Разумею ўдзячнасць Карпюка Амільяновічу. Не разумею аднаго: чаму ён паказаў канфідэнцыйны мой ліст таму ж Амільяновічу?! Пытаючы пры гэтым у яго, ці праўда, што быў ён афіцэрам Бяспекі, дэградаваным яшчэ пры Сталіне за злоўжыванне ўладаю. Некалькі гадоў турмы недзе на Паморы не прамарнаваў, закончыўшы завочную сярэднюю адукацыю. Як вядомая там, пад Кашалінам, д’ябальская постаць ён пашукаў сабе стабілізацыі ў другім канцы Польшчы, у Беластоку. „Ніва” прыняла яго з адкрытымі рукамі, у толк не ведаючы каго. Важна, што меў жылку журналіста, аказаўся непраўдападобна працавітым у параўнанні з гультаяватымі „нашымі хлопцамі”. Пісаў, ясная справа, па-польску, а я (крыху іншыя) перакладаў на беларускую. І так ён жыў, і мы з ім. Карэспандэнты „Нівы” лёгкадумна шчыравалі перад ім як перад беларусам і шэфу рэдакцыі давялося ўрэшце „сплавіць” Амільяновіча да беластоцкіх палякаў. Але вынес ён з „Нівы”, аднак, вядомую ў псіхалагічнай навуцы заядласць (не прызнаецца да „Нівы”).
Аляксандр Амільяновіч меў адчувальны акторскі талент у камедыйным плане. Не аціхаў з анекдотамі, апавядаў па-майстэрску. Нават з панурымі, здавалася б, майсамі, як уступленне яго ў савецкую армію напрыканцы вайны разам з маляўнічымі вопісамі лоўлі маладых немак на голыя ночы гвалтаў. – Komm, panienka, schlafen, dam tiebie czasy... Хваліўся: – Nie pamiętam, żeby która cipka ocalała... – а мы, як добрыя дурні, развесіўшы вушы слухалі. О, трыццаць-сорак гадоў назад. Лічы: паўвеку. Пэўна, па-кавалерску ціха зайздросцячы Ольку takiej łatwości i obfitości rozkoszy.
Пра злашчасны burdel, у які пераўтварылі Нямеччыну наступаючыя арміі, я запытаў у Карпюка; ён пацвердзіў. Як і пра неспаленыя гарады, якія пакінулі ў паніцы немцы, а потым палілі іх дзень і ноч победители. У Салжаніцына, баявога афіцэра, ёсць літаратурная панарама восточнопрусских ночей. Прыйшла арда!
Веды на гэты конт былі няпоўныя. Напрыклад, пра belwedery, сексуальнае вынаходніцтва пазнейшых асаднікаў з бядотнай Келеччыны; яны з дапамогаю міліцыі зганялі нанач у пусты будынак прыгажэйшых немак-мазурак w wiadomym celu. Але, адкуль і чаму называлася тое: Belweder!? Шведскі Чырвоны Крыж у адным Гданьску ўжо летам 1945 г. зрабіў 25 тыс. абортаў...
У такім клімаце Аляксандр Амільяновіч склаў даўжэрны данос на мяне, накіраваны ў Ваяводскі Камітэт партыі. Аб чым уведаў я, наколькі памятаю, у дзень сваіх нарадзінаў 4 верасня 1970 г. У час допыту ў кабінеце Мікалая Кірылюка, кіраўніка Ваяводскай Камісіі Партыйнага Кантролю. На двары стаяла гарачыня, слабелі мазгі, і мне падалося спачатку, што towarzysz Kiryluk żartuje, такім перверсійным чынам хочучы павіншаваць мяне з пачатым трыццаць пятым годам жыццця (у модзе былі п’янкі імянінныя, нарадзінныя, або з выпадку дзяржаўна-рэвалюцыйных святаў). Данос пабудаваў Olek на тым пісьме Карпюку, але не толькі; назмятаў у тэкст усякую ўсячыну, якой наслухаўся ён ад мяне ў гады работы ў „Ніве”. Датычна Беларусі і Польшчы, вядома. Мноства напунктаваў таго, але ў памяці засталіся дзіка-смешныя. На першы план Амільяновіч высунуў мае ганебныя адносіны да Савецкай Арміі, што выявілася ў нібы маіх аповедах пра... салдацкія гвалты! Затым учыніў мяне апалагетам эсэсаўцаў, ад чаго я зарагатаў а таварыш Мікалай зрабіў мне заўвагу, што няма дыму без агню. Затым прадставіў мяне Амільяновіч як беларускага імперыяліста, намеранага адарваць ад Польшчы паў-Мазоўша, да Малкіні, а ад Расеі, ну, Смаленшчыну (было гэта рэха дыскусіяў у рэдакцыі на этнаграфічныя тэмы). Далей западозрыў, што хачу стварыць беларускі „жонд”, сам стаўшы прэзідэнтам, і адразу выдаць загад: палякаў вон у Польшчу, а камуністаў – на галіну! Непатрыятычна вяду сябе ў пасцелі з жанчынаю, карыстаючыся выключна беларускаю моваю, што сведчыць пра заалагічную маю нянавісць да палякаў і рускіх.
