Гэты натуральны працэс неўзабаве прыстопала т. зв. улада працоўных. Моладзь чмыханула тады ў тэхнікі ды інжынеры, старых прыдушылі падаткамі, і сённячы маячаць тыя хаціскі з самотнымі ўдовамі перад нязгаснымі тэлевізарамі з дваццаццю сатэлітнымі каналамі. Гевалт цяпер толькі ад вялікагарадскіх унукаў у зімовыя фэрыі і летам. Настолькі ўсенька апусцела тут, што на трохтысячныя Крынкі адзін певень у кагосьці спявае, а раз рыкнула была карова, дык пабегла дзецярня глядзець, у каго яна. Цыганаваты Курыла пакуль трымае каня – у снежную маразечу запрагае ў памалёваныя сані, спрабоўваючы прызарабіць на п’яных куліках.
Сумна і ад таго, што мае прыяцелі дзяцінства ўжо нябожчыкі; не дажыла да пенсійнага ўзросту большасць таксама дзяўчат, а бабы жа ж жывучыя! Што іх так усіх выкаціла?! – думаю. І не магу дадумацца.
Польскі гісторык скупа пракаментаваў сваё паглыбленне ў далёкае мінулае: głód, smród i ubóstwo. Са здзіўленнем адкрыў ён, што нават у магнацкіх ды каралеўскіх палацах не існавалі ўбікацыі, з натуральнай патрэбаю хадзілі ў іх хто куды. Вялікасвецкія дамы мелі маленькія залатыя малаточкі, якімі служанкі білі ім вошы ў модных прычосках. Мыліся, як кот лапкаю; прыкрыя попахі цела з пераспелым потам глушылі парфумай. Мыла было невядомым. Заперазаўшыся на зіму, распярэзваліся ў веснавую цяплынь.
З пачуццём неверагоднасці чытаецца вучоныя характарыстыкі бытавых звычаяў эліты ў не вельмі аддалены час, у васемнаццатае стагоддзе і пазней. У Францыі, так як і ў Рэчы Паспалітай. Адукаванасць падказвае нам успомніць пра Рымскую імперыю, у якой – дзве тысячы гадоў таму назад – будавалі публічныя лазні, шалеты, вадаправоды, каналізацыю з шамбамі; чысцілі зубы; ведалі антыканцэпцыю; ранішні і вечаровы туалет. Рымлянін не мог смярдзець!
Страх падумаць, колькі спатрэбілася вякоў, каб варварскія народы Еўропы дасягнулі той антычны ўзровень гігіены!
Раздумваючы пра Крынкі свайго дзяцінства, вяртаюся я, так сказаць, нюхам у тую нашу палову дваццатага стагоддзя. Адначасна дадам, што няшмат лепей было ў тагачасным Беластоку з ягоным Рынкам Касцюшкі, абстаўленым „нужнікамі”; вадаправодны кранік упершыню ўбачыў у камяніцы на вуліцы Заменгофа, адзін у калідоры на ўсе кватэры, а на падворышчы стаяла ў рад шэсць „кабінаў”, у якіх у спякотнае сонца не мелася чым дыхнуць... Старому суседу скончылася тое інфарктам, смерцяй у трагікамічных абставінах.У назве „нужнік” тоіцца філалагічная загадка. Якім чынам з’явіўся ў нас гэты русізм, калі ўзяць пад увагу, што царскія ўлады ні трохі не прыдавалі значэння санітарным праблемам насельніцтва. І толькі, ці не апошні прэм’ер Польшчы даў загад для паліцыі прымушаць мужыкоў адгрукаць з аполаў гэту кожнаму смяшноту, у якую яны, зрэшты, не хадзілі, прысядаючы за вугламі або ў хлявах... У густа забудаваным жыдоўскім цэнтры Крынак, відаць, была неабходнасць у „нужніках” менавіта, акрэсленых рускім словам мясцовай рознаканфесійнай інтэлігенцыяй, хвалебна пазбягаючай вульгарнасці, нароўні з наванітнымі ў яе адносінамі да прастанародных словаў, (сёння накрыла ўсё кракавяцкім колерным прыполам школьна-газетна-тэлевізійная пальшчызна).
Урокі ў школе на Гарбарнай пачыналіся аглядам чысціні вушэй і шыі. Трэба было расшпіліць каўнер дзеля кантролю, ці не поўзаюць або скачуць пад ім вядомыя інсекты. Не ўсе педагогі рабілі тое, але Кулакоўскі абавязкова! Ён, катэгарычны змагар з мужыцкай вашывасцю ды нямытасцю, пакінуў у нашай, па-дзіцячаму ўражлівай, памяці незабыўныя фразы: – Szyja u ciebie, brachu, jak cholewa! – Jesteś cwaniak z miodem w uszach! – Chodzisz z gównem w portkach, śmierdzielu! – Co, brachu, jak się wysuszy, to się samo wykruszy... – Od mydła jeszcze nikt nie umarł, a pchły dziadka zagryzły!
