Выбрать главу

1951-1955

У Крынках траскацела лютаўская зіма пяцьдзесят першага года, а мы ўжо ў новым доме: стары, на Сакольскай 27, прадалі шляхціцу Рудкоўскаму, загранічніку з Макараўцаў; ён чамусьці гаварыў з на-мі па-польску, а са сваёй жонкай-лялечкай па-беларуску, чым даводзіў яе да бабскае істэрыкі, і яна кідалася на яго з кулакамі: – Ty herbowy chamie!

Як цяпер разумею, я жыў маніямі. Заманулася стаць метэаролагам (прыцягвалі тайніцы пагоды). На падворышчы абсталяваў назіральную станцыю, з паказнікам ападкаў, ветрамерам, і батарэйным асвятленнем для вечаровых занатовак. Даволі шматлюднае пакуль мястэчка закпіла з мяне хлапцоўскім рогатам у заплоцці: матаралёг! матаралёг! матаралёг!!!

Бацька цярпліва маўчаў, пе будучы пэўным, ці выжыву ад сухотаў. Не ганяў мяне памагаць яму ў гаспадарскіх клопатах, сам рэзаў сечку карове, насіў з далёкага гумна сена авечкам, парыў бульбу свінням, і пакрыёма шаўцаваў. У змярканне сыходзіліся да яго на майсы крынкаўскія патаемнікі і мамінсыночкі-дармаеды. Тады ажывалі геройскія ўчынкі пагулянскіх бандзюкоў, забытыя прыгоды жыдоўскіх курваў, дурныя хітрыкі акопаўскіх гароднікаў, недаўмекаватасць млынароў, і тое, як фабрыканта Айна ўтапілі ў чопавай кіпені. У багонніку пад Разбойнікам учора крактаў чорт. На Новай вуліцы крушынянская хамутка, што прыйшла замужжам сюды, нарадзіла дзіця з цялячым хвастом. Палякі арыштаванага Гамулкі зноў падымаюць бунт, але Сталін сказаў, каб селі на сраку...

Мая радасць, што я зноў у сваёй хаце, у Крынках, канчалася. Пабыўшы праз восень у Беластоку, пабачыў іншае жыццё, крыху польскага свету. Кантраст аказаўся каласальны: людзі там меліся непараўнальна лепей ад крынкаўцаў, прычым не так цяжка працуючы. Усё здалося падобным да таго, што чым страшней тыраеш, тым галаднейшы ты. Так прабівалася ў свядомасць жаданне аднак драпаць у горад. 3 кожным днём мацнейшае, гледзячы, як бацькі мучацца на гаспадарачцы, некалькігектаравай усяго, будучы пазбаўленымі Народнай Уладаю свайго капіталістычнага рамясгва – бацька баяўся адкрыта шаўцаваць, а маці краўцаваць.

Хварэючы сухотамі, быццам перад смерцю якою закруціліся ў маёй памяці, нейкім зваротным фільмам, успаміны. – Зіма саракавога года, роўныя з платамі грумакі... Катаемся на санках, разгон ад ваконца пад саламянай страхою Курча. На шашы пад Прафіткаю буксуюць савецкія грузавічкі з комінамі за шафёркамі, з якіх валіць дым, бы з караблікаў на белапенных хвалях мора... Мы, дзецярня, перасталі чуць-чуваць польскую мову. Замест яе з’явілася не менш дзіўная руская, даволі ўсё ж падобная на тую ў пропаведзях бацюшкі Савіча. Гэта моўная рэакцыя дзяцей калоніі, якой камандуюць чужыя – хто з легіёнамі калісь прыйшоў, а хто на танках нядаўна прытарахцеў да нас. Уздзіў, чаго іх сюды носіць!?

