Выбрать главу

Валасы падняліся на лысіне! За маімі часамі дзяўчаты маглі не больш, як плакаць і прасіцца. Калі якой мы баяліся, дык такой,

у якой бацька меў „белую гарачку” ды пудовыя кулакі.

Найлягчэй малаціўся авёс. У маразечу. Цяжка выбівалася цэпам жыта. Бацька не дазваляў мне веяць – чамусьці не мог я добра махнуць, каб зерне ляцела на канец таку, пасля на сярэдзіну, а мякіна і амеці поблізу. Веерам, – у чым і ўвесь спрыт. Блыталася ў мяне. Затое няблага даваў рады супражыць нават у „тры цапы” (даходзіў да нас Валодік-Намеснік з Кальварыі). Хутка, аднак, слабеў ад стомы пільнавацца тае жанглёркі; згубіўшы чуццё рытму, умомант узнікала малацельная катастрофа, можна было дастаць дубінаю па шапцы. Атрымоўваў я бяспечнае заданне: – Бяры ровар і завязі мяшок ячменю да Рудніка, хай змеле восыпкі свінням.

Бацька, будучы паслаўляным шаўцом, не любіў гаспадаркі. Не думаў займацца ёю, абуваючы паўпавету. Яго здзіўляла ППР, рабочая партыя, якая па-дурному зніштажала кожнага, хто працаваў і багацеў. Цёпла ўспамінаў былую Нямеччыну, таксама з рабочай уладаю ды з чырвонымі сцягамі (са свастыкай, замест сярпа і молата). Зруйнаваў Яновічаў начны наезд на нашу хату ўбоўцаў з Саколкі, тадышняга УОПу: забралі гару скураў, падэшваў, негатовых і гатовых ботаў, чаравікаў, туфляў. І ніколі не аддалі. Назаўсёды запамятаўся па-мужчынску скавытлівы плач майго бацькі, спрабаваўшага выенчыць літасць у бандзюкаватых хамаў у скураных плашчах ды з аўтаматамі напагатове. Ад таго рабунку польскіх чэкістаў мы вярнуліся да плуга і гною.

Крынкаўцы гаварылі ўласным жаргонам. – Шайс гэта ўласьць! Капут працавітым людзям! Рыхтык камісар Сруль! Бог вэг! Лаханда ідзе, майсы і ўрра!! Давай ім шпэк, шнапс і сваю бабу ў пасцель!

Згадвалі вершык з саракавога, калі саветы начапілі ў першамай партрэціска Сталіна на ратушы; нехта прыкалоў тады яму пад вусы прыцемкам кавалец шпэку ды картку: Stalinku, Stalinku, jedz słoninku. Dwadzieścia lat gospodarzył, ni razu nie zaskwarzył! Сышчыкі НКВД не напалі на след аўтара тэксту, хоць пісьменных палякаў у нас у тую пару злічвалася на пальцах аднае рукі... Знайшлі б жартаўніка, але радасць, вось, прапала ў народзе (і ў даносчыкаў?) ад вывазаў на Белыя Мядзведзі, і ад апусцелых крамаў. Удадатак мэнчыла ў тарговыя чацвяргі навалочаная басота з шырокім горлам: – Таварышчы і жэншчыны, уступайце ў калхозы, а будзеця ў іх жыць, як у бога за сьпіною! Усё вам будзя, калхозьніку па карове, дзецям па карзіне ляндрынак, кавалерам па велясыпедзе, дочкам па паркалёвай сукенцы, бабам па парасяці... – хвалілі камунізм агітатары, не даўмеўшыся, што ў Крынках кожны даўно мае гэткі дабрабыт, (акрамя ландрынак і равароў).

Калі тое было? Шэсцьдзесят гадоў назад. Сяджу ў тых жа Крынках і ўяўляю сабе, што тубыльцы, слухаючы той болбат, мусілі сінець ад ціхага рогату. І шкадаваць прапаўшую Польшч, хоць і панскую.

У тую савецкую вясну відацьме навек адхацелася тутэйшым беларусам яднання з Беларуссю. Каму ахвота пакідаць лепшае ды лезці ў горшае? Справа, мабыць, не толькі ў бясхлебнасці мінскай рэспублікі. Разам з перспектывай голаду валілася на нас сюды безразумная і, адначасова, разбойная ўлада. Свайго роду адбыўся прыход грабежнікаў. Палякі, праўда, нікога не гладзілі па галоўцы, але яны ўсё ж прытрымліваліся якогасьці закону; у саветаў пра ўсянютка вырашаў таварышч-начальнік, згодна этыкі банды. Такі мог цябе і застрэліць у кутку. Таму нямецкая акупацыя потым нас так вельмі не ашаламляла, як у глыбі Польшчы.

* * *

Крынкі – на прасцяцка-савецкі манер – не паважалі і не паважаюць тутэйшую ўладу, і, натуральна, яна іх. У нас уладары па-бальшавіцку заўсёды падпітыя, праўда, акрамя двух кароткіх перапынкаў – начальнік гміны Касінскі не запіваўся на людскім відавоку, а за войтам Ціруком, потым, кожны мужыкаваты панок баяўся нават дакрануцца да чаркі. Таму той і той хутка прапалі ў простанародныя выбары ды перавыбары, бо ў цвярозага начальства нельга дабіцца дзярлівых шанцаў (апошні перад цяперашнім войт, хоць і касцельны, тыднямі піў па хатах). Некаторых, як казалі, цянгловая гарэлка без пары звяла са свету; адзін з іх, наймацнейшы бамбіза, дастаў усё ж хваробу Бюргера і застаўся зусім без ног. Мяшок з горлам і сракаю.

