Памаўчаўшы, Давідзюк дадаў: – І вообшчэ говорат, што вы, товарышч Яновіч, тут бабамі занімаетесь... Уборшчыца находіт по кутках... intymną bieliznę, вот так, дорогой. Но не будемо это расследоваті, это другое дело.
Я зразумеў: Давідзюк месяцамі не кранаў тыя шуфляды, ну, і трэба мне цяпер кудысьці падзецца. На маю радасць – вырашэнне знайшлося: мужчына, што паліў на дзень печы, адкрыў пусты паддашак, з узвілістымі ўсходкамі ад дзвярэй, застаўленых канцылярскімі шафамі кіраўнічкі сакратарыята „Нівы”, сівавалосай „цёткі рэвалюцыі”... Надзеі Кусьмерак. Пазней яна заелася ажаніць мяне з Любкаю з Парослаў, сакратаром партыі ў прадзільным цэху фастаўскага камбіната, пабудаванага за тамтэйшымі агародамі, „коло Хвостоў”. Узнікла праблема з маёй непартыйнасцю.
На двары стаялі лютыя тэмпературы пяцьдзесят сёмага і сцены ў маім паддашку блішчэлі інеем. Мужчына напытаў мне прытулак у бацькоў рэдакцыйнага ганца, радаснага юнака Шарэйкі, што насіў матэрыялы ў друкарню (рог Мальмэда і Ліповай, дзе зараз гатэль Cristal). Жылі тыя пачцівіскі ў абасцанай валакітамі аблупленай камяніцы з кветкамі ў вокнах, душна і цёмна. Недзе ля Старабаярскай. Пажыў бы я ў іх, можа быць, і доўга, але спугнула мяне іх дачка з паненскім дзіцём, якая выразна зацікавілася мною. Яе не рассмяшала мая заіклівасць ані паслядоўнае беларускамоўе маладога нацыяналіста. Ёй ужо было byle mieć chłopa, może być Białorus. Нагадаю дадатковую прычыну майго панікавання перад дзяўчатамі – гэта сваркі мае маткі з маім бацькам, камандзерства бабы, і катэгарычны матчын напамін, што не пацерпіць яна аніякае, Бог ведае адкуль, нарачонай. Бацька адносіўся да тых наказаў лагадней, кажучы: – От, калі не палячка, то няхай будзе... – Я табе дам: няхай будзе, – бушавала мацерка. – Ажэнім у Крынках з праваслаўнай, то хоць вядома будзе, з кім!
Як кавалер пры грашах я кінуў хадзіць на ludowe беластоцкія танцы; асабліва знеахвоцілі мяне забавы ў фабрыцы Сяржана, дзе завялася пралетарская традыцыя жуднага мардабойніка. І з танцоркамі там не пабеларусіш. Сваякі па вёсках у тую пару чамусьці жаніліся адзін за адным і было незвычайна прыемна на вяселлях. Запамяталася – у Курцэвічаў, што ў Белагорцах: свае людзі, свая вера, свая мова, усёй свет свой! Ад скокаў пры музыкантах ламалася падгніўшая падлога ў паўшляхецкім іхным дворыку. І начлег дружбантаў з дружкамі, запамятаўся, бы забыты анахранізм груповага спароўвання ў першабытных славянаў. У прадвесную халадэчу хату засцілалі апоўначы саломаю, вясельнікі кладавіліся на яе снапамі, накрываючыся радзюжкамі; у адзенні. Дружкі абачліва нацягвалі на сябе мужчынскія нагавіцы, распорамі дазаду. Гасілі нафтовыя лямпы. Сну не было да світання, але і распусты таксама не, адно імітацыя купальскае оргіі. Нешта кшталтам школенасці будучых шлюбных пар, дашкольнага прадшколля, дзіцячай гульні ў мужа і жонку. Гэта насіла ў сабе глыбейшы сэнс, чым падумаецца. Прызнацца, я быў у стане шоку ад таго, умомант цверазеў, але куды ты пойдзеш – за вакном снегавіца. Мая Райка не ўпалохалася, яна рабіла ў фастаўскім камбінаце і сёе- тое бачыла, хоць дзяўчаты болей звычайна трактуюць te rzeczy. Зрэшты, які з мяне мог быць кандыдат на мужа і бацьку сям’і?
