3 Янкам сябраваў Віцька і мы ўтраіх хадзілі ў нядзелі на стадыён, той стары, што ўканцы Жалезнай (другога ў Беластоку не было). Шкадуючы – або не маючы – грошай на білеты, пралазілі праз тайную дзірку ў высокім драцяным плоце. Ні разу не папаліся. Папраўдзе спорт мяне не надта цікавіў, Янка можа больш, але тон задаваў менавіта Віцька-Вітэк, аматар спрынту і... гожых дзявочых лытак. У яго завялася нарачоная і пра гэты сакрэт неяк уведала сястра Таня, і данесла матцы аб тым, што дзяўчына – каталічка. Карпучыха погразна бурчэла на такую навіну, ставячы ўмову, што ў жаніцьбу мусіць тая перайсці ў праваслаўе. Віцька не браў таго завельмі ў галаву. Наколькі яшчэ памятаю – прыгажуня не прападала за ім і, пасля матуры, пайшла замуж за кагосьці.
3 Янкам добра было рабіць хатнія задачы. Ён, флегматык, лёгка пачуваўся ў матэматычных праблемах і зусім наадварот, чым я, у гуманітарных прадметах. Так што абодва мы файна дапаўнялі адзін аднаго. Гармонія між намі панавала настолькі ідэальная, што аж мала што запамяталася з тае пары.
У калядныя фэрыі ў Крынках напаткала непрадчуваная бяда: эпілепсія Джэксана. Бацькі перайшлі жыць ужо ў новую хату, што стаіць і цяпер, і па ваду трэба было хадзіць даволі далёка, цераз пажарышчы да жыдоўскай помпы каля мураванкі Пуля. Беручыся аднойчы напампаваць, я моцна здзівіўся, што не магу падняць правую руку, зрабілася як быццам не мая яна, абвіслая. Неўзабаве ахапілі канвульсіі і прыступ бяспамяці. Прывялі дахаты мяне людзі; я апрытомнеў пад вечар у пасцелі, балючы і знямоглы. Была нядзеля, збіраўся быў у царкву на абедню; у хоры спявала чарнабрывая Валошынка з элітнага крынкаўскага роду, што дадаткова падбівала мае амбіцыі пачынаючага кавалера... Ужо тады я не сумняваўся ў тым, што нечага важнага даб’юся ў жыцці. Аднак, растучы заікаю, не меў шанцаў паведаміць якраз ёй пра гэта.
Маці, змучаная мноствам маіх папярэдніх хваробаў, заядла верыла ў цуды і ў знахараў. Вышукала мне чарадзея, аброслага брудам мужычка з-пад Верхлесу, які супакаяльна паўплываў, даўшы з’есці камяк з павуціннем, нашаптаўшыся і выправіўшы хваробу „на сухі лес”. Усё ж яна вярнулася да мяне роўна праз месяц, пасля абеду ў прыход са школы, у кухні Рыбнікаў, наклікаўшы паніку на дом! Незабабонная мазурыца рацыянальна накіравала мяне да лекара, які пацыентаў са Смольнай прымаў у кабінеце на Міцкевіча, у старажытнай будыніне магнатаў Браніцкіх, той самай, у якой два стагоддзі назад выступаў варшаўскі тэатр Багуслаўскага. Рутынны медык апазнаў... рэўматызм і прадпісаў награванні спецыяльнай лямпай. Калі ж таемная хвароба зноў завітала, гэтак жа праз месяц у мазгі, нехта нараіў фельчара Скварчынскага на Зялёнай (Выгода). Паратаваў, імгненна ўстанавіўшы прычыну. Сказаў: хлопча, ты з гэтага вырасцеш, арганізм жа развіваецца, зажыве недамаганне, прыходзь на электрызацыю, дбай пра бясхмарны настрой і пі, вось, гэту ўзмацняльную мікстуру, а ў выпадку чарговага прыступу – спявай, спявай, весяліся, хоць слёзы будуць цячы... Вось так. І я спяваў, наогул „Кацюшу”. І да канца навучальнага года, лічы, выздаравеў. Прафілактычна заходзіў пад „Тон”, дзе стаяў з электрычным сіламерам фацэт з сінім носам. Не мог ён уцяміць, чаму я ў яго такі пастаянны кліент, адзін, без калегаў, без патрэбы пахваліцца мацатою.
Упалоханы эпілепсіяй, выпрацаваў у самім сабе некалькі, прыдатных пасля стандартных рэагаванняў. „Не біць у хамут”, як казалі ў Крынках, г.зн. не кідацца ў залішнюю амбіцыю. „Не крушняваць пад сябе”, г.зн. не шалець ад пярэпалаху. „Жыць, як жыццё набяжыць”, г.зн.: памяркоўнасць у спадзяваннях. „I без цябе быў свет”, г.зн. не мондрыцца.
Прамоцыю ў другі клас тэхнікума атрымаў досыць гладка. Абсыпаліся, бы асеннія лісці, гультаі ды цванікі, пераважна беластачане. Мужыцкія дзеці зубрылі матэрыял, не бачачы альтэрнатывы задуманай лёгкахлебнасці. Не хапала падручнікаў і наш матэматык вышныпарыў нейкі беларускі з саракавога году. І вучні на ўроках давалі яму адказы таксама па-беларуску, што не ўяўляла перашкоды і шэпятоўскім мазурам, прайшоўшым прадмет беларускай мовы ў савецкіх школах у гадах 1939-41. Настаўнік злаваўся і крычаў:
Ja ci dam „budzie”! Ja ci zaraz pokażę „rauаniajecca”!
