у краўчых сэймікавалі кабеты. Я быў у курсе спраў Крынак, саветаў і свету з Англіяй ды Амерыкай.
Прыйшла вясна, у якую даканалі Гітлера і яго Нямеччыну, а ў Крынкі вярнулася Польшч. Якраз гуляў я з хлопцамі на выгане, калі шашою ад Саколкі прымашыравалі палякі ў рагатых шапках ды з карабінамі, а байцы наставілі на іх свае аўтаматы і не пускалі.
У веснаход шумела вада ў стромкім рове, пад мостам у канцавіне Сакольскай. На камянёх. Выходзячы ў сцюдзёную цемнату дзеля надворку перад сном, я туліўся да глухога плоту ад Манахаў. На раскудлачанай бярозе ля студні Булавы трывогліва ціўкала на вятрыску разбуджаная птушка. Скуголіў Чаркесаў сабака. Маркітаў баран у Рухаймозга. Сачыўся жаўтлявы бляск з вакна бацькавай шаўцоўні, у якой гудзеў гоман мужчынскіх галасоў; стукат малаткоў.
Начамі хадзіла АК, абабіраючы кацапскіх багатыроў. Гэта былі паспалітыя банды каталіцкай галоты; нас не чапалі, відаць, таму, што тут усё віраваў натоўп кліентаў і начлежнікаў, пляткуючых дапазна суседзяў (карцёжнікі збіраліся ў шаўца Чабана). Язык за зубамі, аднак, трымалі.
Дэмакраты ўмацоўваліся. Пасвячы свіней на поўхавых купах каля маянтковай Трансавы, я чуць-чуваў далятаючы ад крынскага места заядлы спеў прыезджых актывістаў „Nie rzucim ziemi, skąd nasz ród...” Ажно каторайсь перадрані пастралялі арганізатараў чырвонай улады, разбілі пастарунак, ляснулі армейскага афіцэра ў водпуску, а крамнік Звярынскі пры нагодзе адправіў на той свет канкурэнта (другі запоўз у кусты). На дзіва ўцалеў мой дзядзька Кузьма, русіфікаваны беларусец з-за савецкага кардону, які здурэў стаць сакратаром мясцовай партыйнай ячэйкі ППР. Але, спасу пашукаў гэты вандроўнік лёсу відавочна ў падвойнай ігры...
У слыннай філасофіі т. зв. тутэйшых: усім быць добрым. Падобны прынцып вызнаваў і дзядзька Жукоўскі з хутара Клышаўка.
І хоць днявалі ды пілі ў яго – раней немцы, а цяпер акоўцы, усё роўна прапаў за нішто ды пакутна (ён з жонкаю). Гаспадарку па ім узяў рэпатрыянт; хатняе дабро павезлі вазамі тыя тады лясныя госці, увязаўшы, бы каровы, шлюбную пару дабрадзеяў, каб пабіць ва ўрочышчы Браткі за Сасновікам (хваліўся п’яны хамут з Шудзялава: як стрэльнуў Жуку ў патыліцу, дык вока яму з мазгамі... дрыснула на траву!). У сямейнай традыцыі захаваліся некаторыя звесткі наконт таго забойства. – Адзін з лепей знаёмых Жукоўскаму „давудца” па-сяброўску папярэдзіў быў месяцам да гэтага, што будзе бяда: каб з’ехаў ён у Беласток, пакуль шалее польская завіруха. Лёгка сказаць хутаранцу: кінь поле, стадолу, хлеў, і падайся ў блізкі свет. Шкада! Не разумеў, што не выбачаць яму кантактаў таксама з саветамі. Жыць на самотнай Клышаўцы і не карміць усялякіх партызанаў ды іх актуальных варагоў уперамен мог толькі босы бядак, што еў хлеб з мякінаю. Хутары гараць першыя. Не заўсёды таму, што багатыя.
Яшчэ да лета сорак пятага пачаўся завоз ад чубарыкавага войска, што бронтала з Германіі, чакаючы пропуску цераз граніцу Савецкага Саюза; пралягла яна ўрэшце рэшт за стадоламі Юрчыкаў на Гродзенскай. Салдатня цягнула з сабою фургоны нямецкага дабра, назапрагаўшы гаматных бельгійскіх коней, што ў славянскіх хлявісках не змяшчаліся. Аказалася вось – пагранічнікі з таго боку бязлітасна лупяць нават ручныя гадзіннікі. Узняўся затым вэрхал гандлю з „таварышчамі”, так сказаць: бартэрны. Бацька набыў мне здатны дамскі роварчык, даўшы за яго гарэлкі, сала, гарачых боханаў з печы. А ягоны швагер набраўся, бы жаба балота, золата дочкам на вяселле, якое хутка яму... заіржавела. Чабаніха падхапіла шанц за дзве бутэлькі, ад зайшоўшага да яе лейтэнанта, гатовага збыць цёплы плашч суконны, адпароўшы пагоны (праз гадзіну адабралі ёй яго іншыя, прыпалохаўшы наганам). Найхітрэй старгаваў Патэж з Кальварыі, упёршы русакам паўскрынкі літровак з даваеннымі польскімі наклейкамі манаполькі; напоўненыя былі крынічнай вадою і залакаваныя з адбіткам грашовага арла. Столькі выдаткаваўся ён на матацыкл, на якім шчасліва драпануў да сваякоў у няблізкай вёсцы. Смаркаты Ёзік злакоміўся на каняку, бы гара, які неўзабаўку здох яму, прыдушыўшы авечкі за катухом. Спрабавалі гешэфтаў з ваякамі і мясцовыя палятухі, але з віскам пераканаліся, што даўшыся пад палаткаю аднаму мусіла такая нацярпецца ўроскід па чарзе з дзесяццю... Без падбаўкі аплаты або і зусім задарма, калі прошапаніла ды фанабэрыла. Плявалася ўсюды мацюгаватая Голая Фэлька, агіду якой я пакуль што не цяміў (да гвалтаў на дзіцячых вачах усё ж не даходзіла).
