Бывала, што пасля вайны сёй-той і ў такую пару зразаў каласы, але Вайцех ведаў, хто гэта, не даваў яму заходзіць далёка і дароўваў: многія ў вайну пагарэлі датла і ледзь перабіваліся з хлеба на квас.
Вайцех не забыўся, як аднойчы зграшыў і ён, залюбаваўшыся такой ноччу. Хутчэй не залюбаваўшыся, а цалкам паклаўшыся на сваю філасофію.
Было гэта летась… Ноч выдалася тады яснай. Так, прыкладна, пад раніцу да яго падступіўся сон. Каб, сказаць, сталі зліпацца павекі, дык не… Ні пазяхоты, ні салодкай стомы ў нагах… Неяк проста яго вырвала з гэтай месячнай ночы i перанесла на бераг рэчкі пад капу мурагу.
…Здаецца, стаіць нясцерпная парнасць, размякла цела. Чаму ж не паспаць, калі да вечара яшчэ далёка, а сена амаль згрэбена…
Вочы ён расплюшчыў не ад святла. Прывыклае да цішыні вуха ўлавіла частае тупанне мноства ног. Ён ляжаў на зямлі, i яму здавалася, што на яго рухаецца цэлае войска. Усхапіўшыся, ён сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэндлікі пшаніцы як толькі маглі. Тут былі і шматгадовыя гарбатыя дзікі, якія паволі сноўдаліся па загонах, і паласаценькія парсючкі нядаўняга апаросу, ад сілы пералеткі, якія жвава снавалі каля старэйшых, адбягаючыся так далёка ад іх, што, здавалася, яны вось-вось наступяць на ногі або зусім здратуюць самога Вайцеха…
Рукі яго самі схапілі двухстволку, што была заціснута між ног. Ён спачатку здзівіўся, як гэта дзіч не чуе яго, але ўлавіў, што ранішні свежы вецер цягнуў ад статка і зносіў пах чалавека. Паволі да Вайцеха стала вяртацца прытомнасць, і стрэльба руляй павярнулася ў бок галоднай прыблуды, ён нават на хвіліну супакоіўся, дзівячыся з гэтай мірнай папаскі, як раптам, незалежна ад яго самога, нейкі інстынкт, відаць, страх за жыццё, тузануў за руку, i пальцы спусцілі куркі. У момант i старых і маладых дзікоў змяло з поля. Стала ціха, толькі доўга яшчэ ў напрамку да пушчы шумеў лес i стагнала зямля пад нагамі ў перапалоханай жывёлы.
Калі ж Вайцех ачомаўся, на памяць яму ўсплыў адзін малюнак. Тады, перад стрэлам, на некалькі крокаў бліжэй да яго, чым да статка, тупаў амаль бычынымі нагамі вышэйшы за мэндлік (гэта добра ўрэзалася Вайцеху) вялізны дзік, cапраўдны вепр. Пра такога ён чуў некалі ў дзяцінстве ад свайго дзеда. Дзік стаяў і паволі паводзіў галавою, цяжка сапучы. Відаць было нават, як пара струменіць з ягоных ноздраў. Ён прыслухоўваўся да кожнага шолаху i подыху ветру. О-о-о!.. Гэта быў надзейны вартавы i самы небяспечны вораг…
Вайцех памятае яшчэ, як хацеў перад гэтым злажыцца i стукнуць у статак. Вялікі, хоць у якога ды трапіш… Але, павярнуўшы галаву ўбок (ён заўсёды перад тым, як стрэліць, аглядваўся па баках), убачыў перад сабой гэтае сапраўднае ліха, якое нажыў на сваю галаву, заснуўшы. Дзік напружыўся, разявіў ікласты рот і гатоў быў вось-вось рынуцца ўперад, на яго, Вайцеха. Ён, напэўна, чуў ляск жалеза. Вось тут Вайцех і не памятае, як націснуў на куркі, захавалася ў галаве толькі тое, як рукі маланкава павярнулі стрэльбу ў бок ікластага вепра…
Пасля гэтага ён не мог ужо ніяк звесці вочы ноччу: зарокся.
Але ўчарашні дзень нечым новым парушыў спакой Вайцеха. Гэта было не тое адчуванне, якое падказвала напад дзікоў: у снапы наведаўся двуногі звяруга… На Вайцеха найшло нейкае ўтрапенне, збіла яго з думак, абурыла, усхвалявала. Ён не спаў суткі, хадзіў узлессем, паднімаў і нюхаў атаву, збіраў растрэсеныя каласы, выследжваў зблытаны калёсны тор, змучыўся, а ўсё-ткі разгадаў, што след павёў не на луг, за рэчку, а ў суседні калгас. Адразу адзін-на-адзін расказаў свае меркаваннi старшыні, але ад гэтага не паспакайнела.
«Хто дзе бачыў, каб воўк, унадзіўшыся ў гусей, лёгка пакінуў іх? Раз такі чалавек пакаштаваў збажыны, ён захоча і пад’есці, а то і напхаць сваё волле. Значыць, злодзей прыйдзе, трэба каравуліць…»
Хіба будзеш спакойны ад такіх думак?
У гэтую ноч, ціхую i месячную, ніхто не прыйшоў.
Вайцех ведаў, што чалавек прапускаў суткі — другія, каб адвесці вочы.
«Прыслухоўваецца недзе, ці агледзелі… Але ў нас ніхто не расплявузгае: ведае, апроч мяне, толькі старшыня. Ды ён сам сказаў маўчаць і навастрыць вушы».
Яшчэ адзін дзень пагаснуў барвовым сонцам у густым далёкім тумане.
Вайцех прызвычаіўся да туманных начэй на Жукаўшчыне: яны былі цяплейшыя, чым ясныя ды ветраныя, і апрануў толькі паддзёўку, пакінуўшы ў сенцах на скрыні суконную бурку — спадарожніцу халодных начлегаў.
Нейкі інстынкт падказваў, што сёння будзе «госць», і хутчэй чалавек, чым звер. Дзіўна, але Вайцех так адчуваў… А розніца паміж зверам і чалавекам, які прыпляцецца на поле, — усё ж вялікая. I Вайцех намацаў у кішэні кардонавыя патроны, якія былі набіты соллю. Бліскучыя бронзавыя гільзы, поўныя цяжкага шроту і гранкуляк, ён пералічыў і пазапіхаў у патайную кішэню паддзёўкі — далей ад спакусы…