Выбрать главу

Сваё знаходжанне ў Англіі апісаў я ў „Ніве” тае вальнейшае пары, што выклікала некаторую сенсацыю: чытачы і не падазравалі, што жывуць там беларусы, ніхто з папярэдніх візітантаў з Беластока-Варшавы, хаця б паўсловам не пікнуў на гэту тэму, такія былі з іх нібы адчайныя арлы!.. Ну, а што я прывёз назад у цяжорных, адрываючых рукі, сакваяжах? У першую чаргу – пад пуд забароненых кніжак, ксераксаў крамольных тэкстаў, бляшанак з друкарскай фарбай, горбу класных матрыцаў – усё дзеля пуску ў дзеянне ўтворанага ў падполлі Беларускага Незалежнага Выдавецтва. І сто даляраў на аплату тэхнічнай працы (жылося за дваццаць пяць у месяц). Кантроль на варшаўскім Акэнці аказаўся сімвалічны, і я акрыяў. А валок, гэтаксама, рэчы смешныя, маларазумныя дарункі, як ад небагатых выгнаннікаў – кілбасы тамтому, апельсіны гэтаму, рулеты пятаму-дзесятаму, іх сваякам; перад адлётам з Гітраў даганілі яшчэ з бутэлькамі віскі сяму-таму. Зусім без сэнсу; плата за надвагу багажу выйшла большай, чым былі вартыя таго навалены ў торбы смачноты чужым (прычым, цалкам даступныя за валюту ў беластоцкім PEWEX). Божа, эмігранты ні трохі не палепшалі на чужыне, засталіся тымі ж жміндаватымі дзядзькамі і цёткамі без паняцця пра шырокі свет!

Выдаванне „Беларускіх Дакумэнтаў” выпала на гады ваеннага становішча (акрамя першага нумара). Прабівацца з імі на захад дзеля атрымання нейкага ўспамажэння адтуль стала магчымым дзякуючы, сябруючым са мною, палякам (падзяка паэту В. Казанэцкаму, што ляцеў у Амерыку). „Нашы хлопцы”, якім давалі пашпарты, паказалі сябе лапатлівымі сярунамі. Ніхто і нічога з „бібулы” не ўзяў ад мяне ў свой далёкі ваяж, хоць у вяртанне бессаромна заходзілі, каб прамарудзіць вечар у мяне хвальбою атлантычнай ўдачы. Я ў душы прабачаў ім гэты цынізм, тлумачачы сабе, што ад беднасці яны такія лайдакі, і толькі бяруцца, вось, дарастаць да нацыянальнасці. Гэта была мая маральная памылка, нельга такое курвельства дараваць, трэба было казаць ім у вочы, чаму напраўду недастойныя і чым усё кончыцца ім у такім галадранскім эгаізме. Сялянскія дзеці ў нас этычна пачварныя. Нявыхаваныя. Прыяцельства з імі прарочыць правал або і небяспеку.

Дэкада васьмідзесятых падалася цудам нацыянальнага адраджэння! Канспіравалі групы моладзі. Пакаленне гэтае было народжанае ў шасцідзесятыя гады, агульна кажучы: у росквіт актыўнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства, якое, склеразеючы, выракалася яго. У натуральны ў грамадскай прыродзе канфлікт на лініі „бацькі – дзеці”. Пад уздзеяннем магутнага польскага антыкамуністычнага падполля з’яўлялася хмара беларускіх эфемерыдаў, з якіх засталіся ва ўспамінах студэнцкія „Сустрэчы”, і з якіх вырас паслейшы „Часопіс”. У эратычным падтэксце ўсякіх згуртаванняў, летніх лагераў ды патрыятычных паходаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі падбіраліся будучыя шлюбныя пары.

У маёй мужчынскай памяці немалы іканастас чароўных нацыяналістак, што расплыліся ў серабрыстых туманах жыццёвых далечыняў. Выходзілі замуж, знікалі. З іх нараджаецца цяпер наступнае пакаленне патрыётаў, што патроху ўжо відаць у выглядзе Зьвязу Беларускай Моладзі, дзяцей крыху забытага Беларускага Аб’яднання Студэнтаў. У натуры няма пусткі. Існуе ж прастора нацыянальнага руху, таму проста фізічна не можа быць, каб ушчэнт апусцела яна.

Усё ў свеце звязана; нішто не адбываецца без прычыны. Па-старэчаму памарнелае тое БГКТ трэба лічыць дзядулем-бабуляй маладабеларускім структурам канца веку.

Дваццаць гадоў назад няпроста здаралася стацца беларусам, не вельмі што было пачытаць для ўласнае свядомасці. Цяперашнім жа часам наадварот, трэба быць страшэнным гультаём або дэбілем, каб не быць беларусам. На працягу дэкады дзевяностых узнікла цэлая бібліятэка беларусістыкі. Мая кніжыца „Białoruś, Białoruś”, за якою стаялі чэргі на беластоцкім кніжным кірмашы ў восемдзесят сёмым, сённячы здаецца нявартай узяць яе ў рукі. Калі гэта бывала так, каб на працягу дзесяці-пятнаццаці гадоў змянілася ў нас эпоха?!

