Выбрать главу

— Што? Хочаш i з гары зваліцца i азадка не разбіць?..

— Ага! Цяпер ты азадкам да мяне! Вось чым плаціш… У турму загнаць збіраешся… Не загіну! Вярнуся адтуль i адпомшчу. Будзе час, швагерка… — у злосці ашчэрыўся Андрэй. Яго маршчыністы твар неяк перакасіўся, шырокі нос расцягнуўся і зрабіўся яшчэ шырэйшы. Рудаватыя вочы не бегалі, а хутчэй круціліся. Даўно няголеная верхняя губа дрыжала. — Садзі… Але і твая жызня падточана… Цьфу! Парадніўся яшчэ з кім… З чалавекам, які ўсе гады пільнаваў, каб мяне ўтапіць, са свету сцерці…

— Брэшаш!.. — ускіпеў Вайцех і выпрастаўся ля акна. — Ты ў мяне адняў не гэта, а яшчэ помсціць збіраешся… Але што гаварыць… Для мяне яна… — Вайцех асекся. — …для мяне яна была даражэй, чым для цябе… — ён адчуў, як ненавідзіць гэтага чалавека. Яго шэрыя вочы ўпіліся ў Андрэя, прымусіўшы таго адступіцца да парога. — Сабака!.. Зладзюга!.. Ратунку шукаеш… Не будзе на Сяліцкіх плямы з-за цябе, гультая кавалак… Мне з табой не па дарозе!.. Выбірайся!..

Ляпнулі дзверы. Вайцех зноў прыпаў да акна, абапёршы галаву на шырокія, нязграбныя рукі, і бачыў, як узняліся з зямлі сварлівыя вераб’і і разляцеліся ў розныя бакі ад стуку варот. Трохгадовы суседаў хлопчык у белай бесказырцы скрыпеў старым дзіцячым веласіпедам па пясчаным двары.

Вайцех згледзеў, як паспяшалася з гароду яго дачка з поўным кошыкам бацвіння.

На нейкую хвіліну яго позірк затрымаўся на доўгай галіне ружы, якая вылезла між паркання з цеснага гародчыка на двор і, згінаючыся пад ветрам, даставала зялёным яшчэ лісцем аж да жоўтага пяску пад прызбай.

На душы стала балюча, сумна. Ён бачыў яшчэ, як параўняўшыся з плотам, што быў ад вуліцы, дачка падняла галаву, i як Андрэй, плюнуўшы i нешта сказаўшы ёй, ткнуў пальцам у акно, затым махнуў рукою і падаўся ад яе прэч.

«Ці не з ёй паспеў пагаварыць, i яна будзе прасіць? Цяжка ёй будзе адказаць… Розуму ў яе не адняць, але розум яшчэ дзіцячы…» — падняўся Вайцех насустрач дачцы.

Вецер гнаў лісце са смеццем ззаду за Андрэем, а яму здавалася, што за ім нехта ідзе.

Параўняўшыся з платамі, што выводзілі вуліцу з вёскі, ён размінуўся з Раманам Сідаркам. Той у белай рубашцы мчаўся сцежачкай на веласіпедзе i нават не павярнуў да Андрэя галавы.

«Да Алі… да Вайцехавай папёрся… Заляцаецца, брыдота… I ён пасведчыць на мяне…»

…I мо толькі гэты раз Якубчык не мог ведаць, што ён мае рабіць…