Выбрать главу

З вывазу жыдоў у прыгродзенскую Кілбасіну анічога не ўцалела ва ўспаміне, акрамя абозу мужыцкіх фурманак, якія абселі былі тыя няшчасныя людзі, і міг з пэйсаватым дзядком у незабытым кадры, што – з мяшэчкам за плячыма – даганяў сваіх, дастаючы ўкаплех аб буславатага паліцая.

Гадаваўся я паўсіратою, ведаючы, аднак, што і ў мяне ёсць бацька; ён у нямецкай няволі. Час-часом прыносіў бедны Клімовіч з пошты пісьмы ад яго, за што клалі мы яму ў торбу пару яек або кавалец саланіны (не было службовага пісьманосца). Пісаў да нас на нямецкай мове, каб цэнзура прапусціла, і матка брала яшчэ яек – даўняму пісару Харужаму, што даваў рады гергетаць. Харужы вусна перакладаў ёй каракулі ды ад яе імя зграбна адпісваў

у тым жа стылі, „Майнэ лібэ Костя...” Адны фразэсы, але з важным значэннем: жывем, не прападаем. Калі палонныя беларусы ўжо маглі жыць і працаваць на свабодзе, нічым не пазначаныя на плячах і грудзях, бацька – а па матчынай паўінтэлігенцкай фанабэрыі „папа” – стаў на работу, будучы шаўцом, у нейкай абутковай фабрыцы ў Дрэздэне. Зарабляў, кватараваў у мясцовай сям’і;

у нашай хаце паявіліся маркі, зрэдчас і пачкі (мне прыслаў альбом з фоткамі Крыгсмарыны, якія цудоўна глядзеліся праз далучаныя да выдання павелічальныя акуляры).

Існаваў татка трохі як у байцы, віртуальна. На групавых фатаграфіях я не апазнаваў яго, за што іншы раз аплявушыла мяне, наогул неўрозная радзіцелька (уцякаў пад ахову бабулі Палосі). Увесну сорак трэцяга ён, атрымаўшы „урляўп”, замест зведаць з бясплатным білетам прыгажосці багатай Саксоніі, паімчаў на пасажырскім цягніку – праз Брэсляў, Позэн, Аленштайн, Просткэн – у Беласток. Да жонкі з сынам. Дамоў. У Простках ссадзілі яго грэншуцы, перад якімі апраўдаўся няведаннем і, адначасна, здзіўленнем, што ўсё ўтрымліваецца пад кантролем даваенная польская мяжа... Уночы забіўся ў вайсковы эшалон, што валокся на Курскую дугу: салдаты запраталі яго ад свайго афіцэра. Немцы пасля Сталінграда былі ўсё ж не тыя. Гітлер капут!

Апынуўшыся ў Беластоку, асцерагаючыся поначных патрулёў і партызанаў у лясах дабраўся з чамаданам пешкі да швагра Базылюка ў Навасёлках, па той бок супраслеўскай пушчы. Акрыяўшы ў яго, запраглі яны назаўтра каня і падаліся ў Барсуковіну, адкуль мая маці, Аляксандра Грыка. Да яе братоў, Косці і Валодзькі.

Сустрэўся я з бацькам выпадкам: гуляў з хлопцамі на выгане, калі ўгледзеў клёкатную фурманку таго ж дзядзькі Косці, які па-святочнаму сядзеў на капе з незнаёмым мне чалавекам у гарадскім адзенні, з чыста паголеным тварам. Даведаўшыся, што гэта „папа”, я ўцёк у хату і залез пад ложак, настолькі выдаўся ён мне чужы, непадобны на суседніх мужчын, зарослых і ў трантах, з кляцьбою ад рання да вечара. Патыхаючых гноем.

Мая дзікасць абразіла бацьку, схільнага да крыўдлівасці. Але, не было калі яму засмучацца: ягоным вяртаннем пацікавілася жандармерыя і ейныя падлыжнікі. Стаў мус хавацца; зручна на вышках хлява, у стадолах. Начамі з’яўляўся ў кухні паесці і, аднойчы ў такі момант я папрасіў яго, каб нарысаваў мне птушачку. Так, урэшце-рэшт, прызнаў бацькам бацьку.

Хільфпаліцай Чарнецкі з сабакам несумненна атрымліваў дакладныя звесткі, але, як свой сярод сваіх, рабіў усёмагчымае, каб не дапусціць да арышту земляка, патроху абдурваючы даверлівага з ім якогась Ганса. Не магло тое, аднак жа, доўга цягнуцца. Матчын лямант і бабулін стогн неўзабаве апавясцілі канец гэтай гульні ў схованкі. Праз колькі дзён пасля вялі бацьку ў кайданах, з набранымі купаю арыштантамі, на этап у Саколку. Пад карабінамі напагатове, каля трыццаці кіламетраў пыльнай шашою. Яшчэ на Сакольскай, насупраць Кузьмоў, бабуся бязбоязна прабілася да яго, з вузялком хлеба і сала, і з белым ручніком (я з маці вішчалі ў брамцы). Каб так годам раней – застрэлілі б старую.

Свае людзі ўмелі толькі палохацца і плакаць. У саколкаўскім астрозе вёрткі паляк-перакладчык падказаў Яновічу зарэкамендавацца на допыце шавецкім майстрам, бо якраз арганізоўвалі тут тылавыя рамонтныя варштаты адступаючай ад Смаленска арміі. Узялі, ахвотна! Не будзь таго паляка, павезлі б назад ды не ў Дрэздэн да спагаднага фабрыканта, а ў канцэнтрацыйны лагер за парушэнне законаў Трэцяга Рэйха.