За другімі палякамі, калі і другія немцы прайгралі вайну, я дастаў запалення мазгавых апонаў. Аглух і адняло мне мову. Фурманкаю адвезлі мяне на пасцелі ў шпіталь, што на Гродзенскай, пабудаваны за царом. Лячыў рэпатрыянцкі лекар Абуховіч; потым я сустракаў яго на беластоцкім тратуары ў мундзіры вышэйшага рангу польскага афіцэра медычнай службы. 3 ягонымі дачкою і сынам вучыўся ў пачатковай школе на Гарбарнай. Стэрыльна чыстыя і дагледжаныя, нагадвалі яны паненак і панічоў з кінафільмаў пра дваранства, на якія паспеў быў я ў адзіным на ўсёй пасляваенны Беласток „Тоне” (побач фарнага касцеліска). Гэта Абуховічанка, бы анёлак, і перакормлены Абуховічык з тоўстымі шчочкамі Херувіма вельмі імкнуліся гуляць з намі, як дзеці з дзецьмі, але яны нам, упэцканым местачкоўцам, моцна не падабаліся, смяшылі пры гэтым бесталковым przepraszam, przepraszam...

Ну і тое АК жудна засела ў мазгах, назву якога цямілі можа некаторыя гладчэйшыя мужчыны. Акоўцы недзе кагосьці забівалі, ну і тады за імі ганялася войска, але без удачы. Часам наязджалі з-за граніцы саветы на танкетках, ад якіх не адзін аковец накладаў галавою. Пасля сорак сёмага тыя „лесныя” ўжо не хадзілі. Я пра іхныя бітвы і не ведаў бы, калі б не пабілі трохі сваякоў з боку маці. Цікава, што крынкаўскія аўтахтоны нікуды не лезлі. Затое заядла палітыкавалі ды бегалі поначы з карабінамі закерзонскія рапатрыянты і каталіцкая басота па вёсках. Адтуль далятала пальба, як толькі цямнела на двары. Сёння тамака глухое бязлюддзе.

І не падумалася, што нічога ўжо тут не будзе; вернецца пушча ды звяр’ё, нават ніколі не бачаныя бабры. Наслухаўшыся агітацыі сацыялістычнага шчасця я ўяўляў сабе натоўп комінаў на адбудаванай гарбарнай Пагулянцы, ткацкі камбінат на жытнёвай Прафітцы, чыгуначную станцыю ў доле, за капуснымі агародамі Дужага, стадыён на Акопах, парк культуры і адпачынку ды з возерам на Старых Млынах, абавязкова Палац Партыі на рагу Касцельнай, таксама сажалкі поўныя карпаў пад маёнткам, а ў старадрэўі ў ім бліскацела мне ўваччу беласценная санаторыя для нямоглых мужычак ды мужыкоў... І чуліся радасныя адтуль спевы тых пакручаных нялюдскай работаю на загонах, аб тым, як ім цяпер добра жывецца!

Абагаўляў прыроду, зачараваны расуючымі жытамі ў далёкіх палетках; сядаў на ўскраі лужкоў, назіраючы за гняздуючымі ў кустоўі птушкамі. Лежачы на ўзмежку, заглядаўся на аблокі; у вышынях шыбаваў птах. Мроячы пра ўласны сад, у капанне бульбы звозіў дзічкі з межаў, садзіў на прыгуменні і на новым пляцы, купленым бацькам пад хату на жыдоўскіх пажарысках за кузьняю Лейзара. 3 таемнай асалодаю паўтараў прыродаапісальныя вершы з матчынай кніжыскі Пушкіна: Пахнет сеном над лугами, сердце, душу веселя... Або: Буря мглою небо кроет, вихры снежныя крутя, То как зверь она завоет, то заплачет как дитя...

