Тым часам я стаў выконваючым абавязкі загадчыка Арганізацыйнага аддзела ГП БГКТ. Асцярожна не ўзвышана мяне на поўнага загадчыка, відаць, па прычыне сакрэтных апініяў... Станкевіч пачаткова захапляўся маёй актыўнасцю – я тыднямі не вылазіў з паветаў, засноўваючы рой гурткоў Таварыства ды ажыўляючы ягоныя аддзелы. Праблема была – як заўсёды – з Кастусём Майсеняю.
Я бачыў у ім найшчырага беларуса, што выбачалася мне як бязвусаму хлопцу. Блаславёная рамантыка беларускай дзейнасці. Прыдбаў шырокую мапу Беласточчыны, выразаў з яе доўгую ўсходнюю паласу, і, быццам штабс-капітан, апланоўваў арганізатарскія маршруты. Заязджаў аўтобусам ПКС – напрыклад – у Мілейчычы, дзе знаходзіўся базавы на Пабужжы аддзел БГКТ, і з інструктарам Міхасём Вішанкам адбываў апостальскі паход ад вёскі да вёскі, насаджаючы свежыя гурткі БГКТ. У Тымянцы. У Клюковічах. У Вілінаве. У Зубачах. Закончыўшы доўгі зімовы марш у Рагачах, дзе жыў Міхась і ў хаце якога можна было адагрэцца ды ад’есціся. Наступная экспедыцыя – па падгайнаўскіх багатых сёлах: Ласінка, Курашава, Лянева, Койлы, Наваберазова... да Нарвы. На працягу дзесяці дзён. Заўсёды ўзіму, калі гаспадары маюць час прыходзіць на сход, слухаць. Зусім іначай выглядала бельская акцыя пад патранатам менавіта Майсені. Ён склікаў актыў – жыватастае павятовае начальства – арганізоўваў адну або дзве аўтамашыны (камітэцкую, магістрацкую) і развозіў кадру, скажам, у восем вёсак, быццам парашутыстаў пакідаючы па адным у кожнай. Такім чынам за вечар мелі някепскую лічбу наваўтвораных ячэек. Што выклікала паніку ў польскім грамадстве, шугалі плёткі: вось-вось прыйдуць сюды саветы са сваёй Беларускай ССР.
Майсеня быў чыстае пароды чалавекам палітыкі ды ўлады. Пераконваюся ў тым, калі сёння гляджу на шаленствы салідарнікаў. Здаецца, на халеру яны так дурэюць адзін перад адным? Але гэта ёсць падобнае на каханне. А каханне вучоныя лекары кваліфікуюць як від псіхічнай хваробы.
Нямала шчасця надаў Валкавыцкі, выдаючы ў пяцьдзесят дзевятым паэтычны альманах „Рунь”. Аб гэтым выданні распісаліся ў газетах, таксама ў савецкіх (аж у маскоўскіх). Аказалася яно першым у гісторыі Беластока такога тыпу літаратурным друкам, прычым беларускім, які сенсацыйна дакументаваў нікім не прадчуваную здалёку нацыянальную тут мяншыню. З наступнымі валюмэнамі так не пашанцавала, бо на Валкавыцкага паўселі дамарослыя геніі, невукі дэмакратычна адсунулі яго ад кіравання літаратурным аб’яднаннем. У зборнікі, альманахі, томікі густа насыпалі хамы творчага смецця без выбару і мастацкага смаку. Узорам глухаты на артызм слова паслужыў новы сакратар ГП БГКТ др Уладзімір Юзвюк, які ставіў паэтам норму: напішы пяцьсот вершаў, тады пагаворым пра індывідуальны табе зборнічак. Пяцьсот – як мінімум, а найлепей пару тысяч... Вось з такім паняццем пра літаратуру мелі мы пасля над сабою спонсараў. Станкевіч без матуры ў параўнанні з дыпламаваным Юзвюком выдаўся проста інтэлектуалістам, усё ж пацёрся ён быў у асяроддзі даваенных інтэлігентаў. Ішло затым пакаленне тупых авансовічаў. Хоць і з дыпломамі, але імшарных. Тадышнія універсітэты не вучылі культуры думкі, этыкі і эстэтыкі.
Каб распрадаць „Рунь”, а тыраж атрымаўся немалы, надумалі аўтарскія сустрэчы. Найпрасцей у школах, але ўдаваліся і ў вясковых святліцах. Ажно не верыцца, якое мноства людзей прыходзіла паслухаць пачынаючага раптам паэта. Здаралася, праўда, і ашуканая фрэквенцыя: нехта з іструктараў БГКТ аблягчаў сабе высілак, распускаючы чутку, што прыедзе вось доктар (у модзе санітарная асвета сярод насельніцтва). У наш фальклор перайшла камічная сцэнка, калі адзін чалавек паспеў ужо на канец аўтарскай сустрэчы і па-сялянску голасна пытае ў суседа, аб чым казаў гэты доктар. А той яму: – От, плёў якуюсь херню, усё хітрымі вершыкамі. Можа што талковае і сказаў бы ён, калі б не тая дзецярня ў залі...
Трэба не забыцца прыкмеціць, што насталі дні і гады фантастычнай славы Алеся Барскага. Ніхто так, як ён, не ўмеў дэкламаваць сваё, і ўсё па памяці, і з гарманічным каскадам слоў, і з натхнёным выразам твару, і са слязінкай уваччу, і з жэстамі маэстра (пальцы рыхтык піяніста). Яго анёльская прыгажосць з таемным позіркам, ад якое і не падумалася, што ў маладосць Алесь араў, сеяў, гной вазіў, дровы пілаваў... Словам, дзяўчаты вар’яцелі, бы кошка ад валяр’яну! Выезд з Барскім гарантаваў імпрэзу. Жаночая частка аўдыторыі ў экстазе! Ад пачастункаў не было адбою. Вядома, гэткая папулярнасць небяспечная, пагражае дэмабілізацыяй таленту. Адны ўдачы не спрыяюць канцэнтрацыі энергіі.