Гету ліквідавалі ў Крынках – відавочна – цёплай восенню сорак трэцяга. Мяркую гэта па тым, што і бацька паспеў круціць гешэфты са знаёмымі жыдамі, у цёмныя ночы перакідаючы ім цераз высозную агароджу з калючым дротам паверх торбы з прадуктамі, узамен за назапашаныя імі хромы, юхты, падэшвы. Аднаго разу мала не наклаў ён галавою; прайшоўшы вайну, умеў ухіляцца ад куляў (драпануў зігзагамі). Меў свабодныя ад Саколкі дні на свае заробкі дома – акурат саксонскія шэфы яму шанавалі яго за веданне роднага ім дыялекту і пагаджаліся на выконванне тыднёвае нормы ўжо ў сераду дапазна. У чацвер раніцай прыязджаў роварам дахаты і, паснедаўшы, браўся за капылы; ад заказаў не было адбою. Гаспадары прыбагацелі за немцамі, якія лагічна не душылі іх падаткамі. Не бывае, аднак, такога дабра, якое не канчаецца злом: аблегчаныя хамуты заеліся гнаць самагонку, піць, як тыя індзейцы „вогненную ваду”. Адкупляліся ў благой патрэбе сівухою ад насланых Гітлерам германізаваных славянаў мазурскай або шлёнскай пароды; хлябталі гэту атруту пасля і ўстрэсаваныя блізкай капітуляцыяй баварцы ці бо швабы з вінаградных дорфаў над Рэйнам. Дэмаралізаваны акупант дэмаралізуе акупаваных. Не іначай.

Каталіцкі і шляхтаваты падсолтыс Шынкевіч яшчэ ўзіму разносіў па хатах беларускія афішкі з візэрункам аблітага крывёю Сталіна, шырокаю лапатаю шуфлюючага ў полымя бітвы сваю салдатню; прадаваў календары беластоцкага Беларускага Камітэту. Намаўляў аддаваць кажухі Вермахту, калі гібеў той у снягах пад Сталінградам. Вадзілі тым часам на расстрэл за ўзвышшам Прафітка партызанскіх памагатых з засвіслацкай Семяноўкі, разам з АКоўскімі падпольнікамі, заўданымі прасцякамі ў Шудзялаве за кальпартаж „Інфармацыйнага Бюлетэню”. Мужык адмахваецца ад ідэйнай нелегальшчыны. Ішоў часам у АК, але напэўна не для Белай Польшчы. Так, – каб нажыцца. У тым сутнасць народнай барацьбы, у рабунках. І таму ў даўніх арміях не мог узвысіцца ў афіцэры просталюдзін: ён непазбежна пераўтварыў бы атрад у банду. Атаманіў бы! Казачыў бы.

Шамрухевічы хваліліся нямалым садам і я настойліва сябраваў з іхным Жоржыкам, бо ў нашай цеснаце між хаткаю і хляўчуком з кароваю, авечкамі і свінчатамі, нават крапіве не было дзе вырасці. Ад яго, Жоржыка гэта, я пачуў пра намер уладаў утварыць нямецкую школу (мы афіцыйна знаходзіліся не столькі пад акупацыяй, колькі ў Нова-Прускай Правінцыі менавіта). Дзяцей ціха ўжо падвучвалі былі збяднелыя польскія настаўніцы з Гродзенскай вуліцы, прэстыжнай тым, што жыла на ёй тутэйшая інтэлігенцыя. Прошапані не вельмі намагаліся, аднак, прасвячаць хамскія чэрапы, больш косячыся на плату з крупоў, саланіны, мукі, гароху. Праз некаторы час дайшоў почут, што ёсць лепшыя, бо свае, вучыцелі (як казалі ў нас). У хаце Монькі на той жа Гродзенскай. Абавязвала патаемнасць, натуральна, дзякуючы якой не было нудна карпець над недакуранымі курцамі падручнікамі з падранымі партрэтамі Леніна-Сталіна. Самі ж новыя настаўнікі – два трасянкамоўныя маладзёны, – зусім без панскасці прызвычайвалі грамадку засранцаў выводзіць „буквы” на абрыўках „цетрадзяў” і калекаць забаўныя казкі Крылова. Бралі за навуку, як і тамтыя палячкі, але з той непадобнай розніцай, што такім чынам падкормлівалі яны сваіх „таварышчаў” у гушчавінах Перацёсаў (з майго падслухоўвання). Зніклі, як змытыя, адразу пасля таго, як бахнулі міны пад крынкаўскай электрастанцыяй. Ад гэтай электроўні застаўся ў мяне рубец над левым вокам: вечарамі кралі мы вугаль, марудна везены для яе ў шарваркі... Кузьмоў Віцька, першым ухапіўшы чорную глыбу, тады так пачаставаў мяне незнарокам. Электрычная лямпачка, калі хто яе меў, запальвалася перад змрокам і гарэла да дзесятай.

Немцы не паспелі адчыніць сваю школу, а празмерна асцярожныя бацькі Жоржыка нікуды не пасылалі хлопца; яго адукацыяй займаўся крыху пісьменны дзядзька Скроўба, радовіч ягонай маўклівай мацеркі. На іх хутарскую Кальварыю ніхто не заходзіў, ні кабеты з калаўроткамі на вячоркі. Ані буянілі там у Валосю напрыканцы масленіцы.