Выбрать главу

Упорань схопліваўся на халодным паддашку ад грукату якогасьці сваяка старажыхі; даглядаў печы. У перадзімовую камандзіроўку ў Мілейчычы, у сцюдзёную адліжнечу я набраўся грыпозы і злёг з тэмператураю ў хаце Сяргея Крэйзы, земляка мне з Малых Азяранаў, які служыў у Сямяцічах, у разагнаных потым Гамулкаю „органах”, там і ажаніўся; далі яму інструктарскую работу ў БГКТ, але, маючы слабое сэрца або і дыябет, ён нядоўга пабыў на незайздроснай пасадзе. Калі трохі палягчэла ў грудзях, Сяргей праводзіў мяне на самотную ў полі станцыю Баравікі, дзе я сеў у беластоцкі цягнік. Памятаю, балела цела, кожны крок, і зямляк раскладваў агнішчы ў ядлаўцовых зацішках, адаграючы мяне на вятрыску са снежнаю крупою. Была вечаровая субота, калі рэдакцыя пустая, і за нядзелю я падлячыўся. Старажыха, убачыўшы, што са мною, прыдбала бутэльку спірту. Напіўся я ў пасцелі да бяспамяці; праз суткі прачнуўся мокры ад поту, хоць у куце бліскацеў іней. Навучаны гэтым драматычным эпізодам, больш вельмі не застываў, ведаючы, што бяда бярэцца ад успацеласці ў вандраванне ў непагадзь.

Сакратар Галоўнага праўлення БГКТ, Аляксей Казёл, бегаў, як апараны, арганізоўваючы беларускую філалогію ў Завочнай Настаўніцкай студыі ў Беластоку. Сам ён абачліва запісаўся туды першым як студэнт, няйначай падумаўшы, што: калі нават і UB аказалася нявечным, дык тым болей сакратарства, а дыплом настаўніка ўсё ж гарантаваў хлеб. Дырэктар студыі, Радзюкевіч, пабойваўся Казла і ён, здаецца, досыць гладка праходзіў семестральныя экзамены. Быў гэта той штудыянт, невуцтва якога проста выпірала яму на бульбяны твар (Колька мармытаў пра незакончаную Аляксеем хаця б пачатковую школу ў родных лідэру Меляшках). – Towarzysze, nie było czasu na naukę, kiedy trzeba było bronić władzy ludowej! Спадзвіжнік Казла, Танін астраўлянін Валодзік любіў паказацца культурным кавалерам, беручы пры паненцы газету ў рукі, але, на жаль, уверх нагамі... Поўны анальфабэт!

Тым часам тая władza дзесяты год моцна сядзела ў сядле і не патрабавала абаронцаў; ім выгодна было нічога не рабіць, шукаць ворагаў сацыялізму, і браць грошы. Ажно Гамулка паразганяў зграю, бы певень курэй. Шмат хто стуліўся перапёлкаю ў БГКТ менавіта.

Запісаўся ў студэнты і я. Дыплом атрымаў, бадай, ажно ў 1962 годзе, на тэму публіцыстыкі Кастуся Каліноўскага. Кіраваў мною чэплівы Мікола Гайдук, але запамятаўся Васіль Тарасаў; палкія выклады прафесара з Мінска пра беларускую літаратуру. Праз сорак гадоў пасля пазнаёміўся я з яго сынам, даследчыкам полацкіх старажытнасцяў; хораша пагутарылі мы і пахадзілі над Дзвіною. У гэтай першасталіцы Беларусі шумела тады свята беларускай пісьмовасці; на плошчы трымаў беларускую арацыю прэм’ер Чыгір. Без расейскага акцэнту.

Напрыканцы таго году віры ў Польшчы выгладжваліся. Бралася на стабільную пагоду ў палітыцы. Нашым „товарышчам” усё не даваў спакою Кастусь Майсеня, рэпатрыянт з-пад Нясвіжы, які нейкім цудам аб’явіўся ў Бельску. Як інжынер эканоміі з пазнанскім дыпломам, ён стаў дырэктарам Эканамічнага тэхнікума. Гожы і нежанаты мужчына, заварожваў бабаў не горш паслейшага паэта Барскага. Аднак, адрозніваўся ад вершапісца талентам арганізатара. Бельскі аддзел БГКТ пад ягоным старшыняваннем пераўтварыўся ў павятовую паралельную ўладу. На пасяджэннях управы „спавядаў” мясцовае начальства (па лініі беларускай дзейнасці). Жыватастыя дзядзькі, не кемячы ў гамулкаўскім пераломе, пакорліва давалі справаздачу і прымалі новыя абязацельствы. Такая сітуацыя была магчымая, пакуль краінаю хістаў хаос Кастрычніка ’56. Потым Майсеню здалі яны Гайнаўцы для ўзмацнення марных у „матаноў” кадраў (уперлі на пасаду прэзаса Павятовага саюзу гмінных спулдзельняў „Самапомачы”). Лёгка вышукалі на Кастуся „кручок” – да элегантнага кавалера з рэдкай у тую пару вышэйшай адукацыяй прыліпалі дочкі і палятухі наменклатурнікаў.

Пакуль нішто не прадвяшчала пагібелі вёсак, хоць шчасце ўжо гнездавала ў Беластоку; у кожнай існавала школа (прынамсі трохкласная). У той зазімак я круціў на бацькавым ровары да шматлікіх навакольных сваякоў, спрашаючы іх на сваё вяселле. Пераважна п’яны, бо ўчастоўвалі. І як бы на заканчэнне тае акцыі, вяртаючыся з Навасёлак пушчанскім гасцінцам пад зорным небам так грымнуўся на ростанях Зялёны Дуб, што адляцела педаль. Нічога: падаў, як мяшок з бульбаю. Давялося больш ісці, з’язджаючы ў месячным бляску з горак у даліны.

