Выбрать главу

Тыя васемнаццаць квадратовых метраў зрабіліся начлежняй. Вёска перлася тады ў горад, а начаваць не мела дзе. Запамятаўся Уладзімер Карпенюк з Баброўнікаў, нябрыдкі мастак, які з акрайцам з’елклага сала ў шматку, – шукаў свайго месца. Неяк ён убіўся потым у „блёкі”, але шчасцем яму тое не закончылася. Горад мае сваю логіку быту, таленавітых асобеняў не пераносіць, яны слаба зарабляюць. Кахае франтаватых ідыётаў і спрытнюгаў з тугімі кашалькамі і з – даслоўна! – моцнымі яйцамі! Таму не ў горадзе ствараюць культуру, яе ў ім прадаюць. Стваральнікі культуры – гэта самотнікі; на халеру яны, такія смутнягі, гораду! Клімат таго недвухсэнсава перадаў Тувім некалі, паэт новамяшчанства... Każda dziwka majtki pierze / Jutro będzie bal w operze...

Начлегавалі на падлозе. Здаралася, па двух-трох, адзін каля аднаго. Знаходзілася месца ім паміж вокнамі і сталом (пад сталом). Кармілі шукальнікаў лёсу снеданнем і вячэраю; некаторыя прыходзілі на абед, тыя са сваяцкімі сувязямі. Тані апускаліся рукі, але нічога не казала, будучы гадованай у сялянскай культуры, у якой баба не мае голасу. З гэтым не быў кароткі эпізод; доўга начлежнікі ў нас штораз былі, пакуль не сканала сама тая няшчасная вёска. Пакуль не вымерла яна, не распырхнулася моладдзю па шырокіх кантынентах.

Пяцьдзесят восьмы быў годам цікавым. Беларуская галота кінулася будаваць сваю нацыю, зусім не цямячы таго, што нацыю будуюць грошы (перш багацтва, потым нацыя). Шалёнымі тыражамі выдавалі штогодні „Беларускі каляндар”, які пасля раскідалі па дарогах у службовыя выезды. Стабілізаваліся радыёперадачы на беларускай мове, культурна робленыя Мацеем Канапацкім.

У чэрвені арганізавалі Беларускае літаратурнае аб’яднанне пры рэдакцыі „Нівы”. Школку літаратурнае працы, аб якой адзін Валкавыцкі меў сякое-такое ўяўленне, скончыўшы аж у Масковіі ажно літаратурны інстытут. Пісалі аголеным інстынктам, bez zielonego pojęcia o warsztacie literackim. Наша, зжалься Божа, начытанасць змяшчалася ў лектурах вучанага мужычка, што разлёгся ў нядзелю над рэчкаю пагартаць на відавоку навакольнае цемнаты тоўстую кніжыску з цвёрдымі вокладкамі. Гэта быў той клімат, з якога выходзілі мы ў свет да людзей. Нам усё Нарвы паганскай воды шумелі...

Імкненне да камплектнасці нацыянальнага жыцця спарадзіла шэраг ініцыятываў. Надарылася спроба ўтварыць аб’яднанне беларускіх мастакоў і пару іншых аб’яднанняў з абавязковым прыметнікам „беларускі-беларускае”, з найбольш нашумеўшым Беларускім навуковым гуртком. Начальнік над беластоцкай навуковай правінцыяй, pułkownik Kosztyła o wypielęgnowanej twarzy, даваў зразумець, што навуковы гурток без „беларускага” дадатку таксама будзе навуковым, але лягчэй атрымае датацыю на выданне першага зборніка (так, здаецца, і было). Эзопавай моваю мы публікавалі тое ў „Ніве”, прынамсі ў выглядзе сухаватых звестак (каб цэнзура пусціла). Тадышнія ўлады гэтым актывізмам мы трохі прыпалохалі, але што маглі ў вярхах ўчыніць: Беларускае таварыства ўзначальвалі калегі і сябры сакратароў партыі (напр. Станкевіч).

Стаўшы грамадскім старшынёю Гарадскога аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства, заеўся я разважаць над формамі вось беларусізацыі Беластока. Нават у чорных снах не прыходзіла думка, што беларуская культура – гэта самы натуральны вораг Савецкаму Саюзу і Польскай Народнай Рэспубліцы. І ўсім наўкола. Праўда, выходзілі беларускія кніжкі, існавалі беларускія школы, але ўсё тое рабілася не для развіцця беларускай культуры, што дакументальна відаць цяпер: паланізацыя ў нас і русіфікацыя ў іх закончыліся да апошняе вясковае хаты, засталіся адны галавешкі, так званыя: беларускія нацыяналісты. Я пытаю: што гэта за нацыяналісты і чаго яны нацыяналісты, калі ўжо няма жывое мовы і, фактычна, няма нацыі. Ці магчымы нацыяналізм без нацыі? Я разумею: існуе польскі нацыяналізм. Я разумею: існуе расійскі нацыяналізм. Але беларускаму нацыяналізму патрэбна яшчэ і беларуская нацыя і мова. А дзе яны, тыя нацыя і мова? Was pytam, przygłupy jedne!