У аксамітны тэрор рэжыму ген. Ярузэльскага – без растрэлаў! – спела выбуховая сітуацыя фіналу дваццацівечча. Міф пра маю апазіцыйнасць рос насуперак мае волі, як той жывот згвалтаванай жанчыны. Гэта сведчыць аб тым, што тае апазіцыі ў Беластоку было, што кот наплакаў. Сярод фацэтаў з шумным імем я адзіны, якога назусім з часам пазбавілі штатнай работы; слаўныя тым часам калегі рассядаліся на двух або і трох гнёздах з падвойна даходнай платаю, што потым, у „Салідарнасць”, ні трохі не перашкаджала ім клясці „чырвоных”. Добра пажыўшы пры тым жа „чырвоным” двары.

Старшыня Ваяводскай Рады Нарадовай праф. Мар’ян Шаматовіч запрасіў мяне прыняць удзел у Кансультатыўным Канвэнце пры ім, у якім цырымонна згуртавана элітны круг з грамадскім аўтарытэтам, але абавязкова нязгодны з афіцыйнымі поглядамі. Шаматовіч быў чалавекам навукі еўрапейскага фармату, меў свой гонар і не кланяўся занізка перад моцным начальствам. Валодаючы ўсё ж не абы-якімі правамі шэфа ўстаноўчага органа дзяржаўнай адміністрацыі ў рэгіёне. Служба Бяспекі не дазваляла выдаць мне замежны пашпарт па запрашэнні з Амерыкі ў гэты раз, пры чым паводзіла тая тайнота сябе камічна: жонцы Тані давалі! Гэта не ў жарт узлавала прафесара. Сказаў: Mistrzu drogi, proszę być spokojnym: nie trzeba nigdzie chodzić, w zębach przyniosą Mistrzowi paszport do domu!

Валя Жэшка выконвала карэктуру „Нівы” з адначасным абавязкам тэхнічнага нагляду яе друку, што ў тадышняй тэхналогіі, родам з міжваеннай індустрыі, прычыняла нервовых турботаў. Дамагалася затым памочніка ёй у памерах чвэрці штата і я з яе набухтору выплакаў у шэфа рэдакцыі гэтую паўпасаду. Ён, зрэшты, адразу даў згоду. Месячны заробак высіўся на ўзроўні аплаты вечаровай прыбіральшчыцы бюра, няшмат зрэшты ніжэйшы, чым у Парадні, у якой ужо вышукоўвалі супроць мяне т.зв. гак. Там уз’елася грыжа за грошы ў сувязі з рэарганізацыяй Парадні ў Гарадскі Дом Культуры. Я, нарэшце, вось вярнуўся ў каханую „Ніву” і – побач з тэхнічным рэдактарствам – апрацоўваў дзеля публікацыі пісьмы карэспандэнтаў, за што атрымоўваў асобны ганарар. Справа ў тым, што гэтая дзялянка рэдакцыйнай працы была запушчанай, ніхто з журналістаў не паквапіўся на такое „смецце”, цэлячыся ў важкую публіцыстыку. Маё тое шчасце цягнулася б, перасталі да мяне чапляцца цывільныя паручнікі ды капітаны, занятыя слежкаю ад цямна да цямна за падпольнымі салідарнікамі. Ідылія мне абарвалася, аднак, напрыканцы васьмідзесятых – прыкацілася чарговая рэдукцыя штатаў у Польшчы, крызіс якісьці, мус ашчаднасці, і я зразумеў, што трэба зноў пакінуць „Ніву”, але настолькі іначай, што па-добраму, без „каленам у сраку”.

Больш не шукаў казённага занятку. Абрыдла, пастарэў. Наймаўся „вольным стралком” у нейкіх рубрыках, напр. у радыё „Свабода” (плацілі к. 50 злоты за тэкст). У арганізаванне Беластоцкага Аддзелу Саюза Польскіх Літаратараў прычапілі на грудзі аж Сярэбраны Крыж Заслугі (так намаглася сп. Маранда, мілая дырэктар ваяводскага аддзелу культуры, упярэдадзень ліквідацыі Польскай Народнай Рэспублікі).

Як апошні акорд Народнай – бяспамятная эйфарыя маладабеларусаў! Мора ім па калені! Прыязджае на роварчыку з інтэрнатаў на Звярынецкай шаленаваты студэнт Палітэхнікі, старарускай пароды Сцёпка Базылюк, якому галоўны рэдактар „Нівы” несумненны здраднік беларускае справы, і рэжа ў вочы: – Каму вы, Валкавыцкі, гарбату салодзіце?! І пад каго лягаеце?

Прыходзілі такія моманты ў мой настрой, што я баяўся ўзнікнення каманды тэрарыстаў, страляючых з „калашнікаў” па ордэнаносным актыве БГКТ! Канспіратыўныя сходкі ў блёкавай кватэры ля Сеннага рынку і на Пясках. Эмісары з Польшчы.