Іншыя паэты не любілі выступаць з ім, а ён, наадварот, надта – якраз з імі, з тымі, у якіх ні на грош мужчынскай чароўнасці. Другі такі Барскі ў нас потым не аб’явіўся. Слухаеш цяперашніх вершапісцаў і думаеш: а каму яны патрэбны? Бульбаносыя нуднікі. Еўнухі! Яшчэ дзеўкі, а ўжо з менапаўзаю.
Хацелася гіганту. Бачыць незлічоныя натоўпы на чымсьці адназначна беларускім. Прыкладам, як на царкоўным фэсце. Наколькі не памыляюся, упершыню чыста беларускі фэст – з падумкі Валодзькі Паўлючука – меў месца на лузе ля рачулкі блізу шашы з Бельска ў Галады. Не абышлося без Майсені, але арганізацыйна панаваў Васька Кардзюкевіч, сам спявак, але і важны на той момант бельскі начальнік па справах культуры. Паставілі ўнізе ад мастка трактарныя прычэпы, каб мелі дзе выступаць хоры і грымець аркестры; быў патрыятычны рэферат і рухомыя крамкі з півам і з чым хочаш. Зорная пагода пачатку лета, танцы да белага дня. Да бязлюднасці сучасных ваколіц было пакуль далёка, асабліва моладзі назбіралася процьма і не адна дзеўка ў кустах ляснула. Пасля так удалага эксперыменту, беларускія фэсты трывала ўпісаліся ў планы БГКТ. Чамусьці не баяліся мы, што на такім зборышчы могуць каго пакалечыць або забіць, дзяўчат аганьбіць, вакольную сядзібу падпаліць... Хлопцы буянілі, але трымалі меру. Зрэшты, усе былі свае, адзін аднаго ведаў, навалач не паяўлялася, мардабойныя ананімы рэдка трапляліся. Гарачая памяць пра фэсты ў Рыбаках за Бандарамі, у Свінароях, у Клюковічах, у Семяноўцы... Арганізатары лекацелі, каб не пачуліся абражанымі нешматлікія тутэйшыя палякі, таму ў рэпертуар абавязкова ўводзілі нешта польскае, пераважна Kukułeczka kuka або Szła dzieweczka do laseczka... Эратычнае тое, тайныя службы не чапляліся (візітавалі затое наша кіраўніцтва, рэгулярна).
У Беларускім грамадска-культурным таварыстве я працаваў у гадах 1959-1962. Працягнулася б даўжэй, калі б не ваяртанне эпілепсіі, якою хварэў я ў недалёкае вучнёўства ў Беластоку. Спазнаўшы пекла канвульсіяў, я проста спужаўся. Падлечваў вельмі культурны неўролаг Генрык Ражкоўскі, стары паляк з манерамі арыстакрата, які вучыўся медыцыны яшчэ ў расійскіх імператарскіх універсітэтах (здаецца, у Кіеве). Ён настаяў на тым, каб я змяніў быт на спакайнейшы. А надарылася якраз нагода пайсці назад у „Ніву”. Але, ледзь я ад таго Таварыства адчапіўся. Чамусьці не чулі ў ім пра гэткую плягу, пра „валянтову”. Лічылі, што хітрую на больш... грошай. Найцяжэй давалася развітацца з інструктарамі павятовых аддзелаў, з якімі супрацоўнічаў я па законах вялікага сяброўства. Патрыятычнага.
Праўда, не ўсе яны сімпатычна запамяталіся. Як гэта людзі, усякія мелі характары і погляды на жыццё. Быццам сёння бачу Янку Азяблу з Пянькоў, у свой час адказнага за Беластоцкі павет. Па ўзросту ён мог быць мне бацькам, але ў кантакце з ім не адчувалася таго. Як беларус запакутваў Азябла яшчэ да вайны, аднак не патраціўся энтузіязмам. Любіў мастацкую самадзейнасць, у згодным тандэме з жонкаю. Рабілі яны неблагую гаспадарку ў Пяньках і разам з тым давалі рады весці драматычны ды спявацкі гурткі; Янка рэгулярна наглядаў за сваёй дзеяцкай тэрыторыяй. Гэта я ад яго сцяміў, што лепей стварыць пару жыццёздольных гурткоў БГКТ, чымсьці хмару фармальных, папяровых. На такую арганізацыйную філасофію крывіліся шэфы, але не націскалі. Начальства не прападала за выездамі ў народ, затое ахвотна імчала на варшаўскія нарады. Каторагасьці году Станкевіча ўзялі (вярнулі?) на работу ў Міністэрства ўнутраных справаў і чалавек неяк перарадзіўся да непазнакі, набыў высокі тон голасу, побліск сталі ў вачах, брутальны твар. На пленуме Галоўнага праўлення БГКТ сказаў: Towarzysze, reprezentuję wszak naczelne władze Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej i odtąd będę przemawiał tylko po polsku. Пленарнікі мёртва вытрашчыліся, а ён дадаў: Wy, oczywiście, przemawiajcie w języku Białoruskim, tak trzeba. Бог адзін ведае, хто яго ў тым міністэрстве напалохаў... Думаю, што ніхто; ён сам сябе так. Па нявольніцкай лаяльнасці.