Выбрать главу

— Ы-ы-х… — цяпер ужо моцна застагнаў на ложку Андрэй i, адваліўшыся да сцяны, ухапіўся за галаву.

Вайцех кінуўся да яго. Той плакаў, заплюшчыўшы вочы і ашчэрыўшы сціснутыя зубы. Плакаў без слёз, наўзрыд…

Вайцех схапіў яго за плечы і стаў трэсці, затым кінуўся ў парог, шукаючы вядро з вадою. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў хаце амаль нічога не было: ні ў першым, ні ў другім пакоі, дзе гарэў агонь. Ні стала, ні лаў, ні пасуды. У запечку было поўна саломы, якую, відаць, вытраслі з сенніка. Усё было перавернута ўверх дном. Развёўшы рукамі, Вайцех вярнуўся да ложка, не ведаючы, чым вярнуць да прытомнасці Андрэя. Але той ужо сядзеў, звесіўшы долу доўгія ногі. Сядзеў, неяк занадта выпрастаўшыся, і адкідваў назад галаву. Барада яго трэслася, і, здавалася, што яго ўсяго схапіў стаўбняк. Вось Андрэй перавёў чырвоныя вочы з Вайцехавага твару некуды ў глыб хаты, і зноў яго затрасло, курчачы ў сутарзе рукі.

— Што з табою, Андруша?

Андрэй раптам саскочыў з ложка і, не ўстаяўшы, усім сваім цяжкім целам прыпаў да Вайцеха. Вайцех адчуў, як яму ўпёрся ў жывот дыск аўтамата. Ён пахіснуўся, спалохаўся хворага чалавека. Твар таго гарэў, як у агні.

— Я жывы застаўся. Са мной нічога… Але з ёю… — ён зноў зарыдаў, і Вайцеху прыйшлося выцягваць з яго амаль кожнае слова. — Не ўратаваў яе, не ўбярог… Гора мне… гора… Рэж мяне, бі… Мне будзе лягчэй… Не маўчы толькі…

— Дзе? Што?.. — Вайцех замітусіўся па хаце, вызваліўшыся ад Андрэя. А той, стогнучы, кінуўся да сцяны, дзе раней заўсёды стаяў куфар, і ўпаў на нешта цвёрдае, загорнутае ў пасцілку.

«Няйначай кантузія сказваецца на чалавеку…» — Вайцех яшчэ як след не мог разабрацца, што зрываецца ў Андрэя з языка, але адчуў, як яго самога страсянула, нешта застукала ў скронях. Ён падняў Андрэя i сам, нагнуўшыся, адхінуў рог пасцілкі… Цьмянае святло газоўкі асвяціла белы твар Юлькі. Знаёмы, дарагі твар… Вайцеха хістанула, выпрастаўшыся, ён прыпёрся да сцяны. Яму здалося, што ён моцна закрычаў, але сам гэтага не пачуў. Нешта гарачае здавіла горла i пачало душыць… Хату завалакло туманам, святло газоўкі здавалася вялізным полымем, што шугала недзе далёка-далёка ў цемені. Забалела галава востра-востра, прыступамі… Нехта недзе гаварыў Андрэевым голасам у гэтым змроку i дыме, дзе цяжка было дыхаць…

— Мінаю… мінаю падарвалася… — нібы вострыя дзіды калолі словы Вайцеху ў сэрца. — Я пераступіў… А ёй собіла наткнуцца… — пасля нехта заплакаў голасна, дзіка; затым маўчаў, а тады зноў выводзіў спакойна, надрыўна: — А я яе нёс… А я прытуляў… — гэта ўжо было не гора i не слёзы чалавека, а бог ведае што…

Сэрца ў Вайцеха закамянела. Ён адчуў, як халадзее ўвесь, астываючы, нібы пасля агню, з якога яго выратавалі.

Ён апусціўся на калені і, пагладзіўшы далонямі Юльчыны рассыпаныя мокрыя валасы, падняў на руках ад зямлі яе галаву і прыпаў да халодных вуснаў. Затым стаў цалаваць у цвёрды астылы лоб і пабялелыя шчокі… Пачаў раскрываць яе ўсю, адхінаючы пасцілку і не бачачы свету. Глянуў туды, дзе павінны былі быць яе ногі, ён убачыў толькі ўмазаную ў нешта чорнае падлогу.

«Запяклася кроў… — недзе мільгануў абрывак думкі. — Можа б, і жыла, каб адразу перавязалі. Жыла б, напэўна жыла б…» — тут ужо ён не мог быць уладаром над сваімі слязьмі. Яны цяклі па шчоках, па барадзе, капалі на рукі. Калі падняўся, яму здалося, што зямля правальваецца пад ім.

Няпраўда, што слёзы аблягчаюць гора… Яны цяклі і раз’ядалі душу Вайцеха.

Адна думка толькі цяпер, можа, i аблягчала гора Вайцеха; не, яна проста прымушала нешта рабіць, прымушала варушыцца, i гэта хоць крышку магло адцягнуць яго ад балючай сапраўднасці: памёршага заўсёды хаваюць…

Ды i як жа пакінуць яе тут… Пакінуць на аднаго кантужанага брата, за якім таксама патрэбен догляд. Не. Вайцех гэтага не зробіць. Ён правядзе яе ў апошні шлях сам, сам закрые яе вочы. Ён не пакіне, не аддасць яе нікому на свеце… Яна — яго, яго назаўсёды… Ён пахавае яе на могілках, пахавае сёння ноччу i затым будзе прабірацца да сваіх…

Вайцех знімае аўтамат, кладзе яго на ўслончыку ля печы i пачынае хадзіць па хаце:

«За што зачапіць рукі?..»

Андрэй панура сядзіць на ложку, не паварухнецца. Ён здранцвеў.

— Дзе вам собіла?.. — словы Вайцеха прымусілі таго ўздрыгануць.

— На дарозе.

— А дзе Аля?

— У лесе, з бабамі… Яна не ведае…

— I не гавары ёй… Сякеру і пілу знайдзі. I цвікоў.

Праходзіць час, і цьмяна асветленую хату напаўняе глухі звон пілы аб смаляныя ўсохлыя дошкі, што да гэтага дня былі яшчэ столлю…

Пакладзеныя ў дамавіну пасцілкі былі паверх накрыты белым абрусам, які прынёс Андрэй недзе з хлява. Дамавіну паставілі на ўслоне пасярод хаты.