Ажыло сяброўства з Раманюком. У суботы не раз мы бралі ў турыстычнай пазычальні ровары і ехалі ў Вялікія Азяраны, у якіх ён наведваў нарачоную, а я сваякоў. Кавалеруючыя азяранцы згаджалі музыкаў і тады ў невялікай мясцовай школе тупацелі полькі. Грымеў вальс „чапляйся”. Каб я не пачуваўся самотна, нарачоная і мне вынайшла нарачоную. Серафім меў тую перавагу нада мною, што ён цалаваўся са сваёй Любкаю, а я з рэкамендаванаю Нінкаю аніяк. Проста не той стаж. У нядзельную спякоту хадзілі купацца ў гранічнай Свіслачы, па супрацьлеглым беразе якое паходжваў савецкі салдат з доўгаю вінтоўкаю, нічога не казаў, смуглявы і касавокі – няйначай – кіргіз... Нарачоныя не лезлі ў ваду, не выпадала ім агольваць смачноты цела; парыліся ў сукенках (на траве).
З нас усё не абсыпаўся „польскі кастрычнік” пяцьдзесят шостага, боязь вянгерскага варыянту развіцця сітуацыі ў неспакойнай краіне, чаканне раптоўнага грукату савецкіх танкаў на вуліцах. Пагрозу лагодзіў прыход Гамулкі да ўлады. Гэты towarzysz Wiesław карыстаўся аўтэнтычнай папулярнасцю ў палякаў, на руках насілі яго, песні аб ім складвалі, а ўсенька на фоне процірасейскай антысаветчыны. Вера Ляўчук тым часам піша, а яе Валкавыцкі друкуе шумны артыкул „Што з намі будзе?”, за які камітэцкія падлыжнікі мала не з’елі і яе і яго. Дэлегацыю Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства – з Піліпам Кізевічам – прыняў асабіста Гамулка(?). У рэдакцыі з’явіліся беларускія варшавякі, пасланцы „рэвалюцыйнай моладзі” (памятаецца шаленаваты Сіповіч, арганізатар нейкіх беларускіх секцыяў, у якіх узяўся бронтацца і я). Некуды ездзілі, бунтавалі па-сялянску ціхенькіх ліцэістаў у Бельску з Гайнаўкай. Трапіў у члены новага ваяводскага камітэта моладзевых арганізацыяў, адкуль неўзабаве даволі спрытна вытурыў мяне якісьці Мазурэк, прышыўшы наіўноце маску беларускага нацыяналіста ды брахлівага ворага палякаў...
„Ніваўскія” Ваські і Колькі селі на сраку. Баравік настойваў на тым, каб пісаць у публікацыях назвы мясцовасцяў на польскі лад: Грудэк, Бялысток, Гайнувка... Сокулка... Палітычныя перадавіцы koniecznie па-польску (у „Ніве”). Пярэпалах гэтага агранома паўстрымваў бурклівы шэф: – Таварыш Баравік, перастаньце...
Але таварыш не здаваўся, патрабаваў не весці размоваў па тэлефоне па-беларуску, бо... podsłuch, moi drodzy, podsłuch... На хвалях тае ўсерэдакцыйнай ды ўсенароднай шумечы пераплыў я на болей высокі бераг, з нізоў карэктуры і перакладаў адразу ажно ў журналісты. Крычаў: – Я хачу пісаць! Падставы меў, дэбютуючы апавяданнямі. Ці не месца Буры заняў быў, былога пракурора, які ў „Ніве” ведаў адно тырчэць ля акна і сумаваць па сваёй пракурорскай пасадзе (урэшце і вярнуўся назад туды).
