Выбрать главу

Амаль усе аўтарскія сустрэчы адбываліся не на Беласточчыне, а ў тых Прусах менавіта. У альштынскім замку, у Лідзбарку Вармінскім, Езяранах, Біскупцы; у міготка – прыазёрных мястэчках, старапрускія імёны якіх выветрыліся з галавы.

Аднойчы трапіў з Таняй у Голдап, дзе сваяк Лёва Кузьма, mając „gdzieś” Białostockie pierdolstwo, разрэкламаваў мяне на ўвесь павет і вайсковы гарнізон. Сотнямі сышліся жаўнеры ў гарнізоннае кіно і аніматар вечара, армейскі маёр, паўшэптам папрасіў: Więcej wierszy o babach, obywatelu poeto. O babach, to nie usną, bo są po całodziennym poligonie... Дарэмна намагаўся я, добрая палова спала, і маёр час ад часу наводзіў парадак выкрыкам: Baczność! Spocznij! Siad!

Літаратурны Клуб набраў размаху, дзякуючы спагаднасці незабыўнага Туркоўскага. Умудрыўся ён выкраіць невялікую, але пастаянную датацыю, на сродкі якой выдаваў я аўтарскія аркушы пад серыйнай назваю Kropelki, спецыяльна для дэбютантаў. Выйшаў інаўгурацыйны нумар невялікага перыёдыка „Rewers”, эдытарская канцэпцыя якога палягала ў друкаванні тутэйшых аўтараў – калі польскі, то ў беларускім перакладзе, і наадварот, беларускага па-польску. З дазволам на другі нумар цэнзар Янтас бязбожна марудзіў, пасля выклікалі мяне туды-сюды, дапытваліся, чаму так раблю (беларускі аспект). Урэшце падняўся фермент сярод маіх палякаў у Клубе, і ад некаторых з іх адназначна пачуў, што кіраваць гэтай арганізацыяй не павінен беларус, бо ж гэта творчы саюз польскіх літаратараў. Ужо бушавала „Салідарнасць”. Мне зрабілася страшэнна цяжка на сэрцы, і я пастараўся перадаць старшыняванне Веславу Казанэцкаму. Ведаючы Веська, яго антыарганізацыйны талент, думаў яму дапамагаць, выручаць, дзе трэба. Але бахнула ваеннае становішча ў Польшчы, і ўсё накрылася нагамі.

А потым я ўжо меў даволі ўсякага інтэрнацыяналізму ў заядла шавінізуючым Беластоку. А ці раз даляцела да маіх вушэй „інтэрнацыянальная” лаянка: Słuchaj, ch..ju ty: jesteś podłym nacjonalistą, bo nie chcesz zostać Polakiem.

На такім інтэлектуальным узроўні даводзілася выслухоўваць апанентаў, у тым ліку з доктарскімі тады тытуламі цяперашніх ужо прафесараў.

* * *

Я хваліўся. Бессаромна, што лепей мне як ніколі! Хвальба мела мэту: гасіць радасць у тых, хто таптаў мяне. Да „Нівы” былі ў мяне ж любоўныя адносіны, свету не бачыў па-за ёю! Гэта ж каханне!! Таму паводзіў я сябе, бы кавалер, які прыкідваецца, што гэта ён кінуў дзяўчыну-нарачоную, а не яна яго. Тлела сентыментальная надзея, што ўсё ж вярнуся ў разлюбую рэдакцыю. Ні разу не прасвятлела, што чарвіва там. Што сядзяць у ёй адны функцыянеры; не ідэйнікі, а ім, папраўдзе, усё роўна за што грошы браць (акрамя, лічу, Міхася Хмялеўскага). „Ніва” бачылася, даверліва, мною, як калектыў змагароў за беларускую справу. Калі б умеў я тады палітычна думаць, дык паставіў бы самому сабе элементарныя пытанні: – На халеру беларуская справа польскай дзяржаве?! – За чые грошы робяць „Ніву? За польскія, ці за якія іншыя? (– Чые грошы, таго і парабкі).

Толькі першае пытанне прадчуваў скурнай казыткаю, пішучы навыраст пра беларускую кветку ў слаўным вянку Польскай Народнай Рэспублікі або пра шчаслівае для Польшчы існаванне тут беларускай жывой мовы (падкрэсліваю: жывой). За гэта дастаў па гарбе не адзін я, справядліва кажучы, а яшчэ пару чалавек, што ўпераканаліся да маіх тэзаў. Нашколіўшыся ў марксісцка-ленінскай філасофіі палез у тэарэтыкі нацыянальнага пытання паводле Владимира Ильича ды Иосифа Виссарионовича, чым давёў да белай гарачкі сухіх практыкаў сацыялістычнага будаўніцтва ў Беластоку і ў прыналежных паветах. – Przyślij, Wołkowycki, do mnie tego Janowicza, to ja mu zaraz wstawię mózgi! – тэлефанаваў Зыгмунт Мікульскі, босы шляхцюк з мае Сакольшчыны, які даслужыўся ажно сакратара ваяводскага рангу.

