Гэты раз каса была надзейна схавана ў хляве за скрыняй, на якой сядзелі куры, і Андрэй, падаўшыся на гароды, хутка схаваўся ў лазе, што падступала да самых калгасных гумнаў. За ёй пачынаўся малады і густы лес, які паступова, калі аддаляцца ад вёскі, быў парадзелы ад парубак.
Дарогі ён мінаў, ішоў узлессем, затым трапіў на даўнейшую пасеку, што за вайну зарасла арэшнікам і асінамі. Маладыя разгатыя рабіны, урадлівыя ў гэта лета, наўкруг абступалі яе. Здалёк здавалася, што яны звешваюць на дол вышытыя прыгожымі жоўта-чырвонымі ўзорамі ручнікі з адмыславатымі шлякамі ля самай зямлі, — дзе абвіслае галлё гублялася ў зялёным малінніку і высокай мятліцы.
Паляна выводзіла аж на Жукаўшчыну, якраз да таго месца, дзе ён спыняўся тады ноччу, едучы з лугу.
Расціснуўшы пальцамі некалькі разбухлых ад дажджу малін, ён укінуў іх у рот, пакорпаўся ля куста, каб знайсці яшчэ якую ягаду, затым падаўся ў кірунку да поля.
«Час не марудзіць так, як я», — азіраўся ён па баках. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Андрэю здавалася, што лес повен падазроных людзей, якія ідуць за ім і шушукаюцца. Але гэта хутка прайшло.
Чаго яго цягнула гэтак у Жукаўшчыну, ён i сам добра не ўсведамляў. Нібы хто повад накінуў на шыю і гне яе, нахіляючы ўсяго ўперад…
Мусіць, хацелася дазнацца адно — ёсць блізка каля лесу снапы ці не?
«Такое густое там было жытцо… Каласы, як волава», — думаў ён.
У адным месцы да паляны блізка падыходзіла дарога. Заіржаў недалёка конь. Андрэй спыніўся. Затахкалі па карэнні колы, і неўзабаве паказаліся вазы з сенам. Ён не ведаў, што гэта былі за падводы.
«Мусіць, нарыхтоўку цягнуць леснікоўцы», — падумаў Андрэй, падаючыся на другі бок паляны.
Раптам у яго за плячыма ўзнік страшэнны гул, шалёны звон і посвіст непрыемна разануў вуха. Як стрэлы, высока пранесліся тры рэактыўныя самалёты, пакідаючы за сабой у чыстым небе белыя кучаравыя дарожкі — кожны па дзве.
«Ратунку няма ад гэтых чарцей. Выюць дзень i ноч. Можа, дзе мітрэнга якая на свеце… — яму раптам захацелася павярнуць у вёску, але ён стрымаўся. — Калі ж іх цяпер у небе больш, чым падвод на дарозе. Снуюць. Кожны па сваё…» — пусціўся ён у развагі, і ногі неяк самі прыбавілі кроку.
Адсюль, з паляны, на Жукаўшчыну можна было прайсці нават днём, і ніхто не заўважыць, бо кожны куст родны бацька.
Высунуўшыся з хмызняку, ён убачыў, што поле ад лесу ўсё было ўсеяна мэндлікамі. Далей, пад вёску, пачынаючы ад дубка, што вытыркаўся сваім верхам з-за нязжатага жыта, у вочы кідаліся кучы саломы: там недзе разварочваўся камбайн. Тут, пад лесам, даволі часта трапляліся высокія валуны, хоць і зямля ў гэтым месцы была на дзіва ўрадлівая. Адкуль з’явіліся яны тут — невядома: магчыма нават ляднік прыпёр іх сюды, i яны ляжаць, як памятка сівых вякоў.
Толькі не гэта цікавіла цяпер Андрэя. Нібы растраўлены блізкай здабычай звер, Андрэй не мог доўга ўстаяць на месцы. Але днём на такую здабычу не кінешся, і ён павярнуў з Жукаўшчыны. Тым больш, што душу недзе глыбока тачыў нейкі чарвяк; ён уядаўся ў яе, нібы жук-разак у падпаранае пад карой, праляжалае на зямлі дрэва… Ныла сэрца. Тут быў i страх, і ваганне, i адсутнасць надзейнага памочніка, што Якубчык лічыў самым важным.
«Аднаму?.. Рызыкоўна. Хіба адзін у полі воін?.. — горка ўсміхнуўся ён. — Але каго ж запалучыць? — моршчыў ён лоб. — Каб жа гэта Жукаўшчына была на загуменні, і хлопец мой падбег бы, не зломак ужо, — падумаў ён пра сына, — а то ж далеч, чысты свет…»
Як ні круціў Андрэй, а вымушан быў спыніцца на Рамане Сідарку.
«Гэты ўжо раз быў, тады… Хоць мала з яго толку, але ж язык у яго, як у цяляці: не пляце абы чаго па вёсцы. I патрымацца за шкляное рыльца любіць…»
Прыйшоўшы дадому, Андрэй рынуўся на ложак, як стаяў: у пінжаку, у ботах, нават шапкі не знімаў.
— Засну троху. А ты, Вова, — клікнуў ён сына, — прывядзі да мяне Сідарку, так пад вечар.
— Добра, збегаю, — прапісклявіў той у адказ, возячыся ў парозе з іржавым веласіпедным вобадам, падганяючы яго пад леташнюю тачку, якая была на цяжкім коле ад арфы.
— А дзе маці?
— Жне за вёскай…
— Глядзі не забудзься… — адвярнуўся Якубчык спіною на хату i хутка засоп у нос.
Праз гадзіны дзве яго і расштурхаў Сідарка, увесь заспаны і ўскудлачаны, відаць, пасля ўчарашняга ён яшчэ не да адной удавы забягаў за чаркай, абяцаючы скасіць ёй шнур сенакосу, выдзелены на працадні. Вочы яго зусім асалавелі і плюшчыліся. Расшпілены пінжак, укачаны ззаду ў пер’е, ссоўваўся з плеч. Галава не паварочвалася, язык яго зусім не слухаў, мусіць, перасохла ў роце.