Каторагасьці году – 1953? – мелі электраманцёрскую практыку летам, пару тыдняў. Я папрасіў выхаваўцу, каб не высылаў мяне ў мазуры. – Dobrze rozumiem ciebie, Sokratku: pojedziesz do Hajnówki, na montaż rozdzielni linii wysokiego napięcia.
Парыла пераджніўная цяплынь і я з брыгадай начаваў у стадоле, у прыгайнаўскім Горным. Рабіў з намі якісьці ідыёт з Нараўкі, ці з Ляўкова; тлуміў усім галаву проціцаркоўнымі анекдотамі і бралі яго наваніты ад пачутага беларускага слова. Урэшце не стрываў таго брыгадзір: – Słuchaj, jak się nie zamkniesz, to cię wont wypierdolę! Памагло, як салідны наморднік баязліўцу. Потым выявілася, што быў балван з „кацапаў”. На сённяшні мой розум, то ён так таіўся тады, хочучы вельмі спадабацца калегам па рабоце.
З Горнага запамяталася інтэлігентная жанчына з дагледжаным тварам і пышнымі валасамі з радком, і ў непраўдападобна колерным беларускім нацыянальным строі; прыходзіла да студні з вядром па ваду. Часам нешта спявала. На мужчынскія жарты электраманцёраў адказвала на цудна-чыстай беларускай мове, што зрабіла на мне ашаламляльнае ўражанне, і я нецярпліва чакаў, калі пачне грубіяніць ёй той левы энтузіяст пальшчызны, каб накінуцца на яго з кулакамі. Але ён быў ужо пасля тае рэплікі брыгадзіра, і калываўся, бы выпакладаны кныр. Так абмінуў мяне шанц звярнуць яе ўвагу на сябе; на нешта іншае я, як заіка, не спадзяваўся. Кавалеруючы, інстынктыўна схіляўся да спелых кабет, ведаючы, што яны не будуць смяяцца з майго маламоўнага калецтва. У іх усё ж сякі-такі розум.
У Гайнаўцы пашукаў сонечным вечарам беларускі ліцэй, пра існаванне якога даведаўся з вялізных партрэтных стэндаў на беластоцкім Рынку Касцюшкі, у тадышнія выбары ў Сейм. На адным з палотнішчаў красаваўся менавіта візэрунак towarzysza Сарокі як кандыдата ў паслы і дырэктара таго ж ліцэя. Нахмураны тып, рыхтык бальшавік. Можа таму не зайшоў я ў школу, пастаяўшы на тратуары, любуючыся шыльдаю. Затое – у вяртанне чыгункаю з Гайнаўкі – у Бельску адчайна пераступіў я парог такога ж ліцэя, дзе ўгледзеў мяне мілы чалавек з расейскім акцэнтам. Ён распавядаў, а я ўсёй млеў ад шчасця. Першы ў маім маладым жыцці pan profesor, які гаварыў са мною не па-польску (і не па-расейску, бы савет ці бацюшка). Словам, нірвана хлопчыка, прыйшоўшага на свет у каланіяльных умовах.
Усё гэта чамусьці вяжацца ў маіх пачуццях з тымі даўнімі Калядамі. Два запахі: яліны і пернікаў з ваніліяй, напечаных маткаю. Яшчэ і водар чысціні. Ніхто не чуў пра пыласосы-адпыльвачы. І пра тэлевізары, якія цяпер так руйнуюць атмасферу дома. Радыёпрыёмнік у піліпаўскі пост бацька штораз выключаў, калі перадавалі музыку, спевы. Нельга было, божая жалоба!
Да паловы пяцідзесятых стаяў густы клімат потайнасці. На чорную легенду АК насунуўся яшчэ і цень сталінізму, улады прасцякоў, жулікаў. Жа ж не аціхла расстрэльнае рэха нямецкай акупацыі, а і бабскія прычыты тых, каго поначы вывозілі саветы на „белыя мядзведзі”. Санацыя, хоць і недалёкая, падалася тады антычнасцю. Нестарых бацькоў пагорбіў лёс, пра які мы, падрастаючая моладзь, не мелі і прыблізнага ўяўлення. У дзяцей гэта, зрэшты, нармальна. Таксама і ў тую эпоху фашызмаў. Карычневых, чырвоных. У тых і ў тых імем люду.
Мы тым часам маршыравалі пад паходную музыку маладых будаўнікоў сацыялізму. Маючы ў галовах пакуль незабыўныя пастушыныя гульні, выганскія чэмпіянаты „ў лапту”. Даваенны Беласток, па кватэрах якога распыліліся вучнямі, пазіраў на нас неяк кпліва, нічога не кажучы ўголас. Мус быў утойвацца, не выдаваць сябе, хто ты і адкуль. Камфортнасць мае сітуацыі палягала ў тым, што беластоцкай гаспадыні я мог распавесці пра бацькоў як пра заможных рамеснікаў. Як першынец краўчыхі і шаўца з даходамі. Гэта не прымушала хавацца і з патомнай праваслаўнасцю, і z ruską mową. Наконт новай кватэры дамаўлялася мая маці асабіста. Ёй ні разу язык не павярнуўся азвацца пры чужых да мяне па-польску; побач тырчэла, развесіўшы вушы ды разявіўшыся, тая ж гаспадыня. Ja wszystko rozumiem – тлумачыла мацерцы, шыкоўнай па апошняй модзе і толькі я прыкмячаў мужыцкі загар на яе шыі ды парэпаныя далоні ў празрыстых, захаваных ад шлюбу белых рукавічках. Маці ведала цану сабе, бо ведала яна Беласток, у якім стала некалі паненкаю, служанкаю на Беласточку. Гэты горад ненавідзіла! І пэўна перажывала, што і я ў ім; сына, Божа, выслала сюды (!).
