Выбрать главу

Мая цётка Сцёпа пайшла замуж за электраманцёра Васілеўскага, які зграбна лазіў не толькі па слупах з ізалятарамі, але і па чужых бабах, пекненька натапыраных. Вяртаўся ён дахаты зазвычай не раней, пакуль не прагуляў з імі сваю штомесячную выплату. Сцёпа дзыгала яму тады да вачэй і, наплакаўшыся, прабачала, бо мужчына з яго быў надспадзівенне: па-афіцэрску стройны, з буйным чубам пад керанкаю; усмешка з залатым зубам, з гарачымі зіркачамі. З негняўлівым характарам; лупіць засранцаў лупіў, але не да паўсмерці.

А якое іншае выйсце ў яе магло быць, нарадзіўшай адных дачок? І, ці не занадта рызыкую я, пішучы, во, пра сваякоў? Не, ні трохі, бо Крынкі тым часам за паўвеку заядла апалячэлі і ніхто сённячы не дакранецца ў іх да беларускага друку, нават цераз гігіенічную паперку, як некалі пані Сасноўская да клямкі ў нашых дзвярах.

Прысылалі з Беластока напахнёных „вучыцеляк”, набухтораных місіянерскай рэпаланізацыяй. Сярод мясцовых, па-рэпатрыянцку задрыпаных выхавацелек з ненавісным кацапскім акцэнтам крэсавячак, яны, аўтэнтычныя полькі, нудзіліся і арганізоўвалі імпэтна далёкія экскурсіі. Каторагасьці перадлета з’ездзілі мы, усім класам, у Белавежу: запамяталася неспатольная смага ў марудную чыгуначную дарогу, вадаправодная вада на станцыі ў Гайнаўцы з багоннымі попахамі, раі камароў у пушчы, шкілеты ў габлётах белавежаўскага музея прыроды, ну і барадатыя зубры ў загарадзі, нерухавыя, быццам выпакладаны бык у Віцькі-Антыфона. А ў цяплынь сорак восьмага – звалачылі нас у непраўдападобна тлумнае падарожжа на Wystawę Ziem Odzyskanych ва Уроцлаве. Са станцыі ў Саколцы рушыў дзеля таго спецыяльны цягнік, з берагамі напоўнены дзецярнёю з павету. У даматканых трантах. У такое духоцце пазелянелі мне кілбаскі, танна купленыя маткаю ў мясніка Файста на Польнай. Прыгніўшае мяса ў тыя часы не выкідалі вон – хай лепей пуза трэсне, чымсьці дабро мела змарнавацца!

У вялізным, як сто Беластокаў, горадзе начавалі мы ў мурах паднебнай вышыні; здавалася – спімо ў якімсьці касцёле. Аднойчы абступілі нас, каб накаплешыць, карапузныя мазурыкі, але мы, гадованыя ў крынкаўскім бандытызме, мала іх там не пазабівалі! Каманда хлопцаў з Пагулянкі: „Шпар, пакуль стогне!” Сама выстава стамляла безліччу машынерыі, аглушала жалезным лязгатам ды мноствам народу, быццам у эвакуацыю якую. Каб не адбіцца куды, амаль трымаліся за рукі... Я выпрасіў у адубянелай ад уздзіву апякункі хвілю свабоды; заманулася пабачыць прыкладную Zagrodę Polskiego Rolnika, паводле ўзору якой надумаў быў жыць у даросласць. Сёе-тое перарысаваў з яе ў свой кает; спакойна, нікога больш гэты экспанат не цікавіў. І з такім набыткам радасна ехаў назад, дахаты, штораз заглядваючы ў клунак пад галавою, ці часам хто не сцібрыў, не падседзеў у вагонную дрымоту. Гэта была мая салодкая таямніца.

* * *

Калі я быў малы, аднойчы палюбіў вязаць лялькі. Усякага колеру абрэзкі валяліся пад нагамі; маці заядла краўцавала. Маім сябрукам не падабаліся гэткія цацкі і я заводзіў кампанію з дзяўчынкамі, з Галяй Кузьмянкай і Алінкай Шынкевічанкай, што жылі поблізу. У іхных мацярок выклікала гэта жарты з мяне, што буду дзяўчынаю і трэба пашукаць мне кавалера. Такія кепікі, магчыма, вярнулі ўва мне хлапчаня, якое кінула дзяўчынець і ўзялося стругаць самалёты ды ганяцца з імі па падворку і выгане, буркочучы на падабенства тых, што бачыў на небе. Кожнаму дзяцінству, зрэшты, характэрна патрэба пераймаць гукі, як і паводзіны бацькоў; так пазнаем акаляючы свет. Нас білі за непаслухмянасць, а мы лупцавалі свае лялькі; трактараў ды тэлевізараў тады не было, чулі грукат фурманак-жалязнякоў, стральбу і бамбавозы ў вышынях. Сваркі ад беднасці. Найспраўней даваў у зубы большы Крывашэй з Польнай, пры гэтым пытаючыся ў пакочанага ўдарам: – Ну, даволі?

За кампаніяй я бегаў, як і ўсе, але не надта мне тое ўдавалася. Перашкаджала нястрымная заіклівасць, а і тое, што ніколі не быў галодны; мае бацькі зараблялі, не таргаваліся за звычаёвы пуд жыта (падставовая на той час валюта). Іншы раз калегі казалі: – Прынясі хлеба, то пагуляеш з намі.

Так гадаваліся энтузіясты будучай Польскай Народнай Рэспублікі і сацыялістычнай паланізацыі.

