Выбрать главу

Сярод прафесійных школаў папулярна шанавалі дзве: гандлёвую з Варшаўскай і педагагічную з Міцкевіча. Калі тыя дэклі ўяўлялі сабою працяг перадваеннай моды, дык асаблівы гэты пашанунак да гандлю і настаўніцтва быў вынікам таксама мінулых часоў, у якія лёгка жылося местачковым крамнікам ды „вучыцелям”. Самы ўдалы механік ці электраманцёр у Крынках не зарабляў столькі, колькі „пані з падставоўкі”. Мой бацька, маючы добрую марку шаўца, задавальняўся двума злотымі заробку ў дзень, што складала прыблізна ўсяго трэцюю частку грошай „беларучкі з ксёнжкамі ў сумцы”. Быць інтэлігентным значылася не бедаваць. І лепшы быў mały handelek, niż duży szpadelek.

Страшэнна ціснула на псіхіку мужыцкая зацюканасць! Панадзяваўшы дэклі, бы якіясьці кароны, нельга ўжо было з кім-колечы загаварыць па-свойму. Таму так памятаюцца wyjątki ў гэтай усенароднай псіхічнай хваробе: Юрак Анісімовіч з канца Гродзенскай, Галя Анісімовіч з Каўказскай, Марыся Кукіш з Новай... Характэрна, што яны з заможных фаміліяў. Найзаядла ганьбавалі родным бясхлебавічы, што на розум яснае – чым жа маглі яны ганарыцца? Цяжка кіраваць да іх жаль, бо проста ратаваліся ад бацькоўскай нэндзы. А, зрэшты, знакамітая гэта ілюстрацыя навуковай праўдзе аб тым, што нацыю стварае буржуазія, людзі, у якіх адсутнічае праблема хлеба. Нацыянальная свядомасць, як вядома, ёсць прадукт культуры; сама голая культура нікога не накарміла. Гэта польская культура сцісла звязаная з кар’ераю, не беларуская (у саветаў усяму варунак – руская!).

Лекцыі ў тэхнікуме, іх атракцыйнасць залежала ад індывідуальнасці выкладчыка. Моцна пашчасціла нам з навучаючым нас электратэхнікі, маладым Эдвардам Фалькоўскім. Гэта быў чыстай вады педагагічны талент! Можна было не вывучыць іншы ўрок, але не ягоны, на прамілы Бог! – Праз чатыры гады пасля, ідучы ў жыццё ўжо з дыпломамі тэхніка-электрыка мы плакалі на развітанне, і ён разам з намі. Чагосьці такога больш не здарылася мне ані не бачыў я дзе-колечы, хоць чакала мяне яшчэ шмат навукі ды мнагалікі натоўп ciał pedagogicznych. Гляджу на старыя фатаграфіі: Божа, як усе тады былі худыя і ў марным адзенні! Сёння беспрацоўныя лепш выглядаюць. Апускаючыся ва ўспаміны не магу трапіць, аднак, на нейкі камень незадаволенасці; адна радасць – выбранай школай, якая прадвяшчала паслейшы дабрабыт, хоць новакупленым шалікам. Радасць і радасць у маладосць з гатовым планам бяссмерцця. Бывала, нехта забіўся на матацыкле ў калдобінах вясковай Выгоды або ўтапіўся ў Супраслі пад Васільковам, але ўспрымалася тое, бы жарт: от, нібы наклаў галавою ды, нябось, прыйдзе на танцы ў Гандлёвай, далезе туды безбілетна, па вадасцёкавых рынах раннім вечарам з суботы на нядзелю... Гэта, дарэчы, не танцы, а балі – хлопцы пад гальштукамі і з набрыльянцінаванымі чубамі, дзяўчаты ў беласнежных блузках і з бантамі на прычосках. Абавязвала дастойнасць, парфумы. Рогат лічыўся вульгарнасцю. Вылучаліся сваёй неразлучнасцю сімпатычныя пары з дыскрэцыёзнай канверсацыяй, стрыманымі ўсмешкамі і гарачымі вугалькамі позіркаў. Яны трымаліся воддаль, у рамансавых паўценях каланады высознае залі. Чуліся французскія тэрміны любоўных залётаў: „рандэву”, „вуаля”, „гран-данс”, „пардон”.

Няцяжка здагадацца, што мы, хамы, стаялі там разявамі; не хапала пару грашакоў хаця б на банальную фрызарскую ваду. І не кожны яшчэ ведаў, што зубы трэба чысціць, шыю мыць штодзень; пазногці абрэзваць, „мёд” з вушэй вымаць.

Вельмі падабалася нам, прышлым сюды, маладакамуністычная барацьба з мяшчанствам і нават эпілепсійны амерыканскі рок-н-рол (на жаль, імперыялістычны). Як рэвалюцыйная мы моладзь, якой аказаліся недаступнымі паненкі з патомных беластоцкіх дамоў, заўзяліся ладзіць у тэхнікуме пралетарскія „забавы”; члены ZMP прыходзілі ў па-фашыстоўску арганізацыйных уніформах (чырвоны гальштук, вайсковая кашуля, значок з візэрункам Сталіна). Перш, чым дазволіць аркестру ўрэзаць інаўгурацыйны вальс „На сопках Маньчжурыі”, адзін з нашых, па-езуіцку бледных, правадыроў выступаў з калягадзінным натхнёным дакладам пра актуальныя палітычныя падзеі, прыкладна, наконт капіталістычнай агрэсіі ў Карэі. Imperializm do piachu! Польска-савецкую дружбу раз-другі рэфераваў я, як кожны заіка пазбягаючы словаў, што пачыналіся літарамі „к”, „д”, „п”. Слухалі таго „варожыя элементы” ў мёртвай цішыні і ў заканчэнне з палёгкай апладысменцілі. Niech żyje Kraj Rad! Рысё Скаўронскі хваліў мяне, а Лідка звяртала ўвагу, што чамусьці мала чула яна так дарагіх ёй паняццяў як „кккамунізм”, „дддыктатура”, „пппралетарыят”.

