Выбрать главу

У руінах крынкаўскіх фабрык іржавелі машыны. Па хатах чулася ўспаміны пра механікаў і слёсараў; яны абавязкова смачна елі, штодзень брыліся, у царкве стаялі блізка кліраса, першымі цалавалі крыж у руцэ бацюшкі, іх жонкі насілі капялюшыкі, а дочкі не былі дзяўчатамі, а паннамі (Валошынка барышняй).

У выпускным класе каляжанкі дэклараваліся на вучыцелькаў (да вайны педагог зарабляў у месяц на тры няцельныя каровы). Кавалерка бачыла сябе механікамі (адзін Юрак Анісімовіч пайшоў у агульны ліцэй, апланаваўшы палітэхніку і інжынерскі дыплом, што нікога не рассмяшыла, бо ў яго родзе здаўна праходзілі гімназіі).

Прыкмячаю, даволі кідкую ў вочы, асаблівасць чалавечага веку. Малыя і маладыя шмат чытаюць, больш-менш да жаніцьбы ці замужжа. Ад таго моманту пачынаецца застой у развіцці асобы. Праўда, не ва ўсіх. Аднак жа на ўздзіў мала застаецца такіх, што захоўваюць інтэлектуальную жвавасць. Тлумачыцца гэта тым, што чалавека гасяць жыццёвыя клопаты, свой хлеб і свае дзеці. Калі ўкусіць свая вош. Думаю, што трэба тут дадаць вельмі істотную тую акалічнасць, якую можна вызначыць як вынесеную з бацькоўскага дома меру цікавасці да свету: кароткая абрываецца на вяселлі. Дакладней асвятляе гэту з’яву параўнанне з той безліччу тэхнікаў і інжынераў у нас, якія, стаўшы імі, да смерці не бяруць у рукі тэхнічных часопісаў ды аніякіх публікацыяў пра навінкі, новыя адкрыцці. Улічыўшы факт, што ў сярэднім праз кожныя сем гадоў мае месца цяпер тэхналагічная рэвалюцыя, нашы дзядзькаватыя фахманы даўно ўжо патрацілі дасягнутыя ў дыпломнасць кваліфікацыі. Рушыўшы ў беластоцкія і іншыя школы, крынкаўскія калегі – ратуючыся, таксама, ад калхознага лёсу – пасыпаліся назад сюды неяк у дэкаду Герка. У пачатковыя праявы канкурэнцыйнасці на рынку працы, у нясмелы пакуль адыход ад бальшавіцкага прынцыпу: Czy się stoi, czy się leży, dwa tysiące się należy! (тадышняя стандартная плата). Аб’явіўся ў мястэчку і мой сябар Віцька Х.; тытульны інжынер прыняўся перакрываць і атынкоўваць за гмінныя грошы бажніцу. Іншы też-інжынер, Стась М., размахнуўся швайсаваць і ставіць на могілках крыжы з чыгунных рэек. А хімік пагразнуў у гандлі. Аўтамеханік заснаваў фабрычку мінеральнай вады. Пералік падобных атрымаўся б досыць доўгім, але неўзабаве выявілася, што смол-бізнэс пад сілу толькі некаторым. Рэшту паратаваў салідарніцкі пераварот, г.зн. адкрыццё граніцы на захад. І хаця, бы чорт свянцоную ваду, на вярсту абыходзілі ўсе яны ўсялякую падпольную нелегальшчыну, паперлі з вываленымі вачыма над Атлантыку, у арэоле змагароў, што ў тую пару знакаміта аблягчала грамадскую акліматызацыю ў імперыялістаў. Каньюнктура на змагарны этыкет цалкам дастаткова працягнулася, каб няблага асесці ў заходнім дабрабыце або і прыдбаць там свежую жонку. Сярод амерыканцаў яны надалей галота, але ім там проста жыць і не паміраць. Раўняючыся з Крынкамі.

* * *

Крынкаўскую школу канчаў я ў тым жа высокапавярховым драўляным будынку на Гарбарнай (сённячы ў ім камунальныя кватэры). Да вайны быў гэта прыватны шпіталь жыдоўскага медыка і хоць потым, у чэрвені сорак першага, густа падалі тут нямецкія бомбы – уцалеў, не згарэў. Наш выпускны, сёмы, клас ледзь змяшчаўся ў даволі прасторным памяшканні над партэрам ад вуліцы, ад рынку. У перапынкі мы кагалам збягалі ўніз па шырозных усходах накшталт дабудоўкі з дошак, у якой грукацела, быццам у млыне. Перад франтонам спаленай бажніцы – былым уніяцкім манастыром? – пыльна гулялі ў футбол або, звычайна, дурэлі. Іншы раз выходзіла панаглядаць за намі кіраўнічка Варатынская, пагрозліва памахваючы ў наш бок кульбакаю. Гэтая радавітая шляхцянка з княжых пасынкаў часалася на мужчынскі манер, маючы арыстакратычны профіль старэючай дамы, але да вучняў адносілася спакойна, без начэплівай дыдактыкі. Дзеля лепшай зразумеласці, часамі азывалася па-беларуску. Нас як крынкаўскіх мяшчанаў смяшыў яе т.зв. казельскі акцэнт, мяккае вымаўленне тыпу „-ня”, слоўка „вось” або канчаткі „-ся” (напр. узяўся). Мы гаварылі цвёрда: узяўса, нарабіўса, расьсьмяяўса, і г.д. Пішу: гаварылі, бо цяпер усюды ўжо пальшчызна, з якой тады кпілі, настолькі ненатуральнай яна нам здавалася.