У такім стылі мая гутарка з Кірылюком працягнулася можа да поўдня; прысутнічаў маўклівы сведка. Я пераставаў рагатаць, адчуваючы сябе, быццам у чорным сне. Сушыла ў горле і мы пілі мінералку. Кірылюк лаяльна пытаў: – To jak mam zapisać odpowiedź na to pytanie? Dyktujcie, towarzyszu. І я дыктаваў, асобна падпісваючы кожную старонку пратакола. Пакуль не цяміў, што ўся гэтая працэдура без значэння. Wyrok już zapadі gdzie indziej. Зусім камічны быў фінал: Кірылюк энергічна запярэчыў, што за гэта выкінуць мяне з работы ў „Ніве”, жартоўна дадаў, што ў будучым не змагу стацца толькі міністрам. Назаўтра пасля тае гутаркі – і выкінулі, і міністэрства не паабяцалі...
Я дапусціў памылку: набыў імпэту бегаць усюды са скаргамі, ні трохі не кемячы, што ніткі грамадскага жыцця зыходзяцца ў адным месцы, у партыйным камітэце. Чамусьці ніхто з маіх слухачоў пра гэта не сказаў мне, нават Алесь Барскі, які выказаўся няясна: паганая твая справа, Сакраце. Апеляцыя ў Цэнтральны Камітэт партыі заняла восень. Бадай у студзені, у нашу Каляду выклікалі ў Варшаву (ашаламіла тое, што з партыйнай касы выплацілі грошы за дарогу, не просячы майго подпісу). З Цэнтральнай Камісіі запамятаўся towarzysz Nowak: іранічна пацікавіўся, чаму я дуру ім галаву, замест сядзець ціха ды чырванець ад сораму за крыўду, учыненую мною партыі.
Так выглядала развітанне, а раней, у верасні, я атрымаў нагоду паездзіць дзень рэдакцыйнай машынаю з шафёрам, узяўшы жонку і сыноў. Пабылі ў Гайнаўцы, у Бельску... Гэта было развітанне з „Нівай”, з работаю ў ёй. Восень сыпала жоўтым лісцем. Я не думаў, што маё выгнанне працягнецца ажно трыццаць гадоў. Усенька, чым пасля займаўся, адбывалася ў нязгасным маім спадзяванні на магчымае вяртанне ў „Ніву”. Моцна пастарэў, страціў маладую энергію.
Селі не на аднаго мяне. На Валодзьку Паўлючука таксама (чмыхануў ад іх у Кракаў). На Збышка Насядку. Ён, Збышак, замілавана гаворачы па-беларуску, збянтэжыў камітэцкіх праследнікаў выкрыкам: – Jaki ze mnie Białoruski nacjonalista? Przecież jestem rodowitym Kurpiem! – Тыя абалванелі: – To po jaką cholerę kręcicie się koło tej „Niwy”?!
Пабіты і апляваны пастанавіў я не марнаваць час, надалей цягнуць лямку з завочнымі студыямі ва універсітэце ў Варшаве (на паланістыцы, на якой без жартаў добры ўзровень). Часта бываючы ў сталіцы (білеты каштавалі танна) я прабіўся на літаратурныя салоны, яны і паратавалі. Адна за адною пачалі выходзіць мае кніжкі і тады я дапусціў чарговую капітальную памылку: дасылаў аўтарскія экземпляры ў „Ніву”, у БГКТ, і – о наіўнота! – таму Камітэту. З інтэнцыяй: глядзіце, во, каго вы пазбыліся! Дзяцінасць. Гэтымі кніжкамі начоўп я сабе больш варожасці, чымсьці чым-колечы іншым. І так засталося па сённяшні дзень, паміма таго, што мае антаганісты збольшага ўжо павыміралі, ад старасці або з п’янства ці бабніцкай буйнасці. Але занялі іх новыя, моладзевыя, аднак ідэнтычныя, хоць іначай прызнаюцца да таго мізантропства. Ды мне лепей відаць з далечы пражытых эпохаў.
1971–1988
Пасля выгнання з партыі і „Нівы” я бегаў па Беластоку, як шалёны, у пошуках спагады ды паратунку. Спачуванне давалася даволі лёгка: „справа Яновіча” начаўпла шуму і знаёмыя людзі самі спыняліся на гутарку: што, як, чаму? Добра, калі слухалі маўкліва; іншы раз лаялі, але не Кірылюка ці Амільяновіча, толькі мяне самога як недастаткова вернага партыі і ўраду Польскай Народнай Рэспублікі. І ніхто столькі не даў мне дыхту, чымсьці свая фамілія, родныя. Тады я зразумеў, што беларусы нараджаюцца ўжо гатовымі камуністамі, бы тыя рускія адразу ў мундзірах ды пры ордэнах на грудзях... Мой былы шэф, Георгі Валкавыцкі, відавочна ні трохі не перажываў таго – удаўся чалавекам не любячым таварыства, нідзе не бываючым і таму не ведаючым, які гоман наўкола. Такім, можа, і трэба быць?