Выбрать главу

Вайцех паверыў, што перад ім спрактыкаваны злодзей з вывадкам, а не звычайны вясковы абібок. На душы чамусьці адразу стала крыўдна… Мусіць, за малое. Затым падскочыла шалёная злосць.

— Стой! Hi з месца, прокляць!..

Канец стрэльбы амаль даставаў да плячэй мужчыны. Абодва, як сядзелі, так і прыгнуліся да зямлі. Затым мужчына, не азіраючыся, у адно імгненне ўхапіў мех i, як воўк, скакануў з месца. Твару яго Вайцех не згледзеў.

— Та-а-а-та!.. — дзіка і пісклява разанула вуха і разнеслася ў магільнай цішы ночы.

«Тата» не адазваўся. Ён, мусіць, добра ведаў сынка. Сапраўды, той, як дзікая каза, выслізнуў амаль з-пад ног у Вайцеха і быў ужо наперадзе бацькі.

— Стой! Застрэлю! Стой!.. — загрымеў Вайцехаў прарэзлівы голас: стрэльба дрыжала i падскоквала.

— Стой!.. Поскудзі… Улажу!.. — з усіх ног рвануўся Вайцех. Але прышэльцы былі маладзейшыя, ды яшчэ спалох прыдаваў ім воўчыя ногі i спрыт.

Вайцеху спачатку здавалася, што ён дагоніць іх вось-вось… Але ўперадзе лес, i гэтыя двое ваўчаногія сваімі хапатлівымі рукамі хутка расхінуць кусты і знікнуць…

Вайцех прыпыніўся. Ствол стрэльбы пачаў хадзіць ад аднаго сілуэта да другога, спыняючыся то на большым, то на меншым. Нейкае пачуццё — чорт бы яго ўзяў! — сплюнуў Вайцех, — не давала сагнуць палец, што ляжаў на курку… Мусіць каб лес загарадзіў дарогу зладзеям, Вайцех ніколі б не рашыўся стрэліць.

Аднак, хутка яны, міраеды, што не даюць жыцця яму i калгасу, знікнуць з вачэй, застануцца жыць, адседзяцца і зноў прыйдуць.

— Стой!.. Стой!.. Спыніся!..

Хлапчанё дабегла да кустоў і расплылося ў цемені, знікла. Дзесьці на канцы ствала ён улавіў чорную, сагнутую мужчынскую постаць. Аж два пальцы націснулі на куркі. Чырвоны язык полымя лізнуў цемень… Гулкі, перакацісты стрэл разлёгся па Жукаўшчыне.

Працяглае рэха пакацілася па лесе і доўга, са стогнам, адклікалася то з-пад луга, то з-пад вёскі. Карацей і драбней адказалі імшары з бярэзнікам.

Яшчэ гусцейшая цемра схавала ўсё ад вачэй.

Толькі там, дзе зніклі прышэльцы, шумеў лес і трашчала сучча. Затым стала ціха: відаць, тыя прыселі аддыхацца або выйшлі на дарогу.

Ад стрэлу звінела ўвушшу.

«Соль… чорт задзяры… — успомніў Вайцех і, пашкадаваўшы, сплюнуў пад ногі. — Не гэта трэба на такіх…»

Раззлаваны, ён шпарка пайшоў назад. На месцы «малацьбы» прыпыніўся, пастаяў, падумаў. Затым падняў з зямлі пасцілку і за рагі панёс яе да бліжэйшага мэндліка. Пастаяўшы яшчэ крыху ля снапоў, ён сеў на край разасланай на ржышчы пасцілкі і скруціў цыгарку. Запаліў сярнічку, прыкурыў. Асвечаны на момант васьмінітовы ўзор на пасцілцы сцебануў яму па вачах: такія васьмерыкі вайной ткала яго жонка. Ён спаліў яшчэ адну сярнічку, другую… Апусціўся на калені, разраўняў рагі пасцілкі.

— Я так і адчуваў, што гэта Андрэй… Дакаціўся, швагерка… I сынка яшчэ прывёў. Выгадаваў…

III

Андрэй сядзеў на дзяжы, ссутуліўшы свае шырачэзныя плечы і падтрымліваючы валасатымі рукамі ссунутыя з азадка штаны, ды бесперастанку вохкаў. Прыбегшы ноччу з Жукаўшчыны, ён адразу кінуўся ніцма на ложак, увесь час варушачыся і брыкаючы нагамі. Але дзе ты стрываеш ад колкага болю ніжэй паясніцы і ў клубах? I ён «мабілізаваў» жонку, якая, праклінаючы ўсё на свеце, усё ж такі злітавалася і адпусціла дзяжу для адмысловых лекаў. Не пабяжыш жа пазычаць ноччу пасудзіну да суседзяў, якім абавязкова трэба давесці, — што, для чаго і як… Хіба мог дазволіць гэта Андрэй, якому здавалася і цяпер, што за ім гнаўся вартаўнік аж да хаты ды зараз вось-вось адчыніць дзверы?.. Другая дзежка, што была ў хляве на вышках, рассохлася, а ў начоўках такую «працэдуру» вытрымаць было б няёмка: трэба, каб балючае месца не дакраналася да цвёрдага, бо тады боль соваў аж у мазгі.

А соль трэба было вымачыць, бо выкалупаць яе з-пад скуры ніяк не ўдавалася, хаця Вова, якому драпнула толькі па далоні, пачаў як было загадана, тыкаць шпількай у невялічкія ранкі, з якіх сачылася жаўтаватая вадзіца, але нічога не змог зрабіць: бацька падымаў крык. Жонку Андрэй у той час не падпускаў да сябе і блізка, хоць яна i памкнулася была «даць рады».

Хлопцу таксама зрабілі перавязку падолкам ад старой крамнай кашулі, i малы цяпер ляжаў на ложку і глядзеў, не міргаючы, у столь і слухаў вохканне бацькі.

— Вох… Ая-ёй… Ох… — з плюхканнем даносілася да Вовы.

«Лучыў жа, зараза, якраз… Ой, пячэ… Пярун бы яго!.. I хлопец ледзь уратаваўся…»

Яму прыпомнілася, як хлопец, дабегшы ўжо аж на загуменне, усё яшчэ крычаў: «Та-а-та!.. Пячэ… Та-та…» «Чаго ты равеш?! Усіх ваўкоў пазводзіш. Тут жа вёска. Пачуюць… Заразы ты кавалак…» — сціснуўшы зубы ад болю, затыкаў ён тады сыну рот рукой.