Захапляў інжынер Врубель, выкладчык прадмету электрычнай апаратуры. У перапынкі, пыхкаючы дарагімі папяросамі, ён казаў з драпежнай грымасаю: – Technik, który zarabia mniej, niż jego żona, to patałach i eunuch! Idźcie do biur projektowych, tam są takie fuchy, że po roku będziecie zasuwać własnym autem, czesać się w „jaskółkę”, nosić buty na „słoninie”, tańczyć rokenrola, i nie żałować sobie na kobiety... – так казаць было рызыкаю, але ў палітычнай пагодзе цяплела хрушчоўскай адлігаю. Аднак, ці так вельмі ён рызыкаваў тут, сярод бязвусых абітурыентаў, кіруючых у бок цванасці і скідаючых спадцішна чырвоныя гальштукі. Праз год-паўтара настаў Гамулка, і гэтага towarzysza Wiesława раскалыханая Варшава падымала „на ўр-рр-аа!”
Раўняючыся пад інжынера Врубеля ў апланоўванні будучыні, яснай і шыкоўнай, мяне чамусьці цягнула разам з тым у Крынкі, у іх прыгуменную містыку даўніны. – Малаціць цэпам авёс, пад трэскат платоў у маразы. Рэзаць сечку жывіне, у густым паху сухое канюшыны. Старэкаваць з бацькам, набіваючым драўлянымі цвікамі падэшвы на пару новых ботаў гаспадару з Верхлесу;
у папяросным дыме ды кіслым смуродзе ад згатаванага на фаерцы пліты клею з мукі. Памагчы матцы садзіць бульбу на агародах, у цяплеючых чорных барознах араных плугам „у загон” з попахамі пераспелага гною, з плоймаю варонаў ды вераб’ёў дзюбаючых патрывожаных лемяхам чарвякоў. Наведаць старога Даміянчыка-Яновіча ў яго курнай хаце, які круглы год не скідаў з плячэй кажуха, бараду падстрыгаў авечымі ножніцамі; апавядаў пра службу ў мікалаеўскай арміі на Каўказе, пра разню з чаркесамі. „А я яму доўгім рускім штыхом у жывот як ні парну!..”
У Крынках уцалеў свет хлява, стадолы, поля. Вайна зматлашыла свет фабрыкі, тавару, капіталу. Маё пакаленне драматычна ёўзала паміж жывымі без веры ў перспектыву (калектывізацыя!) і мёртвымі, якія хоць і маўчалі па-магільнаму, але памяць пра іх брыняла рацыяй тэхналогіі, прадуктывізму (мы ж рабіліся тэхнікамі, не земляробамі!). У выпаленых гарбарнях на Пагулянцы немымі жураўлямі тырчэлі заіржавелыя канструкцыі, у глыбозных чопах бліскацела ад хімічных раствораў, валяліся інструменты, на якія не палашчыліся навазладзеі. Прыжываўся я ў Беластоку, а ў спіну дыхалі мне Крынкі. Неяк крыўдна пачуваўся на душы ад таго, што няма і не будзе вяртання.
Знаёмства з Кізевічам асвяжала. Ён не паўтараўся манатонна. У яго знаходзіліся кніжкі, прычым нямала, што падалося спачатку неразважлівым марнатраўствам. На рускай мове, на беларускай. Так, ага, запамяталася здзіўленне тым, што кніга па-беларуску можа быць гэтак жа тоўстаю, як па-руску або па-польску! Псіхалогія задрыпанца, Murzynka Bambo.
Кізевічы мелі ўласны дом, укрытую дзікім вінаградам хату на Ветраковай (19?), што ў Антанюкоўскім квартале. Блізу чыгункі ў Расею. Брукаваная, стромістая вуліца з тратуарыкам, у цяні садкоў за глухою агароджаю, за якою ў цяплынь магчыма было падгледзець праз шчыліну загараючых сем’ямі мяшчанаў, застаўленыя прысмакамі столікі пад яблынямі, кавалераў і паненак гуляючых у мяч. Патомныя беластачане. Wiocha глядзела на такое гультаяванне са зласліваю ўсмешкаю: – Паны, блядзь, выпучылі сракі да сонца! Бальшавікоў на іх няма!!!
Дзядзька Піліп гуртаваў рэдкую, бы залатыя пясчынкі, інтэлігенцыю. Хацелася б сказаць: беларускую. Аднак жа бязлітасная праўда ўскладняе вопіс: некалькі жанчын і мужчын з вышэйшымі дыпломамі, што заходзілі да яго, рэпрэзентавалі сабою перш за ўсё праваслаўнасць, настойліва гнулі на царкоўна-рускае слоўе, не смакуючы Кізевічаву беларушчыну. Яны, як і праз пакаленне ў нашым БАСе, шукалі партнёраў для шлюбу, не шанцаў на нацыянальную актыўнасць. Клуб марыяжу. Ну, няхай.
