Выбрать главу

З надыходам навальнай бяды маці нязменна ўцякала са мною ў сваю Барсуковіну (яна так і не прынялася на крынкаўскай глебе, па сёння). Другі прыход саветаў я прасядзеў з Грыкамі ў ялінавых шалашах у дрымучай Чортавай Хаце, што за Сасновікам. Раз ціўкнула блудная куля, у кару сасны над намі. Яшчэ начаўплі панікі кавалерысты на ладна чышчаных конях, з дзіўнай ненямецкай моваю. Да Валодзькі наведваліся ў звечарэласць камісары з аўтаматамі на плячы; дзядзька любіў гультаіць у палітыку. Нехта залазіў на паднебнае дрэва глядзець, ці не паляць Крынак. Крычаў зверху, што не.

Другая сусветная вайна не паказалася мне чымсьці жудасным або і векапомным, бо ў яе клімаце я і вылупіўся на свет божы. Не адчуваў трагічнасці і першых пасляваенных зім і вёснаў, у якія гэтаксама білі-забівалі прыхадні аднекуль, праўда, не немцы. Здаралася, нашы нашых. Страх да немцаў змяніўся страхам да палякаў. Усё страх і страх.

* * *

Крынкі моцна пагарэўшымі былі, аднак, калі пасля фронту я з маці вярнуўся з гушчавіння Чортавай Хаты. Немцы, адступаючы, падпалілі магістрацкія гмахі і будынкі, у якіх самі жылі – камендатуру жандармерыі, украінскую казарму, слесарную майстэрню ў жыдоўскай бажніцы, школу, муры з кватэрамі, карчму, рэшту фабрык і гарбарняў, двор... Браліся паліць гаспадарскія хаты, хлявы і стадолы, пазначаныя надпісам GEOPE. Каб нарабіць шкоды надыходзячым саветам.

Я чуў, як мой бацька паратаваў быў Сакольскую вуліцу ў тое вогненнае адступленне. Маладыя немчыкі на матацыкле, учыніўшы свой „фойер” у мястэчку вакол апусцелага рынку, прыехалі спачатку да Шамрухевічаў, што на Кальварыі. Упалоханыя людзі паклікалі бацьку, каб выгергетаў у падпальшчыкаў літасць. Вермахтаўцы, здзіўленыя гладкім „дойч-шпрэхам” у новаяўленага абарыгена, пацікавіліся, адкуль у яго такая культурнасць. – Бо я надта люблю нямецкую мову і нацыю, – пачулі ў адказ. – Уцякай з намі, ад Іван-гунаў, – параілі. – Нашто, вы ж вернецеся і таму не трэба зніштажаць... – Твая рацыя, але мы выконваем загад афіцэраў, яны асочваюць у біноклі пакінутую тэрыторыю, ці шмат дыму падымаецца ў неба... – Ага, гут, ёсць выйсце: паліце маянтковыя стагі!

Тым часам „ідыёт-ост” мігам наклалі ў матацыклетную лодку з кулямётам наперадзе груду „яйкі-шпэк-шнапс” і задаволеныя нямчурыкі, казырнуўшы „аўфвідэрзэйн”, пыльнулі дарожкаю ў бок таго панскага дабра. Пан даўно драпануў у Варшаву, як і ўсе паны, а ягоныя сотні гектараў раздалі пасля галытве дэмакраты; з Саколкі і Беластока.

Апошнія рабункі мужыкоў перапыніў савецкі камендант горада з байцамі. У полудзень ён фарсіста шпацыраваў, засунуўшы за борт шыняля руку ў скураных рукавічках, пабліскваючы ў сонцы залацістымі пагонамі, да бляску наваксаванымі халявамі ботаў ангельскага фасону. Шаленаваты Сашка-Антыфон, гэты кантужаны ў Галіцыі артылерыст арміі Брусілава, выпучыў перад ім грудзі з медалём і, адрэкамендаваўшыся, службіста гыркнуў: „Жду прыказанняў, ваша благароддзе!” Капітан ці маёр? толькі смутна ўсміхнуўся яму і пайшоў. Казалі: хутка памёр ён ад ранаў.

Гудзела ад чутак, што ў Расеі паадчыняюць цэрквы; раскідаюць калхозы.

Пакуль што з рыкам сядалі ваенныя самалёты на былым аэрадроме пад Рахавікам, зробленым яшчэ першымі саветамі.

У нашай хатцы сталі на кватэру два лётчыкі; больш гаварлівы ўсё ахкаў, што ў Крынках не бракуе хлеба і да хлеба, „... у вас маленькая Амерыка!” Калі перакватаравалі іх кудысьці, маці начаўпла ляманту, што прапаў нямецкі касцюм бацькі, яе сукенкі на свята, вэнджаны кумпяк з каморы і няньчаныя ёю перадваенныя адэкалоны з куфра. Бегчы з гэтым нікуды не пабегла, а мая бабуся суцяшала яе, што ў прыход немцаў перад летам сорак першага абабралі старую з тае каплі пасагу, прыгаворваючы: – Ні пляч, матко, за цвай тыдзень быдзем ф Москаў! А каб іх, каб іх... вошы аблезлі!!

Крынкі не ведалі, дзе будуць жыць: надалей пад саветамі, ці зноў пад палякамі? І тыя і тыя вартыя адзін аднаго: камісары абяцалі залатыя горы, за якімі наш мужык добра бачыў Сібір, а АКоўцы выганялі кацапаў у бальшавіцкі рай. Варагуючы між сабою, абодва дабрадзеі дзьмулі перад хамамі ў адну дудку. Ад такое музыкі плакаць хацелася.