Нас не выхоўвалі, а гадавалі: кармілі, адзявалі, абувалі, ганялі дапамагаць у хатнім абыходку, на гаспадарцы. Пра дзесяць запаветаў і наогул пра мараль пачулі ад святара Савіча, які меў урокі рэлігіі. Каб не рабіць прыкрасці духоўніку, паўтаралі за ім, што трэба любіць, а як жа, і ворага свайго, дзівуючыся ў душы гэткаму абсурду на наш погляд. На споведзь хадзілі, бы падатак аддаць... Айцец казаў сваё, а мы ведалі сваё. Тую нявыхаванасць ва ўсёй паганскай голасці паказаў выпадак з самім а. Савічам, калі, аднойчы, ён раптам закаціў вочы пад лоб і паваліўся на падлогу: клас гурмою кінуўся ў дзверы, мала не выламаўшы іх, і разбегся ў варварскай паніцы. Лекара паклікаў нехта з настаўнікаў, занепакоены вэрхалам.

Не ўсе педагогі стаяць мне ўваччу. Акрамя згаданых раней Анны Яроцкай ці праставатых Кулакоўскіх, яшчэ Курачыка і Варатынскай, Сасноўскай, памятаю Жучанку, Кавалеўскую, Маёраўну, і... Было больш, аднак бясследных. Тое, што мужчыны курылі ў настаўніцкім пакоі, лічылася звычайным. Уражвалі пані – бабы з папяросамі ў зубах! Смалілі не менш заядла. Праўдападобна падкрэслівалі яны такім чынам феміністычную эмансіпацыю альбо і свой вышэйшы сорт. Курыць у тую пару не махоркавы самасад мог той, хто зарабляў жывыя грошы, хадзіў на казённую службу. Лепшы пан. Басота капціла казіныя ножкі. Ага, палюбоўніца фатографа Лапуця зацягвалася „купным дымам”; ніколі на людскіх вачах, бо засмяялі б. І гаварыць па-польску да каханага адважвалася не іначай, як толькі калі ніхто не чуў. Зусім не таму, што быў нацыяналізм, бо не было ў народзе чагосьці такога; было інакш: польскае слова ў вуснах патомнага крынкаўца ацэньвалася як праява напышлівага зазнайства. У палякаў існуе на гэту акалічнасць няблагі вульгарызм: Wyżej sra, niż dupę ma!

Выхаваннем лічылася лупцаванне. У багатыроў так не дзяжылі дзяцей. Мая нарачоная Шура, калі выпучыліся ёй грудзі, хадзіла ў славе „хорошо воспитанной” (заўвага Вінцука-кніжніка). З яе белага тварыку не зыходзілі сінякі або і крывавыя падцёкі. Бацька Шуры, здаравезны звер, якога трох ашуканых мужыкоў з Нетупы не магло пакаціць, ажаніўся быў не па добрай волі і таму ведаў, што значыць мець дачку ў хаце. Яна – з гадамі адолеўшы тэхнікум тэкстыльнай прамысловасці ў Беластоку – драпанула чым далей, ажно ў Лодзь. Шмат каму, зрэшты, удалося знікнуць на краі тадышняга свету. Ва Уроцлаве, Шчэціне, Гданьску, на пустуючых Заходніх Землях (акрамя Шлёнска і Познані). Беласток занадта блізка знаходзіўся і атмасфера ў ім усё ж нагадвала Крынкі; цяжка было ў ім замесці свае хамскія сляды за сабою.

А ў такім, напрыклад, Кашаліне ўсякая галытва хадзіла ў арэоле каланізатараў паслянямецкай тэрыторыі, прычым не з абы-якім псеўдарадаводам. Варшаўская жонка віленскага паэта Аляксандра Рымкевіча неяк здзіўлялася: – Jeszcze nie spotkałam repatrianta, który by się nie przechwalał posiadanym na Kresach mająteczkiem. Aż dziw, że nikt tam nie tyrał na roli!

Адтуль, здалёк, выехаўшыя прыязджалі ў Крынкі мала часцей, чым на пахаванне старых. Не заўсёды заначаваўшы хаця б, адразу з могілак гналіся назад, павесіўшы замок на закалтыжаных дзвярах бацькоўскай кучы. На элегію пакінутага гнязда. Часамі пажывалі ў тых руінах выгнаныя жанкамі п’янюгі. Далучаўся да іх адзін з нашых войтаў, але, урэшце, памарозіў рукі-ногі, якія ампутавалі яму ў сакольскім шпіталі, учыніўшы з яго мяшок без магчымасці наліваць чаркі. Крынкі – гэта кропелька ў кропельку Савецкі Саюз, хоць і пераважаюць у іх касцельныя палякі.

Раздумваючы пра пасляваеннае пакаленне, што першым пайшло ў белы свет, трэба памятаць наступнае: яно было галоднае, а хлеб давала яму польскасць. Так і па сённяшні дзень. Астраўкі беларушчыны там, дзе не мус „хадзіць у паляках”, каб выжыць. Усе тыя з майго класа Віцькі, Мішкі, Алы, Шуры, Галі, Іры, Вадзімы, Лёнікі з месца сталі пышнымі падпанкамі як толькі дасталіся ў сярэднія школы ды панацягалі на сябе аж да вачэй каляровыя штубацкія дэклі. Пачуліся рыхтык, бы – з гразі ў князі! Мая іронія з іх – мушу прызнаць – досыць несправядлівая, хаця б таму, што бедныя людзі іначай не рэагуюць на ўзвышэнне. У такіх няма шанцаў быць маральнымі. Аб’ектыўна нямаш. Некаторых падратоўваў этычна камуністычны культ простага чалавека, аднак ненадоўга: ідэалогія непазбежна пераўтваралася ў літургію, за заслонаю якой стабілізаваліся выгодныя пасады. Гэтак кажу, забягаючы наперад.