На мой з Таняй шлюб у калядныя святы бязбоязна прыйшла ў беластоцкі Мікалаеўскі сабор таксама партыйная экзекутыва „Нівы” і хто хацеў (шэфы, вядома, не). І дружбанцкая мая радня, зацікаўленая miastowymi. Весяліліся ў цесця на Сабескага, і ніваўцы а як жа; музыканцілі Дудзінскія з Крынак. Назаўтра у адвячорак бацька маёй Тані падставіў аўтобус: вясельнікі паехалі – толькі сваякі – ад маладой да маладога. Сыпаў снег з віхурным ветрам, закурганьваючы дарогу. Але даехалі ў мае Крынкі (палягчэлы „пэкаэс” назад не вярнуўся, на базу, закапаўшыся за высокаю Прафіткаю, блізу хутара Гутмана).

Каб змясціць усіх, крынскую хату разгарадзілі; начлегавалі ў суседзяў з паўвуліцы (зіма ж, у стадоле не ўкладавіш!). Цесната, бы ў кадушцы з селядцамі; гамана, бы ў фабрычным цэху; музыка, танцы... Го-оо-орка!!!

Чысты анахранізм. Сабралася племя. Дзеля чаго? Даўней гэта мела сэнс – жанімства яднала патэнцыял гаспадарак, пашырала канкрэтыку сувязяў, гуртавала род. А цяпер вяселле – лішні дэфіцыт, інвестыцыйная пустата, даніна звычаю, дарагая. Дзеці з канца ХХ ст. залежныя не ад цесцяў, дзядзькоў і цётак, але ад дырэктараў фірмаў і сваіх кваліфікацыяў. Іх адрасы – не вуліцы і вёскі, а www.togo@ingo.pl. Хто сённячы піша пісьмы? Старым уставілі тэлефоны, хоць і слаба чуюць.

* * *

Я з Таняй спрабавалі жыць у той частцы святліцы, якую прызналі нам (з выдавецтва). Збілі дыктавую сцяну, раздабылі жалезную печачку, трохі мэбляў, фіранкі на вокны. Але дзе там: узіму тут недастойка спаць нават у кажусе і з вайлакамі на нагах.

У снежную і марозную. У адзін траскучы вечар загарнулі мы свае манаткі ў радзюжку і, бы валакіты на карцінах мінулавечных мастакоў, пасунуліся Касцельнай вуліцаю на Сабескага, да цесцяў. Хоць у іх спалася, як снапам у стадоле, але было цяпло (прызначылі нам канапу за печкаю). Так мы зіму перазімавалі. Дамагліся капітальнага рамонту на Кілінскага, але ўсё дзякуючы Тані, якая, працуючы ў камунальнай гаспадарцы, ведала спосабы на неахвочых на высілак бюракратаў. Можна было ўжо жыць; атрымаўся даволі ўтульны пакоік на васемнаццаці квадратовых метрах, з добра пастаўленай печкаю, і з убікацыяй побач, каб не бегаць на сцюдзёны вецер, задраўшы кашулю на запацелай спіне.... Пачалі багацець. Набылі шафу на адзенне, крэдэнс, радыёлу, чэшскую пральку, і – спадзеючыся дзіцяці – раскладны ложак, пару крэсел і стол. Гэтыя васемнаццаць метраў дакладна заставілі набыткамі, пакінуўшы пераходныя сцежкі. Божа, колькі радасці было ў нас, што маем свой кут, маем дзе гнездаваць! Хадзіў ганаровым буслам.

Не скажу, каб хто з начальства дапамог. Шэф, Валкавыцкі, паогул прытрымліваўся прынцыпу наёмніка (зрабіў – заплацілі – ідзі сабе). Аніякіх сардэчных з ім гутарак, што марозіла падначалены яму калектыў. Але, пэўна, меў рацыю: сардэчнасць у тыя часы была патрэбна... даносчыкам і шпіёнам Службы Бяспекі. Неяк летам пяцьдзесят восьмага я адчуў, што паўсюдная Служба падступаецца ўжо і да мяне, бесклапотнага маладажона. Думаеце, тых усякіх „сваіх хлопцаў” цікавілі ворагі ўлады? Не, яны заеліся дапытвацца, што наогул думае... Валкавыцкі, Баравік, іх жонкі. Так, „ваабшчэ”. І ўсё пад пячаццю таямніцы дзяржаўнага ўзроўню (аж смешна чуць тое!). Як гэта трэба разумець? А вельмі звычайна: шукалі кампраметуючых матэрыялаў на тых асоб, бо на іх месца былі тым часам лепшыя па партыйнай лініі кандыдаты (работа спакойная, грошы цалкам вялікія, не трэба нікуды швэндацца). Мы цяпер дапускаем памылку, лічачы, што нешта важнае адбывалася ў імя ідэі? Не, не ў імя ідэі, а дзеля асабістае выгоды тых-сіх. Ідэя, што перамагае і бярэ дзяржаўную ўладу, перастае быць ідэяй. У нас гэтая параноіка валаклася да канца дэкады Герка, калі ў канстытуцыю бессаромна ўвялі абавязак кахаць Савецкі Саюз ды стаяць на каленях перад Партыяй. Сёння гэта калі каму тлумачыш – не верыць, падазрае, што брыдка жартуеш з яго. О, колькі смуроду пакідае пасля сябе гісторыя! На шчасце, доўга не стаіць над намі, развейваюць яго віхры наступных падзеяў.