1989–2001
У перыяд Круглага Стала – упачатку лютага 1989 г. у вечаровым пакоі, у якім я апрацоўваў пісьмы чытачоў „Нівы”, сабраліся гарачыя галовы на чале з Генікам Вапам і ўтварылі Клуб Беларускай Палітычнай Думкі. Ідэю падказаў, відаць, Юрка Туронак, ён жа рэдактар бездэбітнага „Кантакту”, сцісла палітычнага часопіса. Тэза: выхоўваць кадры палітыкаў. Акрамя „Кантакту”, штомесячныя сакрэтныя дыспуты па гісторыі палітыкі. Удзельнікі адборныя, не болей дзесяці, абсалютна давераныя , не западозраныя ў знаёмстве з сышчыкамі.
Набліжаліся славутыя выбары чацвертага чэрвеня. Клуб, як закулісная структура, паклікаў ад сябе легальны выбарчы камітэт, каб пераканацца ў рэальных уплывах у грамадстве – кандыдатам у Сойм стаў Генік Мірановіч, а кандыдатам у адноўлены Сенат я. Мы найпершымі беларускімі незалежнымі кандыдатамі ў парламент у паваеннай Польшчы. Не падумалі, што няма палітыкі без мяшка грошай. Шэф акцыі, Віктар Стахвюк, з’яўляючыся сакратаром ГП БГКТ, выкарыстоўваў патэнцыял Таварыства, як любіў казаць, „на ўсю катушку”! Меў поўную свабоду дзеяння, бо само БГКТ развальвалася і сакратаром у ім стаў ён таму, што ніхто з заслужаных „партыі і ўраду” ўжо не хацеў таго гонару. Гісторык сказаў бы: улада ляжала на вуліцы.
Абодва, Генік і я, з’ездзілі туды-сюды з Віктарам, выступілі сям-там на мітынгах арганізаваных багацейшымі кандыдатамі – нашым канкурэнтам аказаўся худзенькі мазурок з тварыкам анёлка (называўся: Цімашэвіч). Мяне трыумфальна перамаглі салідарнікі, Каліцінскі і Стэльмахоўскі, і той жа Шаматовіч; дастаўшы каля дваццаці пяці тысяч электарату я ўсё ж далёка аперадзіў ганарыстых партыйных ды іх сатэлітаў, што вялі шумную, дарагую кампанію. Прыблізна выпаў і Генік Мірановіч, які не кахаў крыку і рэкламы, а і палітыкі (Клуб прымусіў яго высунуцца). Ад плакатнае вайны пацярпеў Генік Вапа, ахвярна расклейваючы дзень і ноч нашы афішы (у Беластоку трэба было клеіць іх пасля ўзыходу сонца, бо за ноч усё было абарвана кімсьці). Як бы аднае бяды мала, з’явіліся яшчэ і ўкраінцы свае гадоўлі, пару слаба думаючых магістраў з кляшчэлеўскіх хутароў, хоць шкоды ад іх мы асабліва не адчулі (потым аб’явіўся „казакуючы” войт у Бельску, які выгартаў аднекуль мапу, на якой супер-Украіна даходзіла ад поўдня да падбеластоцкай Страблі).
Нашу радасную падпольшчыну расканспіраваў адным махам пяра амерыканскі, эмігранцкі „Беларус”. Гэтая месячная газетка фамільнага профілю ўзяла ды энтузіястычна апублікавала звестку, досыць падрабязную, аб існаванні вось Клуба. Эмігранты пяклі свой хлеб на інфармацыях ад нас і таму лепей было не казаць ім нічога дэтальна, тым болей, што палітычна выказвалі яны тую ж беларускую наіўнасць ды былі забедныя, каб можна было прычакаць ад іх важкай помачы, якую ціха каналізавалі – зрэшты – невядомыя też-Białorusini (яны няблага пажывіліся, выдаючы сябе ў прыезд у Амерыку „пакутнікамі справы”).
Першым пратэстацыйна пакінуў Клуб, заўсёды сур’ёзны, Юрка Туронак. Ён зразумеў: звязаўся з людзьмі безнадзейна зялёнымі, нейкімі палітычнымі лірыкамі, якія не даспелі да нечага істотнага. Скандал згас з ім прыканцы лета восемдзесят дзевятага. Знайшла падтрымку думка міфаманскага Антося Мірановіча арганізаваць беларускую палітычную партыю. Антось, як дзіця: любіць раскласці агонь, але без тае цярплівасці насіць потым галіны ў полымя (арганічна працаваць). Паспадзяваўся Антак на млявага Вячку Станкевіча з мюнхенскай радыёстанцыі, які наклаў яму ў вушы: рабіце кангрэс, кангрэс, рабіце... Будзе, усё будзе! А быў пасля шыш ды кукіш!!
Такім, даволі несур’ёзным, чынам нарадзілася Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднанне, 10 лютага 1990 года. Якое і па сёння ледзь зябае. Але гэта усё ж занадта свежыя справы, каб аб іх пісаць ужо цяпер. Калі васьмідзесятыя гады цямнеюць вось у гістарычнай аддаленасці, дык дзевяностыя яшчэ ўсё, бы ўчарашні дзень: жывуць героі недалёкага часу, не выветрыліся непрыемныя пахі, гнільна тлеюць непаразуменні.
Трэба пачакаць, хай ападзе з верхавінаў памяці сухое лісце... неістоты.
