«Дарэмна я на яго вызвяраўся… Яму ж далонь зрашаціла. А мне… Мэнка страшэнная… А заўтра ж i нарад вывесяць».
Андрэю тады здалося, што са стрэльбай да іх падкраўся не Вайцех, а сам старшыня. Ён так і драпануў. У страха вочы вялікія…
«Калі з Леснікоў пасла няма, значыць, гэта быў Вайцех. I маўчыць ён толькі таму, што распазнаў пасцілку…»
У гэтым Андрэй не памыляўся.
«Па-мойму, Вайцех не стане плявузгаць. А мо ён яе i не апазнаў? Не, такі ўсё выкапае…»
— Вой… А-ай… — сціснуў ён зубы. — Калі яна вымакне, соль гэта? Каб таму Вайцеху праклятаму жыцця век не было.
Укручаны агеньчык цьмяна свяціў у другім пакоі аж да дня. Яго цяжка было заўважыць з вуліцы праз завешаныя вокны, таму раніцою на вёсцы было ціха, — як паведаміла жонка. Яна сёння спецыяльна пазней звычайнага пайшла чытаць нарад і даўжэй, чым у другія дні, затрымлівалася каля жанчын, якія, прагнаўшы ў поле скаціну, наперабой балабонілі пра вясковыя навіны.
Дзень прайшоў для Андрэя ў пакутах; ён праваляўся да вечара ў хляве на сене. Забалелі грудзі, цяжка было дыхаць, лежачы на жываце. Нават на бок не давала павярнуцца пухліна, якая ўзнікла за ноч на сцегняках.
«Нехта ж выдумаў, што можна соль з цела вымачыць… Мусіць, пакуль сама не растане i не выйдзе, нічога не паможа. Толькі сэрца не вытрывае датуль…»
Удзень яго ніхто не патрывожыў: відаць, і брыгадзіру было не да Андрэя, бо ён не прыйшоў даведацца, чаму той не выйшаў на работу. Хаця нічога страшнага: на вочы Андрэй яму не папаўся б, а ў хаце для чужога быў падрыхтаваны адказ — бацька ў доктара.
На ноч ён перайшоў у хату і ўкрыўся на ложку двума коўдрамі. Доўга соп, стагнаў і варочаўся. Заснуў толькі пад дзень.
Раніцой, прачнуўшыся і абмацаўшы рукамі балючае месца, ён зазначыў, што боль суцішыўся і пухліна пачала спадаць.
Адначасова з’явіўся і другі, можа, яшчэ горшы боль: трывожна зашчымела сэрца.
«А што, калі Вайцех здурнеў і перадаў пасцілку старшыні?.. Яе недзе пазналі… Як выкруціцца? А можа, яна і цяпер ляжыць там непрыкметна ля лесу ў разоры? Чаму я назаўтра не паслаў па яе хлопца? Але маглі і спецыяльна яе пакінуць, каб падкаравуліць і схапіць…» — Думкі паўзлі самыя трывожныя, але ясныя, як божы дзень, — кары гэты раз не мінуць. Адзін ратунак — надзея на швагра, калі той яшчэ не развязаў языка.
Трэба ляцець да яго як мага…
Вуліцай ісці ён баяўся і падыбаў на загуменне па сваім бульбоўніку, які быў яму па пахі. Адтуль ён падаўся ў лазу і выйшаў на лясную дарогу, што вяла праз Жукаўшчыну ў Леснікі, дзе жыў Вайцех.
За вострымі яловымі вершалінамі, здавалася, матлялася сонца, хаваючыся зрэдку за густыя сасновыя шапкі. Халадок, які стаяў у лесе, асвяжаў Андрэя, і ён забываўся пра боль, які напамінаў аб сабе, калі шморгаліся адна аб адну залубянелыя калошыны старых картовых штаноў.
Ішоў ён той самай дарогай, якой бег ноччу, i яму прыпомніліся ўсе ранейшыя падыходы да Жукаўшчыны…
«Відаць, каб не падвёў тады вечарам Сідарка, з ім бы, можа б, і лепш абмазгавалі… А што гэта піскляня, — падумаў ён пра сына, — магло зрабіць? Што яно яшчэ цяміць…»
Думкі вярнулі яго да той няшчаснай начы.
Шурка не вельмі іх паіла. Усю справу, мусіць, сапсаваў Сідарка, папрасіўшы аднойчы авансам да літроўкі яшчэ і дваццаць пяць рублёў. Тады яна адразу закапрызіла, закруціла носам і заявіла, што ў тую ноч прывезлі не снапы, а нейкае аб’еддзе, з якога яна ледзь нацярушыла паўмяшка.
Ды нічога. Усё можна паправіць. Няма на свеце такой справы, якую б не ўладзілі Якубчык з Шуркай. Назаўтра ж ён дамовіўся падкінуць ёй чысцейшага зярняці, за што тая паабяцала «хлёсткую выпіўку» і адразу падсунула паўнюткую шклянку горкай. Трымала Шурка і «сапраўднае зелле», якое стаўляла толькі ў крайніх выпадках, калі ёй здавалася, што справа вось-вось застыне і яе трэба зрушыць з месца. На Андрэя гэта дзейнічала больш, чым жончын чапяльнік, якім тая частавала яго, калі ён вяртаўся ад Шуркі «пад мухай».
Кажуць, абяцанага тры гады чакаюць. А Андрэй не мог вытрываць нават i трох дзён да паабяцанага Шуркай пачастунку.
Прыехаўшы з лугу, ён павінен быў па нараду касіць атаву ў канцы вёскі. Гэтымі днямі ён кідаўся ў хваробу і адлучаўся ад мужчын. Крыху пабрындае з касой каля платоў і — дадому.
«Трэба і сабе агледзець дзе-небудзь вазы на тры. Але ладна ўжо… паспею», — думаў ён.
Сёння Андрэй надзейна прыхаваў касу ад брыгадзіравых вачэй. Заўсёды той наперад пазнаваў, ці пойдзе Андрэй на работу па тым, наклёпана яго каса ці не. Ён браў касу з-пад падстрэшка, дзе яна заўсёды вісела, і спрабаваў клёп пазногцем, часта лаючы Андрэя апошнімі словамі.