У вялікія праваслаўныя свягы я звальняўся дамоў. Ніхто больш, хоць „кацапаў” налічвалася каля дзесяцёх. Дырэктар Рытэль ні разу не адмовіў, яшчэ і наказваў: A twoi prawosławni koledzy to co – już niewierzący? Быў ён салідным перадваенным інтэлігентам, якому і не падумалася, каб кагосьці прынізіць, абсмяяць. А тыя мае калегі, злітуйся Божа над імі, „крушнявалі пад сябе” і, закончыўшы тэхнікум, пашукалі шчасця чым далей адсюль. Інваліды духа.
Дзейнічаў чырвонагальштукавы Związek Młodzieży Polskiej.
З ім не было жартаў і амаль усе пазапісваліся ў яго. Першымі рынуліся туды, а як жа, Ruscy: Валік Антанюк, Генік Лісоўскі (з Талькоўшчыны) і Лідка Пятроўская з прыцаркоўнага асяроддзя. Потым толькі рушыліся за імі несумненныя палякі – Багуся Шэндар з дробнай буржуазіі і Рысё Скаўронскі з тандэтнай хаткі чыгуначніка ля Фабрычнага вакзала, званага іншы раз Палескім. Яны верхаводзілі. Стварылі і гурток Таварыства польска-савецкай дружбы, паставіўшы на шэфа ягонага – мяне. Аргументавалі: Słuchaj, Sokrat, jesteś Białorusinem, więc bardziej kochasz Związek Radziecki, bo my, Polacy, jeszcze nie dojrzeliśmy do tej miłości... Pomóż nam, do jasnej cholery!
Утворана ўсенькія арганізацыі, да якіх належалі гэтак жа цэлым класам. На двары ўстаяўся пік сталінізму і цэнтр перадаваў, каб выкрываць ворагаў сацыялістычнага будаўніцтва. Дзе ж іх было знайсці сярод кавалерчукоў, але „нашы хлопцы” пастараліся. На інаўгурацыйным сходзе Таварыства – пасля ўрокаў – я трымаў слова і, вядома, камічна заікаўся, чаго не стрываў смяшлівы Мішталь. Вось і паслужыў ён пачаткам чорнага спіску. Наступным аказаўся, калі не памыляюся цяпер, моцна перарослы Чайкоўскі, які ў войску дабіўся чыну капрала. На сходцы LPŻ, Лігі Сяброў Салдата, парамілітарнага ўтварэння, меўся ў яго клопат з той жа фанабэрлівай Багусяй і ён нараіў ёй забяспечыцца ў Лізе тых сяброў... прэзерватывамі. Праўда, слабенькімі паказаліся падставы дзеля намінацыі яго ў неабходныя ворагі, але лепшых пакуль не бачылася. Ажно нечакана падлез пад палітычную інструкцыю Адульчык, маладзёвы шукальнік праўды, які „даў шайбу” запытаннем, што будзе пасля камунізму як усёсусветнай мэты чалавецтва... У рамках якойсьці чарговай дыскусіі нагадваючай літургію. Адульчыка, праўда, не выгналі з тэхнікума, нікога больш „не заразіў” сваёй дапытлівасцяй і таму паслаўлялі аднаго яго ў дакладах ды справаздачах, у якасці прыкладу ідэйнай бесхрыбетнасці. Валік ушчуваў па-за пратаколам: Zastanówcie się, kolego Adulczyk, po czyjej stronie jesteście: z ludem czy przeciw ludowi? Хлопчык чырванеў ды пацеў, як мыш. Клас усгрывожана маўчаў, а Лідка сакатліва ўспамагала Валіка, Генік жа па-сялянску памяркоўна азываўся: Zejdźcie już z Adulczyka, wystarczy.
Чытаецца сёння пра тое, бы кабарэтны тэкст. Аднак жа на інфантыльныя гульні гэта тады не выглядала: у наступіўшыя польскія адлігі ды перавароты ўсе яны паўміралі, зазвычай ад інфаркту. Чую, што яшчэ карпее недзе ў Польшчы, зашыўшыся, адна Лідка, як кожная баба, даўгавечнейшая за мужчыну. Jakoś nigdzie nie załapała się?
У асяроддзі штубакоў у Беластоку на зломе саракавых і пяцідзесятых гадоў наглядаўся асаблівы ментальны клімат, які потым знік і яго ўжо няма цяпер. Візуальна праяўляўся ў шпанаванні шапкамі-дэклямі. Кожная прафесіянальная школа мела іншую камбінацыю колераў на іх. Не памятаю, як прэзентаваўся Электрычны тэхнікум, – нечым блакітным? – але надта высокую павагу выклікалі белыя рагатыўкі Медычнай акадэміі. Шапкі ўсякія шылі краўцы з Сеннага рынку і каштавалі дарагавата (блішчасты чорны казырок, рознаколерны абадок, верх з нейкага плюшавага матэрыялу).