Ад тых абозаў я меў палёгку з кормам паршукам. „Конскія яблыкі”, рабыя ад неператраўленага аўса, смакавалі і даволі пераборлівай мацёры.
Беларускія класы ліквідавалі і мус было ісці ў польскія. Неўзабаве захадзілі з вуліцы на вуліцу, з хаты ў хату камісарскія агітатары, каб беларусы выязджалі ў Расею, бо „зьдзесь будзет Польша”. Ціснулі на бацюшку Савіча, з разлікам, што следам за ім здымецца ў нейкі вырай уся парафія... Не на таго яны напалі. Дурылі галаву і нам, але бацька, даўшы рады немцам, тым лаўчэй абалваніў тых ганучнікаў, здольных ано махляваць. Абяцаючых без аніякага толку.
Тлумачыў ім: – Таварышчы, нашто вам гэты вываз, ну, думайце самі!? Забяроце нас да сябе, нада будзя хату там каждаму даць, а ў вас жа ўсё папалена! Нада будзя хлебам карміці, а ў вас жа сваім не стаёт. Нада будзя работу, а ў вас жа нет чым плаціць, страна зьніштожаная. Зачэм вам гэта бяда на галаву, у вас жа сваіх людзей неізьвесна куды дзяваць, хаця Расея вяліка, но пустая, бяда зь бядою ў ёй, а вы яшчо і нас хаціце зваліць на свае змораныя плечы... Мы вам у вас плакаць будземо!
А яны: – Эта ты напрасна так гаварыш, пан: всё вам у нас будзет, дажа свіней сваіх заберош...
Маці на тое: – Ага, забярэш, каб калхозьнікі пакралі!..
Бацька спалохана перапыняў яе: – Не слухайця, таварышчы, дурную бабу! (І да іх) Я вам кажу: нашто вам гэта наша бяда?! Мы вас очань шкадуем, і таму эта наша бяда хай ужэ на палякаў валіцца, тагды вам лучша з вайны адбудавацца.
Саветы: – Вас палякі здзесь душыть будут, как раньша.
Бацька: – Э, таварышч, хто толькі нас не душыў, а мы жывем. Хай душаць палякі, дамо рады. Затое Расеі лягчэй будзя...
У Крынках кішма кішэла загранічнікаў, уцекачоў з тых вёсак, якія спачатку адыйшлі да СССР. З Вялікіх Азяранаў, Парэччаў, Юраўлянаў, Ласінянаў... Кватаравалі яны ў сваякоў, парабкавалі. Рамашэвіч рабіў моцныя калёсы. Як ні кідалі іх вобземлю, ні зрушыліся. З ім супражыў азяранец Кучынскі, і абодва прыбраліся ставіць нам новую хату, цяперашнюю, на жыдоўскіх пажарышчах. Марудна цясалі, абы доўга, бо не мелі куды падзецца. Сваяцкі нам Гарбуз, афіцэр Белай Гвардыі, пісарыў у паўпісьменнага войта Нэваля. Хто ведае, ці не ад такое ганьбы распіваўся... Хама Нэваля ў рэвалюцыю нашпарыў бы ён бізуном!
Павялася мода садзіць садкі. У садаўнічага Ганацкага на Акопах купілі мы пару яблынькаў. Знайшлося ім месца ў закутку вузкага і пераходнага падворка (за намі пабудаваўся быў бацькаў брат Грыша). Я не мог прычакаць, калі дрэўцы прымуцца расці! Падліваў іх ці не штодзень, аж нехта сказаў, што пагніюць ім ад таго карані. Завёў кролікаў-трусоў, якім прыносіў дзяцеліну з прыгумення ды падкрадваў моркву на чужых загонах; падпільнавала мяне цётка з Плянтанскай – дагнаць не дагнала, і шчасце, што не апазнала. Набліжалася тым часам зіма і былі б клопаты з імі, але, аднойчы, усіх выдушыў тхор. Неразважліва, бо я ў роспачы высачыў ягоныя крывавыя слядцы, – вялі ў блізкую крушню. Выбілі тхарыны вывадак да нагі ўпалоханыя за свае куры і качкі гаспадары.
Яновічы не чыталі па-польску. Не лічылі гэта патрэбным. Пісьманосец Клімовіч з Касцельнай хварэў на інтэлігента і настаяў выпісаць „Rolnik Polski”. За газету браўся я, дэкламуючы з яе паведамленні са свету крынкаўцам, прыходзячым „на майсы” ў шаўцоўню, дзе несціхана балбатаў радыёпрыёмнік „Філіпс”, набытак ад савецкіх марадзёраў. Электроўню ўжо, здаецца, сяк-так адбудавалі... Слухалі наогул песні з Масквы, адкуль перадавалі іх як бы бесперапынна; у вядомы момант знаходзіў бацька Лондан з сігнальным у эфіры бубнам: Nadajemy wiadomości dobre czy złe, ale zawsze prawdziwe...