Тым часам, падрастаючы, упадабаў старыкаваць, г. зн. удавацца ў гутаркі з дарослымі. Забарадзеламу, як Іван Сусанін на кніжных рысунках, дзіваку Курчу прыснілася, што буду бацюшкам, нямала ўсцешыўшы гэтым мацерку. Здарылася тое нейк пасля таго, як знакаміты айцец Антон Савіч сказаў пропаведзь на матывах думак антычнага Сакрата, які па-філасофску абгрунтаваў замагільнае жыццё. Савіч уяўляў сабою унікальны тып правінцыйнага духоўніка з амбіцыямі інтэлектуаліста, дзякуючы якому парафіяне слухалі свайго роду кароткі курс гісторыі культуры чалавецтва. А той прапаведніцкі матыў з памкненнямі славутага афінца моцна дапамог мне: адчапіліся смургелі з пасмешкамі наконт незразумелага ім майго імя, ужо мог бы я назвацца і Арыстоцелем і Эпікурам, замест прасцяцкіх Юркаў ды Ванькаў.

Запаўцеў заходзіць да Шыманчыкаў, з тых жа – шануючых кніжкі – Анісімовічаў. Цікавілі не столькі іхныя Вадзім і Рэня, колькі старакавалерскі Вінцук і яго таміскі на ўчарнелай этажэрцы пад іконамі. Ішлося да Шыманчыкаў не нудна: на іх сядзібе, зарослай кустоўем у паўпаваленых платах ды ў паўзмроку ад высозных дрэваў, шчабятала птаства, шмыгалі якіясьці звяркі, зелянелі мохам, зеўралі абшарпанымі дзірамі саламяныя стрэхі... Усё нагадвала малюнкі з расейскіх баек пра хітрых мужычкоў. У самой жа хаце развал і гнілыя попахі падказвалі, што недзе за ўчарнелаю печкаю дрэмле кіпцюраватая Баба Яга, цёмнымі начамі зазірае ім у вокны воўк з высалапленым чырвоным язычыскам. Вінцук, убачыўшы мяне, ажыўляўся, знаходзіў акуляры; сядаў я каля яго ў раскіданай пасцелі і ён чытаў мне гісторыю царскай сям’і, паказваючы парэпаным пальцам на ілюстрацыі, пышных дзядзькоў, абвешаных медалямі ад шыі да пупа, або геройскага Скобелева; штурмы турэцкіх цвердзяў, эпапею Шыпкі і вызваленне Балгарыі, ейных змагароў з праваслаўнымі крыжамі на стаўбунаватых авечых шапках... Наслухаўшыся і нагледзеўшыся, выходзіў з Вадзімам і Рэняй пагуляць адліжнымі снежкамі ў разгром паганага Ісмаіля. Праўда, ніхто з нас не хацеў ім быць, і мы тады прыносілі з закурганелага агарода вераб’іны страх з лахманоў, вельмі добры, не адбіваўся, і мы адчайна шпурлялі ў яго, ажно перакідаўся, падаў, быццам просячы літасцівага палону. Вадзім дарабляў яму часамі галаву з гнілаватага гарбуза, вусы з ячменных каласоў, нос з морквы, шаблю з якойсьці іржавіны. Рэня рыхтавалася санітаркаю, па прыкладзе сясцёр міласэрнасці на Балканах; трохі рызыкавала, бо, як бы незнарокам, я або Вадзім цалялі ёй ва ўгадованыя лыткі (балець ёй мала балела, дастаўшы ад нас цераз груба вязаную панчоху).

Прыдбаў я яшчэ сябра, Вітка Хахала. Крыху недарэкаваты, ён клеіўся да мяне і я пачуваўся з ім не так вельмі адштурхнутым ад крыклівай вулічнай кампаніі. Верхаводзілі Адоль і Тадзік Шамрухі, над імі ўзвышаўся Здзісё Патэж, не столькі кулакамі, колькі мазгамі. Вітак забаўна панікаваў ад жабаў і я яго паратоўваў, адкідаючы зелянушкі нагою ў бок, калі мы гайсалі каля багоннай лужыны Мухаўка. У ягонай хаце, што стаяла па-суседску з Алінчынай, а перад Глухім Шуркам, вісела над куфрам шырозная карціна (рэпрадукцыя) са старадаўнім паляваннем на мядзведзя. Паляўнічыя ў кажухах і з пікамі не давалі ходу страхотнаму зверу, у якога цэліўся – з бяспечнай адлегласці – панок у капелюшы з выгнутым пер’ем. Мацерка Вітка частавала нас смачнотамі. Хоць жылі яны ў прадзедавай кучы, меліся лепей: слесаруючы бацька Вітка пераняў жыдоўскі млын, у якім дняваў і начаваў у мужыцкія завозы.

Крынкі тым часам будаваліся на свой манер. Рух рабілі не багатыры з вялізнымі стадоламі а рамеснікі, якім настаў залаты час, прапала жаыдоўская канкурэнцыя. Шаўцы, слесары, механікі, хатнія гарбары выкуплялі пляцы на пажарышчах і тлумна ставілі хаты, абавязкова на два канцы, з прасторнымі вокнамі ды філянговымі дзвярыма. З ганкамі, у якіх не было калі ім пасядзець ад навальнае работы... Так выперадзілася майстраватая басота, адкрыта пакепліваючы з тых, хто да вайны хварэў на пана з мнагалікімі гектарамі. Фармавалася дробная буржуазія, местачковы сярэдні клас, без якога немагчымая правінцыйная дэмакратыя. Сыны былі прадбачаны на спадкаемцаў, каб далей багацець. Паканчаўшы сем класаў падставоўкі (больш не трэба). Так здарылася б і з Віткам і са мною – ён млынарыў бы, я шаўцаваў бы. Вядома, спрытней за бацькоў; яны абачліва апланоўвалі аднапакаёвыя паддашкі, каб мець дзе ў старасць не перашкаджаць маладым.