Апасталаваты Курч, якога ахоўвалі вар’яцкія паперы, даваў навукі ў чацвярговыя таргі, залезшы на фурманку і распусціўшы кудлы: – За царом пілі чай з пірагом! Як прыйшлі палякі, елі хлеб траякі: белы, чорны і ніякі! А калі настаў савет, агледзела срака свет!!! – Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну!..

Вайна прыціхла недзе ў Польшчы. Бацька днямі і начамі заядла шаўцаваў, не маючы адбою ад заказаў (узяў вучняў у чаляднікі). Маці гэтак жа краўцавала, з абсеўшымі яе руплівымі вучаніцамі з Піражкоў, Паўночнага Вострава, Гаркавічаў. Адной з іх, Тасі, дурыў галаву хлапечы лётчык Саша з Масквы, што кватараваў у суседкі Чабаніхі. Мне вельмі падабаўся ягоны аўтамат.

І аповеды, як лётае бамбіць фрыцаў у Прусах. Любіў ён спяваць, успамінаць тую сваю Маскву і, чамусьці, Адэсу („... Уся Адзеса очань вяліка... шаланды поўныя кіфалі, каштан над горадам цьвіцёт...”). Даваў патрымаць у руках наган. Калі „істрабіцель” пралятаў нізка над камінамі, дзеці на вуліцы ведалі, што гэта Саша так паімчаў латашыць Берлін!

Увосень сорак чацвертага пайшоў я ў школу. У другі клас, бо ўмеў чытаць і пісаць. Па-беларуску. Адчынілі і польскую – вядома – католікам, але мы, праваслаўныя, меліся лепей: усянютка разумелі, што кажа настаўніца. Паважаная наша настаўніца Анна Яроцкая, маладая ўдава перадваеннага польскага афіцэра, уплывала на крынкаўскае мужыцтва непаказным панствам спалучаным з пашанаю ды ўвагаю да кожнага. У яе вуснах родная мова набывала высокага тону і гучання. Польскія прошапані пры ёй выглядалі вульгарнымі хамуткамі: білі вучняў і клялі, бы паліцыянты! Хабары бралі. Праўда, мог Курачык адзін з палякаў раўняцца з Яроцкай, задобры на такую дзікую ваколіцу; без харызмы, на жаль.

Жах як не хацелася вучыцца! За маянтковым паркам несціхана выў аэрадром, а што ні вечар у пагоддзе тады паказвалі саветы ваеннае кіно, на шырозным палатне начэпленым на франтон выпаленай бажніцы на Гарбарнай. Пастухі ў полі рвалі знойдзеныя снарады, кідалі ў агонь на бульбянішчах ленты патронаў. На музыках у суботы набівалі сабе морды кавалеры з Пагулянкі і Новай. Мужы – „Хай той бык здохне, якога пабора карова!” – лупцавалі сваіх бабаў, падкіх на стройных лейтэнантаў. Пагарэльцы валачылі лес, нарываючыся на міны. Згвалтаваныя ўласаўцамі ці ўкраінцамі дзяўчаты прыводзілі байстручкоў, з якімі не мелі куды падзецца (потым ужо павыязджалі яны ў Прусы, у той зброд народу, дзе ніхто пра нікога анічога не ведаў).

Сексуальнае выхаванне не ўяўляла праблемы (жарабцы, быкі, кныры, да якіх вадзілі кабылы, каровы ў быдлаванне, мацёры).

І, адначасова, не займала пытанне, адкуль я ўзяўся. Ні трохі.

Далёка мне было да дзесяці гадкоў, калі паявіўся другі браток (першы, Валодзя, памёр немаўлём). А гэтага заўпарціўся я, каб ахрысцілі... Сашам, дэкларуючы матцы, што буду яго няньчыць. Паверыла абяцанкам, не бачачы прасветнае гадзіны ад навальнае работы. Сніліся сны, што – во! – сядаю ў „істрабіцель”; настругаў я іх з паленаў цэлую эскадрылю. Бывала, затаіўшыся ў жытнёвых прамежках, каб вартавыя не прыкмецілі, цікаваў за ўзлётамі і пасадкамі бамбавозаў, бы воўк у кустах ля калёснага гасцінца.

У запоўнач падымалі вэрхал ў разаспанай хаце заначаваўшыя кліенты з далечы. Уедлівы, як муляк, дзядзька з Казловага Луга заенчыў: – Пані-панечка, пасуда валіцца!!! – і ламянуў з лавы на – храпучага на падлозе ля варштата – вучня з Паўночнага Вострава, Валодзіка Грыбка. Адбылася незабыўная паніка: за вокнамі, недзе аж за Крынкамі, стралялі – афіцэры дзеля вівату ў марозны Новы год.

Страшна пілі тады самагонку. Рэдка хто не гнаў яе; нават некаторыя ўдовы. Літроўкі замянялі грошы. Бацька і маці бралі за работу тое, чаго ім не хапала, маючы ўсяго тры гектары зямлі:

у александроўскім палетку, за аношкавіцкім лугам, і на Пляцах, што за жыдоўскімі могілкамі. Прывозілі ім збожжа і мяса, паўпрадукты, як і прыхаваныя яшчэ за першымі палякамі тавары. Найчасцей перлі калоды на новае гумно, хлеў, затым і на новую хату. Аднаго разу нехта пакінуў у кухні вядро сівухі, з якога чэрпалі хто хацеў. Вечарамі ў шаўцоўні кішэла ад падпіўшых мужчын;