямкі. Нарэшце, зарыпелі набраклыя дзверы, і хтосьці, заварушыўшыся, усхапіўся з ложка і сеў. Яго цяжка было разгледзець у цьмяным святле газоўкі, што паблісквала ў глыбіні хаты. Ці здалося Вайцеху, ці той застагнаў:

— Хто тут?.. — залішняя хрыпата ў голасе выдала Андрэя.

— Свае… Вайцех… — Вайцех здзівіўся, як гэта яго не мог пазнаць з-за парогу Андрэй.