Стары перасцерагаў ад нелегальшчыны. Таму, відаць, я надумаў як быццам легалізаваць Саюз Беларускіх Патрыётаў у наваформу... Карэспандэнцыйнага Клуба Маладой Беларускай Інтэлігенцыі. Напісаў нешта кшталтам статута і пайшоў з гэтым у цэнзуру на Электрычнай вуліцы; адтуль накіравалі мяне ў ваяводскі аддзел унутраных справаў на Міцкевіча. Прыняў гладкі начальнік, паабяцаў. Пасля чаго – аднойчы прыбегла на ўрок сакратарка дырэктара тэхнікума і, неспакойным галаском, паведаміла, што званілі, каб я неадкладна з’явіўся ў Zarząd Wojewódzki Związku Młodzieży Polskiej (цяпер там Ваяводская Бібліятэка). Ужо чакалі з выпісаным пропускам, а ў пакоі на паверсе, куды завялі, паважліва прывітаўся са мною гаварлівы тып, брунет з колкім позіркам, які адрэкамендаваўся як towarzysz Siergiej, też prawosławny, lecz Polak. Паядынак на аргументы яго са мною wypisz-wymaluj, як цяперашнія дыскусіі z czerwonymi chrześcijanami prawosławnymi. Ён апеляваў, каб я перадумаў, зразумеў, змяніў арыентацыю. Так рэалізаваўся мякчэйшы варыянт польскага сацыялізму, калі не стала Сталіна. Паратавала маю скуру – думаю – існаванне беларускіх школаў, а я хацеў яшчэ і беларускай арганізацыі, вось у чым кіпела недазволенасцю маіх памкненняў.
Неўзабаве ўедліва заняўся перавыхаваннем мяне школьны лідэр Генік Лісоўскі з Талькоўшчыны на Крыншчыне, якога брат быў убоўцам, і сам Генік дастаўся туды потым у тэхнікі тае вялізнае ўстановы (не быў ён паскуднікам, памёр маладым, ад інфаркту, на Млыновай). Да людзей з Талькоўшчыны ў мяне якоесьці спецыяльнае, чорнае, шчасце: пасля Лісоўскага ў камунізм прыняўся за ролю майго выхавальніка, але ў антыкамунізм, Юрак Мушынскі, шэф беластоцкага радыёвяшчання. Таксама радаводна талькоўскі чалавек. Прычына адна: і камуністу і антыкамуністу свярбела і свярбіць, чаму я беларус! Затое маю шчасце да прыкрынкаўскіх Астравоў. Ажаніўся з астраўлянкай Таняй Хомчынкай. Астраўлянін-журналіст „Нівы” Міхась Хмялеўскі бараніў мяне перад беластоцкім партыйным камітэтам пры познім Гамулку, а астраўлянін-журналіст, што ў гадах маіх сыноў, Юрка Хмялеўскі, ратуе вось мяне ў капіталізм, даючы з гонарам зарабіць (дапаўшыя да пасадаў pampersy маладабеларускія, як той Мушынскі, прапанавалі, owszem, ганарары, але роўныя сацыяльнаму ўспамажэнню для беспрацоўных, 120-150 злоты ў месяц). Гэтак забег я далёка наперад для тэматычнай гармоніі і паказу той устойлівай з’явы (шукаю ёй тэрміналагічную назву-вызначэнне).
Калі ў першым класе тэхнікума было нас усіх вучняў нешта пад сорак, дык пасля трэцяга засталося менш паловы. Найбольш абсыпалася, натуральна, спачатку. Мы ўжо пачуваліся амаль тэхнікамі, падумвалі пра дыпломныя праекты электрычных інсталяцыяў.
І я каліграфаваў адрас свайму фіктыўнаму аб’екту для тэхнічнай распрацоўкі: Biełastok, ulica Kastusia Kalinouskaha. Гэту дзіўнасць згледзеў новы, надта партыйны, дырэктар; сам ён, будучы рэпатрыянтам, разумеў беларускую мову. Незадаволена прабурчэў: Biełastok, але нічога не сказаў. Летам – можа, раней? – раз’ехаліся мы на практыкі; я ў электратэхнічную арцель аж у Валбжыху. Кантакт са Шлёнскам: даўкі на тратуарах попах дыму, вугальны пыл на вокнах, поначны грукат трамваяў, учарнелыя франтоны будынкаў, людскі мурашнік. З такое перспектывы Беласток бачыўся райскім мястэчкам з ксяндзоўскімі агародамі (ля Рынку Касцюшкі).
Прызначылі мяне ў сектар рамонтаў электраматораў, у якім рабілі грэкі з македонцамі, што знайшлі ў Польшчы прытулак пасля няўдалай чырвонай рэвалюцыі пад камандай ген. Маркаса (1948 г.). Я сам са сваім імем „Сакратас” ды з царкоўным веравызнаннем меўся ў іх, як у Бога за плячыма. Праўда, яны не чулі пра беларусаў і я ім нарысаваў мапу Беларусі, ёю адразу пацікавіліся македонцы, нацыянальная мяншыня ў прыэгейскай Грэцыі. Што граха таіць: і я толькі пачуў пра Македонію (далі пачытаць мясцовую газету з чатырох старонак: дзве на грэцкай мове, і дзве на македонскай). Неўзабаве абдорыў мяне сваёй газетаю „Фолксштымэ” і смольны жыд, рэпатрыянт з Харкава, з якім я разгаварыўся быў наконт непадабенстваў беларускіх і ўкраінскіх формаў (напрыклад „зіркаць” блыталася яму з зоркаю, а „кіт” з... катом). Бывалі моманты, калі цалкам панавала ў варштаце нямецкая гаварнеча, майстры не кемілі польскіх тэхнічных тэрмінаў. Сям-там „жармэнілі” па-французску, тыя, што шахцёрылі ў Францыі. Часта выходзіла, што па-польску гаварыў адзін я, не даючы рады зляпіць словы на якой-небудзь з тых іншых тут штодзённых моваў. Тоўстыя немкі гарласта гаманілі, і як я сцяміў, падхвальвалі менавіта мне сарамлівую, бледнатварую Фрыду. З бабскім натхненнем акцэнтавалі: „гут паненка”, „фройляйн Фрыда найн католік”, „іх бін кохач Бэляруш”.