Чарговы ўздрыг сенсацыйнасці ўпаткаў ад з’яўлення ў той кнігарні Клуба Міжнароднай Кніжкі і Друку колерных часопісаў „Беларусь”, „Маладосць”, „Вожык”, „Работніца і Сялянка”. Так! Як наладзіць падпіску на іх у Крынках? Ветлівая пані прадаўшчыца не ведала, але завяла мяне да кіраўніка, сівавалосага Васіля Літвінчыка, якога я беспрытомна выслухаў, перш не цямячы толкам, чаму напахнёны беластоцкі пан і „шышка” – szanowny towarzysz! – гаворыць па-беларуску... Беларускі свет нарэшце азваўся без халопскай аглядкі ды хамуцкай запацеласці.
Літвінчык запэўніў – і мая падпісная агітацыя дала някепскія вынікі. Паўвеку вось памятаю стройную Зіну Ганацкую, медычку з крынскай бальніцы. Яна з прамяністасцю ў вачах заказала ўсё, і „Беларусь”, і „Маладосць”... Іншыя падпіснікі скрамней.
Значна пазней уведаў, што ў Крынках – і ў блізкай Саколцы – узнік быў тады Narodowy Związek Patriotów Polskich. Нічога страшнага, калі б да тых ліцэістаў-католікаў (Каралькевіча і сябрыны) не зацясаліся старакавалеруючыя фрустраты: забілі, дурні, міліцыянта. Умомант пералавілі следчыя наіўнякоў; засудзілі па бязлітасных мерках таго часу (самога забойцу, здаецца, павесілі). Хлапчукі „зарабілі” цяжкія выракі, нягледзячы на іх няпоўналетнасць. Беластоцкі радыёкаментатар погразна пуэнтаваў: Związek Patriotów Polskich – tak, Narodowy – nie!
Саюз Беларускіх Патрыётаў стуліў вушы.
Саюз Беларускіх Патрыётаў, хоць і не разгарнуўся, назаўсёды вызначыў аднак нацыянальную нам свядомасць. Сябры распыліліся па школах Польшчы – ад Альштына да Шчэціна і Вроцлава. Вялі перапіску, часцей шыфруючы тым жа лічбавым кодам не столькі свае палітычныя думкі, колькі менавіта характарыстыкі кандыдатак у нарачоныя... Пісем пісалі шмат, настальгічных. Сустракаліся ў Крынках пры нагодзе святочных і летніх канікулаў – у нашым новым прасторным доме, што не было так складана, бо маці любіла кагаліць ды ўчастоўваць, выслухоўваць пахвалы яе кулінарных здольнасцей. У бацькі як шаўца не зводзілася прыхаваная самагонка, якую пастаўлялі сялянскія кліенты. З вёсак над Нетупаю ды Свіслаччу прывозілі пад Каляду свежай рыбы, мянтузоў з камяністага вадаспаду каля вадзянога млына Карпінскага. Перадсвяточнае замяшанне нарастала на які месяц раней. Бацька – тады ўжо нелегальна – грукаў у майстэрні, адкуль вечарамі далятаў мужчынскі рогат (яшчэ прыходзілі на майсы падобныя яму нелегалы). Патаемны выраб скураў у Крынках, наогул хромавых, набываў нябачнага размаху, дзякуючы ціхай спагадзе функцыянераў улады, партыйных і паліцэйскіх з павятовай Саколкі ды з ваяводскага Беластока. Ім трэба было камісарскіх куртак і доўгіх плашчоў на непагадзь, у дождж і ў завіруху. Патаемнікі, ясная справа, не бралі ад іх грошай, а насупоненыя ўчарнелыя начальнікі не паяўляліся асабіста, здзелкі адбываліся цераз жонак або сваякоў. „Скуратнікам” такі інтэрас быў моцна на руку, быццам цяперашні памяркоўны haracz для мафіі. У сталінізм апаратнікі жылі скромна. Гэта потым яны разявіліся, бы паршукі ў карыце, пасмакаваўшы дарэмшчыны.
Чорны рынак пускаў карані на дзесяцігоддзі. Крынкі як гарбарны некалі патэнтат набылі вядомасць і за Віслаю. Перадваенныя работнікі ў жыдоўскіх гарбарнях заняліся – кожны як умеў – скуратніцтвам. Страшны Urząd Bezpieczeństwa Publicznego (абрэвіятура: UB) перастаў у чарнамазых выклікаць пярэпалах; убоўцы праводзілі рэвізіі, чаму не, але як бы дзеля прыліку, і неяк заўсёды ў пэцкаляў, г.зн. у тых, хто блага вырабляў (добрых фахманаў не чапалі). Сфармавалася хэўра старэйшых хлопцаў, якія выконвалі, так сказаць, кур’ерскую службу, адвозячы гатовыя заказы, бывала, і недзе на Шлёнск. У дарогу апраналіся канспіратыўна па-лахманнаму, але чамусьці абавязкова ў хромавых шапках з зашмальцаваным казырком і нацягнутых аж да брываў (можа таму, каб не падалі ім з галавы ў падарожную дрымоту?). Раз-другі здарыліся забойствы.