Пранырлівейшыя з вяскаўні падседжвалі ў вяртлявых беластачанаў прэзерватывы, доўга не кемячы, дзеля чаго ім гэтыя вялізныя сыскі. Адбывалася сутыкненне процістаўных светаў – задаволены прыходзіў да незадаволенага, вёска валам валіла ў горад, у якім пішчэла дэградаванае мешчухоўства. Паміж гэтымі стыхіямі маглі б ствараць раўнавагу жыды, але іх зніштажэнне давяло да сітуацыі дэмаграфічнай пустаты, якая, быццам гіганцкая помпа, пачала высмоктваць сельскае насельніцтва, без выкарыстання якога была б немагчымая т.зв. сацыялістычная індустрыялізацыя. Работы ўсюды поўна, каб толькі мець дзе прытуліцца на начлег. І ў такім настроі мы вучыліся ў Электрычным тэхнікуме, ведаючы, што нас недзе чакаюць з пасадамі, вочы выгледжваюць...

* * *

Нядзелямі цягнула да Карпукоў на Замэнгофа. Былі з Крынак, жылі да гэтага на Пагулянцы, у жыдоўскай старой развалюсе. Бедна, пакуль не вярнуўся з Англіі сам Карпук, Сенька; быў

у Андэрса. Разам з адным пагулянцам, Курцэвічам, тым самым, што паставіў у нашай новай, на саксонскі манер хаце зграбныя печкі, крыху ў шатландскім стылі (і сёння маім гасцям яны як мэбля для агляду). Сенька дастаўся на шафёрскую работу ў пэкаэсе і перабраўся з сям’ёю ў Беласток; на тым месцы цяпер навабагаты будынак.

Кватэра іх уяўляла як бы філію Крынак. У беластоцкай цеснаце кватараваў з імі Кастусь Клімук, крынкаўскі зэгармайстар з Гміннай, якому на бацькаўшчыне не было заробку (жыды прапалі, а мужыкі гадзіннікаў не ведалі). Да старэйшай Карпучанкі, Іркі, хадзіў самавіты рэпатрыянт (імя, здаецца, Олік); ён займаў нейкую кіраўнічую пасаду, ці не ў шкляной гуце ў наваколлі Слонімскай. На выгляд мог быць ёй бацькам, але дзяўчына ззяла шчаслівасцю, такім надзейным кавалерам (пайшла замуж за яго, лысага, як толькі атрымала матуру).

Святым днём збіраліся ўсе. І я да іх. Беларускі настрой задаваў Клімук, а як грашавіты зэгармайстар ставіў на стол бутэльку; трапятлівая гаспадыня смажыла яечню, асабліва мне, бо чаркі такому падшыванцу не давалі. Ён дэкламаваў Якуба Коласа „Новую зямлю” і вершаваныя сатыры з даваеннай „Маланкі”. Затым браў голас гаспадар; апавядаў пра італьянскі фронт і афіцэрню, што хавалася за спінамі салдатаў. Хваліў арганізацыю немцамі абароны, ганіў безгалоўе ў польскіх батальёнах. Андэрс не быў мондрым генералам, па-бабску любіў дэфіляды... Флегматычны Олік маўчаў, як быццам саромеючыся свайго паляшуцкага акцэнту. Мы, дзеці – я, Віцька, Ірка, Таня, – слухалі, развесіўшы вушы. Карпучыха сакатліва прыгаворвала: – Вайна і вайна людзям на галаву... Палякі ходзяць з карабінамі па лясох, і чаго яны шукаюць!? Сенька: – Ходзяць, бо Англіі паверылі, а я ангельцаў знаю: яны на ражон не палезуць, каго дурнейшага падбухтораць.

А камунізм ацэньваў ён адным словам: – Дурата!

Паводле яго, вайна ў свеце выглядала наступным чынам: – Немцу, як немцу, заўша ўсяго мала, а ангельцы з амеэрыканцамі – гэта купцы, пад кулі не пойдуць; галодных саветаў дзеля таго пашукалі, адзелі іх, абулі і накармілі, ды шыбуй Ванька на Фрыца. Пад Монтэ-Касіна палякамі дзіру ў фронце нямецкім прабілі, і беларусамі, нямала іх палегла. А Сталіну паціснулі руку Чэрчыль з Рузвэльтам, і бывай Белая Польшча, хадзі сабе і начуй пад елкамі, калі думаць не ўмееш...

Торг у Беластоку адбываўся ў чацвяргі, як і ў Крынках. На Сенным рынку, якога ўжо няма. Фурманка ля фурманкі, коні з торбамі аброку на галаве. Злосныя мужыкі і вісклівыя панюсі. Франтаватыя жулікі (пад гальштукам). Куры, яйкі, малако, смятана, масла, сыры, гародніна, гарох, фасоля, рубанае мяса або і рыба... Кіслы пах сікаў, саломы, конскага поту, а ў зіму кажухоў да пят. Выбухі палкіх ябукоў. Радавітыя беластачане не круцілі насамі на ўсеагульнае тут беларускамоўе; найбольш польскага шыку надавалі ўчарашнія хамы. Я гадзінамі швэндаўся па Сенным у чацвяргі, ажываючы душою. Мае праваслаўныя сябрукі перасцерагалі: Nie chodź tam, bo ktoś pomyśli, żeś z wiochy!