У тадышняе ажыўленне прыходзілі на работу ў „Ніве” цікавыя людзі. Элегантны вільнюк Казімер Балінскі, праўда, не натужваўся завельмі, але пакінуў па сабе памяць незабыўным тэкстам „Рыбацкія слёзы” (пра рэпатрыянтаў ад нарачанскіх азёраў, што пашукалі сабе падобнага краявіду на Прусах). Юзік Рыбінскі з-пад Кузніцы, знойдзены на пасадзе білецёра ў кіне „Тон”, удала папісваў сентыментальныя кавалкі. Я любіў яго, бо ён заікваўся, часам мацней за мяне. З’явіўся Мадзэлеўскі, унікальна інтэлігентны паляк-валакіта, які праз месяц някепска ўжо пагаворваў на беларускай мове (ведаў заходнія). Таленавіта рысаваў, між іншага, ілюстрацыі да вершаванай Андрэем Сошкаю (Вацікам Асіповічам) аповесці „Прыгоды Агафона Аброткі”, і інш.
Каторагасьці дня пайшла чутка, што прыйшоў да Валкавыцкага сам Шэршань, той славуты Шэршань з акупацыйнае „Новай Дарогі”!
Каб павысіць культуру мовы, прынялі граматыка-знаўцу, нейкага Бройку (?), чалавека напэўна кампетэнтнага, але нясцерпна маруднага. А ў рэдакцыйнай практыцы трэба быць хуткім, іначай не выйдзе газета. Здольнасці ў журналіста ёсць іншага тыпу, чымсьці ў філолага.
За спіною шэфа вісеў на сцяне графік тыражу „Нівы”. Хоць не памятаю лічбаў на ім – не былі яны высокія, тры-чатыры апагейныя тысячы экз. – уцяміў на ўсю рэшту жыцця адно: кальпартаж тыднёвіка стрымгалоўна падаў, калі выбухаў чарговы польскі скандал, і рос у стабілізацыю настрояў. Беларусы баяцца паказацца беларусамі. Хадзіла нават наконт іх іншаназва: падпольныя беларусы. Або: хатнія беларусы. Калі сядзіць за чаркаю – баявы беларус, як жарабец! Калі працверазее – выпакладаны паляк.
Мая маладосць прайшла пад знакам „Нівы”. Моцна запамяталіся дэталі. Некаторыя ўяўляюцца, быццам было гэта ўчора. Бачу твары – чагосьці хітруючага Ваські Баршчэўскага, нясціхана смарклівага Міколы Матэйчыка, усё упалоханага Міхася Баравіка; бабскія пошапты Любы Сліжэўскай з Нінкай Бручка, драпежна патрыятычную Веру Ляўчук, няхуткага на ўздым эмоцыі Георгія Валкавыцкага... Асобна зазначу Міхася Хмялеўскага, супер-таленавітага свата. Я, нажыўшыся ў беластоцкіх кватэрах, імкнуўся да стабілізацыі, да жаніцьбы і не скакунскага быту. Дабрыня Міхась мяне ў гэтым паратаваў навек, на ўсю рэшту гадоў. Спачатку я спрабоўваў сам вырашыць сваю патрэбу, але вынікі аказваліся марнотнымі: дзяўчаты – вялікія рэалісты – з недаверам адносіліся да бязвусага дваццацігадовага гарачуна. У Залуках – не паўплываў у маю карысць нават аўтарытэт хроснага бацькі з заможнай Барсуковіны, хоць нарачонства тое ўжо былі запілі і замацавалі паненскім пярсцёнкам (Нюта палічыла за лепшае выйсці, аднак, за шафёра, а не за худога балбатуна з рэдакцыі). Пасрэдніцтва сваякоў давала фатальныя рэзультаты. Праставатая Райка з суседніх з Залукамі Навасёлак змарозіла мяне, беларускага нацыяналіста, непрабачальным надпісам на фотцы: Kocham Białystok i Ciebie!