Беларуска-патрыятычныя гутаркі ў застолле, як успамінаю, былі ўсцяж... савецкімі. Польшча мелася стацца семнаццатай рэспублікай; крамлёўскія маруднікі лішне адцягвалі фіналізацыю таго. Што ж, усё роўна нікуды яна не падзенецца, у варшаўскіх вярхах поўна саветаў, польскай арміяй камандуе маршал СССР Канстанцін Ракасоўскі. Заядлае русафільства бралася з апазіцыі да не менш бязвыхаднай русафобіі ў католікаў, як два канцы сукастай палкі. Мы ні трохі не разумелі вялікай палітыкі, логіка якое адназначна ў некарысць беларусам, уяўляючымі сабою маргінальны патэнцыял. Расія наогул лёгка прадае сваіх энтузіястаў, маючы на ўвазе глабальныя мэты, кантынентальныя. Паветы, рэгіёны яе не хвалююць. Ёй давай усю з патрахамі Польшчу.
Ці беларуска-польскае паразуменне на народным, стыхійным, ўзроўні магчымае? Напэўна так, але процідзеялі і процідзеяць гэтаму грамадскія і канфесійныя структуры, а рашуча – палітычныя. Католік-беларус, калі б такі аб’явіўся ў нас, быў бы залічаны ў лік псіхічна хворых асобаў. Праваслаўныя аднесліся б да яго як да подлага правакатара, якому хочацца чагосьці небяспечнага.
У моц такіх фактараў Беласточчына паступова апускалася ў цывілізацыйную катастрофу; пашыраючы ў ёй пагарду да родных каранёў, пазбаўляючы пачуцця бацькаўшчыны. Польская асіміляцыя, як кожная асіміляцыя, надта павярхоўная, ананімнае насельніцтва не перастае кіравацца па-прасцяцку сацыяльнымі інтарэсамі, жыватом, замест галавою. Няма нацыі, няма і Айчыны. Толькі гон, гон і гон па лепшы хлеб. Не свой жа, чужы. Гэта ж, выбачайце, лайдацтва!
Мае кантакты з Васілём Літвінчыкам набылі некаторай канфідэнцыйнасці. Я нават заходзіў да яго на кватэру, на паддашку аблупленай камяніцы на Аградовай (блізу Фабрычнай). За каторымсьці разам ён пазнаёміў мяне з беларусам, які на выгляд не павінен быць беларусам: энергічны чалавек, смелы ў слове, не плаксівы, канкрэтны, ажно катэгарычны. Піліп Кізевіч, дырэктар беластоцкіх вадаправодаў. З выразнымі сувязямі ў структурах улады. Заімпанаваў! Хоць і ад яго павейвала, як і ад Літвінчыка, настаўніцтвам (мой вучнёўскі нюх). Абодва яны спрачаліся ў нечым, чаго я не кеміў; даходзіла да мяне агульнае: ідзе барацьба ў беларускіх справах, у адміністрацыі (наконт школьнага пытання?). Мая прысутнасць дадавала мне гонару. Як матурысту, дзядзька Піліп – сурова зіркаючы ў твар – наказваў: вучыцца, паступіць у вышэйшую школу, і не жаніцца, ахвяраваць усяго сябе справе! Беларускаму руху трэба інтэлігентаў-самотнікаў дзеля ненаіўнай дзейнасці, і каб без завалы бабаю, дзяцьмі. Такі адзін зробіць больш, чымсьці натоўп дыпламаваных сяруноў, якіх надта проста шантажаваць нэндзаю сям’і. Браць вось прыклад з ксяндзоў: вучаныя яны, дысцыплінаваныя. Цэлібат не раўназначны з бязбаб’ем у пасцелі, гарантуе аднак бескампраміснасць у жыцці, заўсёдную гатоўнасць у імя нечага галоўнага. Настаўляў Кізевіч, даваенны падпольнік, чамусьці не прадчуваючы духу пасляваенных гадоў.
Я і маё пакаленне ў ахвоту слухалі былых змагароў, як малое байку. А напраўду мы марылі аб іншым, аб тым, каб хутка дабіцца фаху і блёку, заробкаў і пекнай жонкі. Універсітэцкі ці палітэхнічны дыплом – гэта доўгая песня; калі тое будзе, а змаганне невядома чым кончыцца. Нашто далей вучыцца, калі фабрыкі ўжо чакалі тэхнікаў ды дзяўчаты на музыках над Свіслаччу і Супраслю ажно сукаталі каленямі, каб узяць каторую замуж у Беласток. Будні нецярпліва начэквалі прыходу маладых. Тым часам мажны дзеяч з вачыма фанатыка намаўляў аддацца без астатку ідэі.
Я любіў чытаць пра рэвалюцыянераў, як і пра амерыканскіх індзейцаў, цікаўна прыкідваючы час-часом, колькі даставацьму, стаўшы... тэхнікам-электрыкам.