Разумеў, што я дзівак і таму, выходзячы на паўдня, у смутна- адзінока-бяскрайняе заполле, забіраў з сабою мяшок, каб нарваць на ўзмежку зелля свінням, што адводзіла ад мяне пляткарскія языкі і нядобрыя вочы. Хворых маладых лічылі схільнымі да ненармальнасці. Я кахаў бываць у глухіх закутках, у непатрэбным свеце, і соладка плакаць у забытых лужках пад Гаспоравым лесам. Сухоты шчасліва не адкрыліся гнільнымі ранамі на лёгкіх і ў лірычнае квітненне яблыняў я заеўся думаць, як дастацца ў сельскагаспадарчую школу. Неацэнны беластоцкі сваяк Віцька, сын таго ж шафёра Сенькі Карпука, адшукаў агародніцкую, што мяне моцна ўзрадавала. Але чамусьці зараз жа перавялі яе ў якісьці Кнышын, у мазур’ё. Віцька, хлопец невясковы, практычна падказваў мне вярнуцца ў Механічны тэхнікум, куды прынялі б назад без уступных экзаменаў, але я кепска пераносіў кантакт з тэхнікай, пах шмараў ды скрыгат механізмаў, бяздушша жалезіны. Тады зрабіў ён адкрыццё, што ў пару кроках ад іхнага дома існуе невялікі Электрычны тэхнікум, на рагу Заменгофа і Белай. Я запаліўся, ні трохі не падазраючы, што электратэхніка – гэта перш за ўсё матэматыка і матэматыка, а не рамантычнае святло на вулічным слупе ў меланхалійнай, восеньскай, імгле... Няблага падвучаны раней гміннымі рэпетытарамі і маючы за сабою амаль паўгоду ўжо сярэдняй вучобы, я здаў экзамен у „электрык”, пэўна горш па „матме”; з польскай мовай і літаратурай, асабліва з правапісам не меў праблемы, даўно ўцяміўшы па-беларуску, калі пішацца „у” адкрытае ды не менш клапотны палякам „рз” Само тэхнікум адразу і прыкра расчаравала мяне, знюхаўшы ў ім той жа запах варштатаў, нейкае слесарні, бензінны вуркат матораў. Экзаменацыйных вынікаў я не чакаў, задоўга давялося б сядзець у цеснай кватэры з вечна незадаволенай Карпучыхай. Даўгачаканы ліст ад Віцькі прынёс звестку, што няма майго імя ды прозвішча на вывешаным спіску прынятых, а што мяне зусім не засмуціла. Бог адзін выратаваў з чарговае памылкі ў выбары жыццёвага шляху! Але, куды цяпер? Неўзабаве, аднак, прынёс пісьманосец наступную канверту ад шалапутнага Віцькі: ці не mamuśka яго, не могучы сцярпець такое ганьбы ў кроўньм ёй родзе Яновічаў, не паверыла да канца Віцьку- трапястуну і сама пайшла паглядзець тую катастрофу адсутнасці маёй у пераліку добра здаўшых іспыты. Выявілася, што фігураваў я ў алфавітным парадку ажно пад літарай „С” (так незвычайным падалося канцылярскай машыністцы маё імя, што атоесаміла яго на шляхецкі манер: Сакрат-Яновіч, з падвойным прозвішчам).

Не меў я ўжо выйсця, рушыў рабіцца электратэхнікам.

* * *

Стаў на кватэру ў Рыбніка, электраманцёра ў беластоцкай электроўні, што жыў у шматкватэрным драўляным будынку ўпачатку вуліцы Смольнай (цяпер там стаяць „блёкі”). Рыбнічыха была энергічнай мазуркай, родам ад Кнышына. Мелі яны толькі сына Янка, які вучыўся ў Будаўнічым тэхнікуме. Спалі ўсе на вясковы лад, у адным пакоі з ложакамі пад сценамі, шафаю на адзенне, круглым сталом пасярэдзіне. Жылі Рыбнікі бедна і таму другі пакой, меншы, здалі кватарантцы, малёванай тоўстай бабе, якая рабіла ў фабрычцы воцату на Юравецкай. Часамі мелі месца сцысіі з ёю – спрабоўвала прыводзіць мужчын.