У навапабудаванай гмашыне на рагу Сянкевіча і Ліповай, адчынілі на партэры кнігарню з савецкімі выданнямі. З вітрынаю заваленаю кніжкамі „з буквамі”. Аднаго разу, я і Жоржык, запыніліся паглядзець навіну і ён мала не скасіў мяне, сігануўшы ў бок. – Przecież tu Rynek Kościuszki i jeszcze ktoś zobaczy, że interesujemy się książkami nie po polsku!... Wstyd!
Няўжо адзін я з навучэнскай крынкаўскай грамады заўпарціўся не зрабіцца палякам?! Калі адзін- адзінюткі, дык, ясная справа, несумненны ідыёт! Але быць такім ідыётам у рамантычныя пятнаццаць-шаснаццаць год зусім не тое, што ў дастойныя шэсцьдзесят пяць. Ты ўваходзіш у даросласць, круцішся прыдбаць нарачоную ды снёных кандыдатак ў жонкі бяруць агідныя наваніты ад твайго няпольскамоўя. Разам з тым зялёная амбіцыя не дазваляе ламацца. Засранская – і ў тых і ў тых, якая з гадамі адпомсціць усім, з надбаўкаю. За мяжою, у Гродне, ідэнтычна русіфікаваліся, адхрышчваліся быць беларусамі. Белыя негры Еўропы, парабкі новым панам.
Сенсацыя даганяла сенсацыю. Стацца небеларусам было б мне сорамна перад бацькамі, вось у чым галоўнае. І абсалютна немагчымае пасля шоку ад кніжыцы Дабрыніна пра... Георгія (sic!) Скарыну (набытак з тае кнігарні). Вось што такое Беларусь!
А я, прасцяк, думаў, што беларусам быць – досыць хадзіць у царкву ды паважаць дом.
У мяне знайшліся аднадумцы ў Крынках, сваяк з Піражкоўскай і двух сябрукоў з Гарадзенскай (хто сын афіцэра Белай Арміі, а хто кулацкі, без закамплексаванасці хлебам). Я вырашыў падзяліцца з імі шчасцем і ў вакацыйны пярэдых – пасля смерці Сталіна – прачытаў ім энтузіястычны даклад пра Скарыну, пра велічны не адным палякам Залаты Век. Ад каласальнага ўражання яны пабялелі! З хвіліны на хвіліну станавіліся нацыяй. Замест дыскусіі, натхнёна загаманілі пра тое, што трэба, вось, нешта рабіць, арганізоўвацца. Беды ў беларусаў якраз у неарганізаванасці. Ад самотнасці аднаго перад адным. Гэтак пачаўся Саюз Беларускіх Патрыётаў, на ўдушлівым у жніўную спякоту гарышчы хаты Грышкі Гарбуза, куды забіліся мы ад неадольнага жадання паканспіраваць (róg Wąskiej i Bema). Хацелася тайніцы і кахання дзяўчат, але равесніцы, як усякае „бабскае насенне”, спелі раней і заглядаліся на старэйшых, амаль ігнаруючы нас. Дзейнічае страх, каб дзяўчо не „абарабаніў” дзіцём бязвусы няўмека без канкрэтнай перспектывы. Obszczyjwęgieł!
У тадышні мілітарызм, калі ўсё было фронтам, нават барацьба з непісьменнасцю ці камунальнае будаўніцтва, філамацкі па сваёй сутнасці Саюз Беларускіх Патрыётаў аформіўся накшталт вайсковага штаба. З сігнальнымі фразамі ў небяспечнасць, з лічбавым шыфрам (напр. сямёрка – гэта „а”). Калі б, не дапусці Божа, пацікавіліся намі сакрэтныя службы, дык сапраўднаму дэшыфранту было б работы на якую гадзіну часу, не больш, азнаёміўшыся папярэдне з беларускім слоўнікам... А я ўдадатак намаляваў хлопцам членскія білеты з БССРаўскай „капустаю” (пра нацыянальную сімволіку мы і чуць не чулі). Устанавілі ліміт вярбоўкі – па двух кожнаму на працягу школьнага года. З увагі на маю начытанасць – за наступны даклад адказваў дадаткова я, як абраны шэфам Саюзу. Тэма: Кастусь Каліноўскі. Мелася рэалізавацца роўна праз год, у пушчанскім урочышчы Перацёсы, у васьмі кіламетрах адсюль, ля магілы паўстанцаў. Давялося патлумачыць, што яны не „мяцежнікі”, а змагары за Вольную Беларусь... Вешалі іх і ў Крынках, на Шыбеніцы.
Новага члена прыдбаў потым менавіта я, у асобе аднакласніка ў тэхнікуме, Сашкі Кахановіча з Белявіч, што каля Гарадка. Вучыўся ён, праўда, тупавата, але беларус з яго быў стопрацэнтны. Як і выпадала чалавеку ад Гарадка. Само мястэчка я трохі знаў, каторагасьці году асталяваўшыся там у цёткі Жэні, матчынай сястры, што жыла – там – замужам за Скарынкевічам, хвалёным краўцом і пры гэтым манцёрам свежаўтворанага радыёвузла. Валілаўскім цягніком даязджаў на ўрокі, даволі далёка спяшаючыся са станцыі Цэнтральны Беласток – на Заменгофа. Дзядзьку Скарынкевіча паважалі тутэйшыя, бо ён слухаў Маскву і пераключаў яе на „точкі” па хатах (асабліва, калі спявалі „частушкі”). Скончылася тое, аднак, бурлівай афёраю: мясцовы паляк напісаў скаргу беластоцкім начальнікам і тыя wstawili mózgi Скарынкевічу: Гарадок усё ж у Польшчы, значыць: слухаць Варшаву!