Выбрать главу

Хто ўмеў слухаць „Вольную Еўропу”, углушаную механічным лязгатам млына ці цэху тонкасуконнага камбіната, казаў здогадамі, што ў Гданску завіравала бяда. І ў Шчэціне, можа і горай!.. Па тэлебачанні нешта наплёў нованазначаны летам прэм’ер Бабюх, мёртваю моваю складзенай яму прамовы. Нічога толкам, але і дурню зрабілася ясна, што ў Польшчы закруцілася-завярцелася. У Беласток вярнуліся мы абое з поўным вядром надзвычай буйных рабінаў з-над Бэлдані і з салодкай сцішанасцю ў сэрцы: навейвала спагадны нам клімат часу, вызваленне. Рупіла забегчы ў партыйны камітэт і па-смаркацку крыкнуць тым у ім дагледжаным пысам з саланіністымі шчокамі: – Дагуляліся! Неўзабаве зашугаў фестываль „Салідарнасці”, як быццам выходзячы з тэлевізараў на тратуары. Газеты публікавалі славутыя дваццаць адзін пунктаў Гданскіх Паразуменняў. З’явіўся якісьці Валэнса.

Заехаў пад восень з Лодзі гайнаўскі Мікола Д. Ахапіла яго эмоцыя фатаграфаваць надмагільныя надпісы, камплектаваць, і мы абодва з’ехалі ў залацістыя Крынкі. Аблазілі прыходскія могільнікі, вышукаўшы эпітафіяў тыпу „Трагически погиб от рук банд АК”. Ішлі дахаты якраз з Грыбоўшчыны, запыніліся каля настаўленых ля гасцінца фэстмэтраў пахучых смалою плашак на дровы – канчаўся малады лес, налева вынырала гушчавіна Азерскіх, патанаючыя ў лістоце хаты. Мікола неяк пранізліва паглядзеў мне ў вочы і сказаў, што варта ўзяцца выдаваць падпольныя беларускія друкі, у прыклад з палякаў. Я ўвесь схаладнеў ад сказанага ім, хоць было спякотна і бясхмарна. Яму лёгка гаварылася аб гэтым, бо на яго долю выпаў зусім іншы лёс – не выкідвалі Міколу з работы, не арыштоўвалі і не рэвідавалі, не кляймілі і не аплёўвалі. Нішто не пагражала ягонаму прафесарскаму быту.

Я адказаў: трэба грунтоўна перадумаць. Да зімы. І з такім уколам думкі давялося – абсалютна нечакана! – прыняць удзел у польскай літаратурнай дэлегацыі ў Маскву. З Залескім, Вітальдам (?), і з якімсьці трэцім (Капроўскім?). Тыповы выезд у гасціну, без абавязкаў. Прызначылі саветы перакладчыцу, якая чамусьці давала зразумець, што яна не ад... КГБ. Вадзіла па рэстаранах; дэгуставалі віна, каньякі, азіяцкія гаручкі (у азербайджанскім прыбытку весялістасці я не адолеў каўкнуць бараніну ў густым з чымсьці лоі). Адпрасіўся на трохі ў Мінск, моў, да сваякоў. Не было праблемы, „пожалуйста, товарищ поляк!” Едучы з Беларускага вакзала ў мяккім купэ з інтэлігентным русаком, уведаў, што рускім беларусаў няма і не будзе. Ну і чорт з вамі! – раззлаваўся я. Схамянуўся ў задуме, што ў бачаных з вагона вёсках не відаць платоў ды агародаў, аж тут паявіліся яны, і платы і агароды. Расіяк патлумачыў: „Видите ли, поезд уже пересек границу из России в Белоруссию”.

У ваеннае становішча, што настала потым у Польшчы, думкі ў маёй галаве беглі якімсьці адваротным фільмам, быццам у шпітальнае ляжанне. Усё выразней узнікаў перад вачыма той снегавейны поранак у нядзелю 13 снежня 1981 г., калі пагарбелым выйшаў я з нашай беластоцкай кватэры на Складоўскай 6 за малаком і кайзэркамі на снеданне. Насунуўся на Барыса Нікіцюка, спачуваючага мне функцыянера з развальнага ўжо KW PZPR, які, амаль шэптам, перадаў неверагодную навіну: вайна!! Невядома, што будзе?! І я ў момант адчуў, што ў мазгах усё пайшло калейдаскопам, важнае зблыталася з няважным, страшнае са смешным, далёкае з блізкім. Вечарам Валя Ласкевіч не пусціла мяне са студэнтамі ў святліцу Беларускага таварыства на Варшаўскай: нельга, забаронены ўсякія зборы, на вуліцы не можа быць разам больш чым тры чалавекі!!! Мы, можа быць каля дваццаці нас, пайшлі ў мой Літаратурны клуб на Пададворнага 12 і там адбылі загадзёў дамоўленую нараду. Вельмі імпанавала для мяне, што, вось, прыходзяць у нацыянальны рух маладыя інтэлігенты (прыеліся галасістыя бабулі ды дзядзькі ў фальклорных хорыках). Сітуацыя ў маладабеларусаў нагадвала разаграваны матор перад доўгаю яздою. Мацаваліся арганізацыйныя структуры, удала кальпартавана свежапершы нумар „Беларускіх дакумэнтаў”, з’яўляліся немаведама адкуль лістоўкі, нягледзячы на мой манаполь на беларускамоўную друкарскую патаемшчыну.