Трэба заўважыць удзел жанчын у беларускім руху. Тое, што памятаецца, – гэта іх маргінальная роля ў цэлым, але пераважная адначасна ў самадзейным гурткоўі, у спявацкіх гуртах. Моцныя характарам дзяячкі – некалькі – чамусьці ўсе насілі імя: Ніна. Былі Ніны, Мушынская і Ціванюк з Гарадка, Бура з Семяноўкі, і яшчэ Ніна недзе ад Бельска, яна мала бачылася. Па структурах жа Беларускага грамадска-культурнага таварыства гайсалі мужчыны (дакладней называць – мужчыніскамі). Бульбатварыя, халопскай пароды, тыя, якіх за настаўшага Гамулкі пугнулі з уладных крэслаў і з паліцэйскіх устаноў ды спаролі з партыйных седалаў. Яны – душою адданыя рэжыму, аднак непрыдатныя ўжо, калі перасталі бегаць з вінтоўкамі за бандамі ў лясах; а не выходзіла ім рухаць мазгамі. Неадукаваныя, думаць не думалі. Апынуўшыся на службовай звалцы, абудзіўся ў іх КПЗБоўскі патрыятызм, прымітыўны, на патрэбы падкантрольнага Таварыства. Іншыя беларускія арганізацыі, акрамя БГ-КТ, забараняліся.
Жанчыны БГ-КТ уплывалі на дзяўчат, а харашухі тыя на хлопцаў. Паненкі гнулі на замужжа і шукалі кавалераў, што не было так простым, як у нашыя чадныя дыскатэкі. Ну і ў даўнія звычаі лёгка кляймілі дзеўку з замілаванасцю палятухі. Пашыраўся тэрмін „фахоўка”, які разумеўся як ганебны шыфр на азначэнне тае кумпястае красуні, наконт якой узнікаў здогад, што яна ўмее так клубаваць з хлопцамі і мужчынамі, каб не пусцілі яе „з жыватом”. Палятух і фаховак нямала налічвалася ў кожнай ваколіцы, што вынікала не з заняпаду маральнасці, але з таго, што ў тую галоту здараліся ў бацькоў дочкі нармальна развітыя фізічна і з натуральнай інтэлігентнасцю ад маленства. Не ад сёння вядома, што сексуальнасць у цёмных блізкая нуля і выяўляецца толькі ў жывёльны перыяд веснавое ажыўленасці наогул у прыродзе.
У мужчынскім валадарстве ў БГ-КТ устаяўся клімат палітыканства, іскрыста заядлага, па-камуняцку неарыгінальнага, пустога. Усё зводзілася да падкопаў пад чужыя пасады. А ў жаночай старане БГ-КТ адчувалася адваротнае, усё жанілі кагосьці з кімсьці або выпраўлялі замуж. Чалавечы самец варты столькі, наколькі ён здольны звіць цяплюсенькае сямейнае гняздзечка. Іначай, аднак, чым сённячы, цаніліся ў матрымоніі начальнікі маладыя, незалежна ад узроўню іхнае дурноты. Грошы даваў жа не розум і спрыт, але пазіцыя асобы ў павуцінні палітычнай сістэмы. Аванс залежаў ад умельства падлізвацца вышэйстаячаму. Кватэра ў блёку давалася поруч рангу на службе, вернасць партыі і ўраду дадаткова гарантавала снёны талон на куплю аўтамашыны. Ціхая ж згода на тое, каб твая жонка зрабілася т.зв. бюрвай, давалкай вышэйшым над табою, неяк аўтаматычна адчыняла рагатаму мужу магчымасці бываць казённым коштам у шырэйшым свеце або і выйсці на камітэцкія паркеты. Самец, як самец: па-казлінаму зайздросны, але кар’ера панаднейшая ад цноткі. Зрэшты, да шлюбаў даходзіла не ад гарачага кахання, але з разліку, так сказаць: з прастытуцкай калькуляцыяй. Nie hołysz będzie ojcem mych przyszłych dzieci!
Ці ад тых часоў змянілася што ў этычны бок? Не думаю, каб радыкальна, але ўсё ж грошы сталіся больш залежнымі ад самога чалавека, чымсьці ад яго месца ў іерархіі. Дамінуе прыватная ініцыятыва. Ёсць такія дзяльцы ў капіталізм, што зарабляюць аж у дваццаць пяць разоў болей за прэзідэнта дзяржавы! У „эпоху БГ-КТ” так бывала дакладна наадварот, а эратычныя афёры не абцяжвалі начальніцкіх кашалькоў. Ruchano na koszt skarbu państwa.
Мізэрнае значэнне жанчын, хоць на сцэне дома культуры было іх значна тлумней за мужчын, з’явілася вынікам іхнага сацыяльнага, сялянскага, паходжання. У традыцыйнай, асабліва вясковай, сям’і баба не мела голасу, пра ўсенька вырашаў бацька або галава роду, дзед, калі яшчэ добра трымаўся ён на нагах і ў думанні. Таму Беларускае грамадска-культурнае таварыства не магло пераўтварыцца ў школу грамадзянскага выхавання, будучы папраўдзе вялізнай вёскай, распыленай на горад. Z wiechciem w bucie. Грамадзянскасць стварае выключна горад, у ім магчымае пачуццё супольнасці лёсу, jazdy na tym samym wózku. А ў вёсцы – не, бо гаспадар у ёй мае ўсё сваё: хату, студню, печку на дровы, каня з возам, карову з малаком, кормніка на мяса з салам, курэй, яйкі і г.д. Самагон! Якое ж тады можа быць тое пачуццё супольнасці лёсу паміж незалежнымі ад сябе гаспадарамі? Не большае, чым у малітве з выпадку сушы або пажару. Трохі ў родавым клане, фамілійнай мафіі.