Мая поза задаволенага новым лёсам, у сапраўднасці засраным, з’явілася не з якойсьці камбінацыі. Уплываў прыклад Эдзька Рэдлінскага, Валодзіка Паўлючука, Збышка Насядкі, а папярэдне Лешка Кажушкі, якім, прыблізна, гэтак жа ўгрэлі па скабах. Заганарыліся: – Co tam komitet partyjny?! Może mi on na ch... wskoczyć! Mam na widoku lepszą posadę, – што аказвалася няпраўдаю, бо ўсім лепшым мог надзяліць толькі камітэт.

Кажушка, здольны жартаўнік, апавядаў, чаму турнулі яго з партыйнай „Gazety Białostockiej”. – Za brodę, Sokratku, za brodę Marksa... Jak widzisz, zapuściłem sobie brodzisko, a w Komitecie Wojewódzkim te mendy pieprzą: towarzyszu Kożuszko, nie uchodzi członkowi partii być tak zarośniętym. A ja im na to: jak to nie uchodzi, a Karol Marks?! A oni z tej zawziętości: a Róża Luksemburg?!

Лешак чмыхануў у нейкую фабрычную газетку на крузе Вялікае Варшавы і яго ўжо не пабачыў. Эдзік падчапіўся пад варшаўскую „Культуру”, і зноўку наскандаліў, змяшчаючы ў ёй славуты артыкул – фельетон „Jakiś”, хоць без указкі імёнаў і месца ды, аднак, лёгка расшыфравальны. Банкеты, балі ў тадышніх элітах зводзіліся, як сказалі б у Крынках, да „водкі і поткі”. Збышак пакарыстаўся сваім харкаўска-ўкраінскім дыпломам інжынера-агранома і прысмактаўся да гміннага хлеба ў Заблудаве. Найсаладзей удалося Валодзіку (Паўлючуку), якому, як доктару рэлігіязнаўства, расчыніў дзверы Ягелонскі універсітэт, дзе здаўна расселіся клерыкалы і трэба было іх крыху падатэізаваць, а не мелі кім. Так разляцелася наша вераб’іная чародка, пакідаючы мяне аднаго ў жахотным Беластоку. На спажыву крумкачам. Час-часом паратоўвалі сталічныя інтэлектуалы, друкуючы маё на літаратурных палосах часопісаў „з Маршалкоўскай”. У такіх абставінах рунеў у Польшчы міф Яновіча як адзінага беларуса. Усталяваўся стэрэатып: „Беласток – гэта Яновіч”, а „Яновіч – гэта Беласток”. Чаго не ў сілах пазбавіцца гэты бедны Беласток, супер-каталіцкі, аж па сённяшні дзень. Нягледзячы на найшчырэйшую шчырасць у польскасці і на густое ў ім насельніцтва najprawdziwszych z prawdziwych Polaków.

Нехта надаў ахвоты пастарацца выдаць кніжку ў бальшавіцкім Мінску, што мела б нібы выратавальнае мне значэнне ў беластоцкім камітэце, ну, і салідны ганарар (даляр каштаваў у банку няцэлы рубель!). Я і паслухаўся, і ўсё йшло спраўна, пакуль якісьці затоены адраджэнец з мастакоўскага цэху не апрацаваў праект вокладкі з... Пагоняй! Узняўся скандал, узнікла пытанне: таварышы, хто такі Яновіч?! У выдавецтве „Мастацкая літаратура” шэфіў памяркоўны па-беларуску, пажылы Ткачоў (бадай, Мікола), перад якім я прызнаўся, што я не камуніст, і што схапілі мяне „за сраку” ды выкінулі вон з партыі, хаця і лісліва скавытаў, слязьмі заліваўся... Такую адкрытасць выклікаў ён згадкаю, што ёсць у беларускім ЦК данос на мяне з асяроддзя маіх „белавежскіх” сяброў у Польшчы. – І што цяпер будзе? – прастагняў я. – Нічога страшнага, пішы, брат, у нашай анкеце так як трэба: член партыі. Быў жа ў ёй, і зноў будзеш, адваюеш сваё права на гэта... А кніжку трэба ў друк аддаваць, не чакаць жа з ёю... – і шматзначна, цёпла ўсміхнуўся. Ён, пэўна, наогул не верыў, што польская партыя – камуністычная; важней яму было ўспамагчы беларуса адтуль. Прызнаў маю назву „Сярэбраны яздок”. Выдатна адрэдагаваў цэласць знакаміты Уладзімір Дамашэвіч. Пасляслоўем падтрымаў не абы-хто, а сам Янка Брыль, узыходзячая веліч нацыянальнай літаратуры.

„Сярэбраны яздок” пасля ўспрынялі ў зачырванелым Беластоку як прыкрую памылку towarzyszy radzieckich.

Цяперашнім часам тадышнія скандалы немагчымыя. Камунізуючыя ўлады страшэнна пераймаліся словамі, друкам. Газеты, кніжкі лічыліся магутнай палітыкай, не таварам. І самі функцыянеры рэдка каторы меў вышэйшую за падставовую адукацыю. Напрыканцы гамулкаўшчыны прымушалі камітэтнікаў хадзіць у вячэрнія сярэднія школы, у якіх трактавалі іх спецыяльна, каб сяк-так дасягнулі тую „матуру” (за вочы кпілі – „партыйны матурыст”).