З далягляду дваццаці гадоў дзівуюся цяпер нямала: мелася гарачасць кіпець у маладабеларускім руху, калі, тым часам, равесніцкае мне актывісцкае наваколле знікла, бы зайцы ў каласуючым аўсе (відаць аднаго Юрку Туронка яшчэ). Часам дабягаў да моладзі Мікола Гайдук, усё нешта хітруючы, што проста струменіла ад ягонай празмернай ветлівасці (далі Міколу мянушку: Сахар Мядовіч). І на гэтым уся заслуга пакалення бацькоў з паказною беларушчынай, бы тая царкоўна-слявянская мова ў бацечкі, а на ўлонні сям’і заскемлівага паланізатара.

Бушаваў, быццам кітайскі хунвэйбін за часамі Мао, Янка Зянюк, погразна размахваючы крамольнымі яму „Беларускімі дакумэнтамі”. Хто мог падумаць, што са сконам камунізму нырне ён у праваслаўную тэалогію?! Выскачыўшы з марксізма-ленінізма. Затое спадцішна шыбаваў Генік Чыквін у ролі лаяльнага перад атэістычнай партыяй хрысціяніна. Ахвоча кляйміў хорам „беларускіх нацыяналістаў”, ні на ёту не пастараўшыся культурна засвоіць хоць адну з усходнеславянскіх моваў (ад яго жаргону бяруць мяне наваніты!). Сённячы Г. Чыквін – абаронца нацыі беларусаў, калі тых беларусаў – gatunek na wymarciu – ужо ўтапталі ў зямлю, з партыйнай ды, таксама, царкоўнай дапамогаю. Ён і яны чамусьці вераць, што зніштожаную нацыянальную культуру магчыма ў любы момант цяпер аднавіць. От і забаўка z Białorusinami-nacjonalistami: to przytopimy, to wyciągniemy za włosy i damy łyknąć powietrza. Праз дваццаць гадоў пасля палівання брудам беларускіх патрыётаў, даюць, вось, дыхнуць ім, утопленікам. І крывадушна лапочуць, куды гэта падзелася наша нацыя? Чаму ўся яна ўяўляе ўжо сабою polskich przyjaciół Białoruskiej kultury. Сябры, вядома, патрэбны, але не яны ствараюць тое, што называецца нацыяй.

Чаму баюся я ў родных сваіх Крынках публічна азвацца па- беларуску, каб зубы не павыбівалі? І, мабыць, не столькі католікі замахнуліся б, але праваслаўныя менавіта (да апошняга заўзяцейшыя яны ад ксяндза палякі).

Царква, на вялікі жаль, не ў стане прыгалубіць уласных інтэлектуалістаў, людзей папулярных, утвараючы з іх уплывовае lobby. Не ў стане. А быў жа час, калі спрабоўвалі таго ў нас не адзін Лёнік Т. Бракавала, мякка кажучы, партнёрства. Інтэлектуальнага найперш.

Бяруць верх у грамадскім жыцці такія Генікі, Янкі, Міколкі. Яны наша класіка нацыянальнай няспеласці. Недаросласці! Афарызм ім: то ў боб, то ў гарох!

* * *

Наступ часу, бурлівыя змены рэдка хто вытрымаў на ўсю даўжыню чалавечага жыцця. З людзей, з якімі я нешта рабіў у мінулым, дзейнічаў, жывуць пакуль – можа быць – адзін з дзесяці.

А тыя статыстычныя дзевяць сталі нябожчыкамі не ў сярэдніх гадах, але маладзейшымі. Я маю на ўвазе мужчынаў, вядома. Напрыклад з круга памятанай мною колішняй „Нівы” бабы, дзякаваць Богу, не выміраюць; з мужыкоў жа засталіся ў жывых усяго трох нас: шэф Валкавыцкі, сакратар партыі Хмялеўскі, і я, назначаны ў дысыдэнты. Рэшта ад гэтай сіметрычнай тройцы – у вечным спачыне на выгодаўскіх могілках або ў гміннай правінцыі.

Дваццатае стагоддзе вынішчала народ войнамі ды не менш і цывілізацыйнымі рэвалюцыямі. Ніколі чагосьці такога дагэтуль не бывала, каб старасвецкія дзяды перажывалі мадэрных унукаў.

Юрка Геніюш перажыў сваю маці ўсяго на пару гадоў. Яго пагібель у 1985 г. была пачаткам адыходу літаратурнай „Белавежы” ў гісторыю; пачасцелі смерці паэтаў, празаікаў (думаю пра прызнаных, не эпізодных у альманахах). Хавалі іх тады ў здзіўленні, настолькі маладымі мы сябе адчувалі.

Роля Юркі ў маім лёсе значная. Кантакт з ім быў цікавы, інтэлектуальны ў бяседзе. Як адзіны ў „белавежскім” асяроддзі інтэлігенцкі сын, адрозніваўся ён начытанасцю і асабістай культурай (тармазы пускалі ў яго, калі напіўся з хамцамі). Гэтае дзіця ссыльнай беларускай паэткі запрасілі былі ў Англію эмігранты, Скарынінскі цэнтр, пакарыстаўшыся, чарговай у Польшчы, палітычнаю адлігай, без якое толькі сніўся замежны пашпарт; хоць былі такія, што ездзілі туды даўно і свабодна: калі хацелі і колькі хацелі. Аб чым у вялікім сакрэце распавёў мне пасля Юрка, вярнуўшыся адтуль. І наколькі дакладная памяць, ён гэта парэкамендаваў мяне ў той Альбіён. Партыя і ўлада хісталіся ўжо ў разводдзе „Салідарнасці”, і я паляцеў у 1980 г. у Лондан польскім самалётам з Варшавы, напоўнены неспакоем, як мне там будзе быць. Маё сацыялістычнае выхаванне дыктавала страх ад знаёмства з чалавекам Захаду; дрыжыкі шпіёнаманіі. Здавалася, разведкі англа-амерыканскага імперыялізму не маюць лепшай работы, чымсьці слепацець за мною!.. Асабліва польская контрвыведка.