Пашчасціла на добрага інструктара Аддзелу; аказаўся ім Кастусь Хлябіч (родам з Рыбакоў, што за Бандарамі). Гэта быў чалавек са здаровым поглядам на жыццё. Я шмат ад яго навучыўся, асабліва, як рэагаваць на нечаканыя сітуацыі. А сітуацыяў без выйсця няма. Найперш мы ўзяліся арганізаваць беларускую публічную бібліятэку і беларускія шматлюдныя балі. Каб як найбольш беластачанаў ахапіць сваім уплывам. Дапамагалі нам – не так старыя тады – грамадоўцы: Навіцкі, Маркоўскі, Сідаровіч, Кузьмін... Прозвішчы расплываюцца ў памяці. Нехта з іх дадумаўся прапагандаваць беларускае слова, дадаючы да білетаў уступу на баль... па экземпляры „Беларускага календара”. Скутак быў: пасля танцаў, упоранак ужо, зала бялела ад тых, наваленых пад ногі, календароў... На балі прыходзіла за паўтысячы „сваіх людзей”, але каб хоць адзін з тых „сваіх людзей” загаварыў да свае жонкі або нарачонае па-беларуску. Я спецыяльна швэндаўся ў танцуючым натоўпе, надарэмна ловячы вухам хаця б пакалечаную беларускую размову. Ну, аднак, аптымізм быў, усё жыццё было яшчэ наперадзе, і вера ва ўдачу беларускую. Яшчэ будзеце вы беларусамі, нікуды не падзенецеся! – бясслоўна кпіў ім у вочы. Зачароўваў манументальны вальс „Амурские волны”. Бразгітала – Chłopiec z gitarą będzie dla mnie parą! Начытаўшыся Талстога, я ўяўляў сябе маладзюсенькім афіцэрам Растовым; засвоіўшы ад расійскага пісьменніка яго ўлюбёныя французскія фразы. Цаніў пры тым смутак Лермантава, хоць не варты ён ажно такое grande atention, гэты паўгеніяльны паэт і адначасна мікалаеўскі спецназец, карнік, які душыў Каўказ. Што ж – у Михаила Юрьевича панурасць эсэсаўца! І смерць афіцэрская, г.зн. за абы-што.

А з тою беларускасцю меліся тады справы так: соладка падабалася кожнаму, што ёсць у Беластоку закутак, катух, дзе можна без сведкаў пагаварыць па-свойму. І таго было дастаткова, бо нават на форуме кроўнай радзіны не хапала ўжо адчаю на беларускамоўе. Для параўнання: праваслаўны заходзіў у царкву, не хвалячыся публічна тым. А калі той жа праваслаўны пачуваўся яшчэ і беларусам, заходзіў у клуб Беларускага таварыства. Так задаволіўшыся, ішоў ён дахаты nadal tchórzliwie pędzić swój żywot.

* * *

Дваццаць дзевятага снежня пяцьдзесят восьмага нарадзіўся сын Слаўка. Неяк упярэдадзень я завёў Таню ў радзільны шпіталь на Варшаўскай, блізка ад Сабескага. Таксоўкі былі сенсацыяй, нікому не прыходзіла ў галаву пакарыстацца імі. З’яўленне дзіцяці вельмі перайначыла настрой. Хлапец удаўся спакойны, не крыклівы. Моцны здароўем.

Неблагія грошы ў „Ніве” змяніў я пад весну лепшымі ў Галоўным праўленні Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Работа палітычная, добра плацілі. Усе наўкола пазапісваліся ў партыю. Запісаўся і я, хоць мяне не надта радасна прынялі і з марудаю, меліся ў мой адрас заўвагі на пункце беларускага нацыяналізму. Перавыхаваць нацыянала абавязаўся Васька Баршчэўскі, што іранічна пракаментаваў Міхась Хмялеўскі: – Ваську не камунізм у мазгах, а чаркі і бабы... Міхася нязменна выбіралі сакратаром нашай парт-арганізацыі, дабрадушнага, які нікому і ў нічым не нашкодзіў. Ваські баяліся, наогул Баршчэўскіх, як людзей атхланных. Іх зямляк, Кастусь Хлябіч, шматзначна прамоўчваў роспыты наконт гэтых бандарскіх паэтаў.

Калі б не партыйнасць, нядоўга пратрымаўся б у рэдакцыі і напэўна не прапанавалі б аванс. У БГКТ апынуўся не таму, што там існавала запатрабаванне на патрыётаў. Бо не існавала. Прычыны ўсяго зазвычай прасцяцкія, іх займальныя легенды ўзнікаюць потым. Старшынёю Таварыства – пасля Давідзюка – паставілі ўлады Уладзіміра Станкевіча, якому, пасля закончанай кадэнцыі ў дыпламатычнай службе ў Бельгіі, падшуквалі цёплае месца ў Беластоку (родам ён з-пад Гродна, адкуль і першы сакратар беластоцкай партыі Аркадзь Лашэвіч; абодва калегі і КПЗБоўцы). Акурат пайшла палітыка на перавод грамадскіх арганізацыяў на самафінансаванне праз утварэнне гаспадарчых фірмаў. Станкевіч, знюхаўшы ў гэтым мяшок грошай, рашыў заняцца бізнесам, зваліўшы цяжар Таварыства на такіх як я, стварыўшы адпаведна тлустыя дадатковыя штаты. Дарэчы будзе цяпер зазначыць, што БГКТ даволі хутка зрабілася паразаможнай установаю, утварыўшы фірму хімічных вырабаў „Бэтэска”, а таксама базу будаўнічых матэрыялаў недзе за Гарадком (гандлявалі эшалонамі жвіру, бітага каменю). Тады Варшава агледзелася і зноў вярнула Таварыства ў бюджэт паліцэйскага міністэрства (MSW), адняўшы права на самастойны капітал.