Пры камуністычным тым Касінскім у мястэчку пабудавалі вадаправод, а пры абстыненцкім Ціруку – каналізацыю. За часамі Нэваля, пасляваеннага яшчэ войта, які хадзіў у доўгім вазацкім кажусе і калываючыся ад перапою, Крынкам аднялі гарадскія правы, якія мелі з 1569 г.; зруйнавалі ў іх дзеля цэглы жыдоўскія і камунальныя муры, таксама тыя не надта папаленыя ў фронт. Настрой паспалітых рабункаў: дзяўблі кіркамі ўсенька прыдатнае ў нечым, каменне з фундаментаў, тратуары або і брук. Афіцыйна гаварылася пра вываз будаўнічых матэрыялаў на адбудову Варшавы. Адзінае, чаго не здолелі спляжыць нэвальчыкі, дык гэта унікальнага плана крынкаўскага места і шасцікутнага рынка ў ім; геаметрыя не паддаецца молату і лому.

Уцалелі ад развалу драўляныя будынкі ўсякіх Іцкаў, якія спехам пазаймалі, уцякаючы сюды, ваенныя пагарэльцы з вёсак, што адышлі да саветаў (пераважна з Парэччаў і хутароў у Лапіцкіх горах). Анісімовічы з найінтэлігентнейшай Гродзенскай вуліцы выратавалі салідныя сцены выпаленай школы на блізкіх Акопах і, каб вярнуць яе да жыцця, узяліся патрашыць даўняе-прадаўняе гмашэннае збудаванне ў двары дэ Вір’яна, выцягваючы адтуль чырвоныя ад смалы бэлькі ды рэшту век-вечных матэрыялаў. Пасля запаўцелі яны ахаваць вялізны сад драпануўшага пана і гектары ягоных сажалак. Але, на гэтым іх грамадзянская актыўнасць скончылася. Не вытрымалі націску бандытаватага мястэчка: яблыні і грушы зладзеі мала з каранямі не павырывалі, а карпаў кашамі кралі. Усевалад Анісімовіч, больш вядомы як Дзядзька Валодзя, пастараўся быў аб наган сабе ды што ён мог ім зрабіць, акружаны хмараю лайдакоў. Само местачковае мужыцтва, хоць не так драпежнае, як тая парэцкая навалач, было, аднак, надта сярлівае, каб арганізаваць з яго нейкую сілу. Падрастаючыя Анісімовічанкі ды Анісімовічыкі затым паперлі ў белы свет, плюнуўшы на клубуючае хамства з вашыма за каўнерам.

Падзеяй стаўся прыезд у школу рыжых дабрадзеяў са Шведскага Чырвонага Крыжа. З’явіліся яны ў пыльных завулках афіцэрскім джыпам, з польскай перакладчыцай каля шафёра. Устаялася была сухая пагода, а лясныя банды ўжо не хадзілі; з Крынак пазабіралі ўбоўцы ў турмы шмат-каго з іхных ненаедных супражнікаў і таму апаў страх; з дзяцьмі папрыходзілі і бацькі, глядзець, як малым робяць акулярыстыя чужакі прышчэпкі ад сухотаў. Настаўнікі папрыводзілі натоўпы вучняў з людністай тады ваколіцы. Потым, на працягу навучальнага года, трэба было ў перапынкі між урокамі абавязкова глынуць штодзень сталовую лыжку рыбінага тлушчу, закусваючы малюсенькай, бы гузік ад пальта, шакаладкаю, таксама дарункам скандынаваў галодным і хваравекім дзікунам на славянскім усходзе. На гэтай дапамозе сёй-той з закерзонскіх злосных педагогаў з шляхтаватых засценкаў з-пад Ваўкавыска выразна прыбагацеў. Паратунак бедным, зрэшты, усюды і заўсёды праходзіць праз кішані тых, каму і без таго няблага.

Начоўп фурору гаматны Франак-Амерыканец, ганяючыся на вайсковым матацыкле з лодкаю, бы п’яны казак на тачанцы ў савецкім фільме. Яго бацька купіў за даляры двухпавярховую камяніцу блізу пастарунка. Будучы чалавекам з талентам круцеля, апланаваў ён гешэфт, але да голасу пачалі даходзіць польскія чырвонаштандарцы і Амерыканцы сцямілі, што не тут ім месца. Невядома куды зматаліся. Відаць, на тыя ж Прусы, дзе быў яшчэ рай камбінатарам. Даўжэй за іх пратрымаўся падгродзенскі рэстараннік Бурневіч, адчыніўшы на Беластоцкай гуллівы шынок, дзе набівалі сабе морды мнагалікія ў гарбарных Крынках шаўцы, а пры іх і дамарослыя скуратнікі, якія пэцкалі потайна ў хлеўчыках хром ды юхт аматарскай якасці. Мой папа ні разу не дастаў па зубах, шанавалі яго і пагулянцы, вызнаючы ганаровы кодэкс (нікога не чапалі, калі той хто не абдурваў альбо і чарку фундаваў). Не забуду, як уз’ятраны Чарнецкі малавеле не раскалоў брукоўцам лысы чэрап Руткоўскаму, якому, аднак, хапіла спрыту імгненна ўкленчыць і ўкусіць праследніка за кульшу... Можа за яйца яму, бо рык пачуўся проста бугайскі!