Гэта быў той момант, калі Кулакоўскі дазваляў нам рогат. Трэба прызнаць, што запамятаўся ён усім, потым выклікаючы ў некаторых нешта кшталтам маніі чыстоты, хоць ва ўмовах Крынак межавала тое з інфантыльным гераізмам (ваду цягалі вёдрамі са студні, часта няблізкай, а пра туалетную паперу ніхто і чуць не чуваў).
Матыў культуры цела закончу ангельскім афарызмам: Пакажы мне свой хатні туалет, а я скажу табе, на якім этапе чалавечага развіцця ты знаходзішся.
Мяне самога чысціць зубы – рана і ўвечары над вядром з памыямі – прымусіла мая беластоцкая гаспадыня, калі я стаў вучнем тэхнікума (яна купіла шчотачку, парашок).
Нашай слабасцю лічу няшчырасць перад самім сабою, выдаванне сябе лепшым панам, калі, тым часам, выводзімся з таго głodu, smrodu, ubóstwa. Зусім не для гідлівасці нагадваю я пра тое, а хутчэй дзеля роздуму аб тым, як моцна змяніўся час, а тое, што я памятаю, унукам маім гэта ўжо чорныя байкі схільнага да мазахізму дзеда. Пакутніцтва колішніх дзяцей прыроды.
Мы, падшпаркі, хадзілі купацца летам да паўразваленых маянтковых сажалак. У іх багонным цемнаводдзі плёхкаліся, бы свінні ў Мухаўцы на выгане, захлынаючыся тою маззю з апалонікамі. Зрэдку трапляўся карасік, жывоцікам уверх ад мулістай удушлівасці. Дзіву даюся, як не выгубіла нас тады нейкая эпідэмія! Дадумаліся прудзіць дзірваністымі купамі ручай Крынка, у тую пару звілісты, з ямамі бліжэй аселіцы Яцка. Ныралі, калечачы твар аб крамяністае дно. Выкапанае жыдоўскімі рукамі пад нямецкімі бізунамі кампяліска мужыкі зніштожылі, павырываўшы бетонныя пліты і нават палі трампліна. Часам заходзілі на Стары Млын пад Грабшавым лесам, да вадаспаду, але там было страшна не толькі ад белапенных віроў; блізка стаяла савецкая граніца і можна ж, от, для жарту дастаць кулю ў зад. Або спаляць табе саветы-салдацікі палыхаючай ракетаю адзенне, пакінутае на беразе...
Крынкі ўбудаваліся на высокім месцы ў яшчэ большай даліне, у якой калісьці бліскацела возера паўколам, бы паўмесяцам.
У ранні капіталізм вырубалі фабрыканты навакольныя лясы, купленыя ад банкрутуючага пана, і прырода высахла. Дзе-ні-дзе трымаліся чароты, акаляючы дрыгвяністыя вадзяныя вокі; не знаходзіліся смелыя паплываць у іх. Гібеючыя крыніцы. Звяліся вужы і воднае птаства як найпершая прыкмета дэгенерацыі.
Гулякаваты бацька Здзіся Патэжа ездзіў нямецкім роварам лавіць шчупакоў у недалёкай Бяздоніцы, што каля Астроўка, але і ён там не купаўся, баючыся быць засмоктаным у нібы падземную адтуль рэчку, што плыла, казалі, да Нёмана. Апынуцца ў Гродне не хацеў, саветы паперлі б яго ў Сібір... Аднойчы схаваўся за граніцу п’янюга Гаян, усё роўна бы да сваіх; ад сварлівае жонкі з горбаю галодных дзяцей. І след па ім прастыў назаўсёды.
Ад блізкіх – за стадоламі Гродзенскай – саветаў кожны меў у Крынках гусіную скурку. Сыноў і дочак выпраўлялі адсюль вучыцца ў школах чым далей, некаторыя ажно ў Яленюю Гуру або ў Шчэцін, Гданьск. Ужо ведалі, чым пахне дружба з бальшавікамі.
Такіх вяселляў, як у маю маладосць, я ўжо не бачыў. На іх, здавалася, гуляў увесь свет і нават зоркі ад уцехі падалі з неба! Нібы звычайны шлюб – спароўванне мужчыны і жанчыны канчалася не толькі стварэннем новай фамільнай эканоміі, гаспадаркі з дадаткам пасажных гектараў ды жывіны (пераважна каровы). Множыўся род, аднаўлялася магія маладое сям’і, у якой абавязкова праз год радзілася першае дзіця, сонейка яснае; затым наступнае і наступнае. У гэтым можна дагледзецца першапляменнай дзікасці, але сяляне разумелі пладавітасць цалкам рацыянальна. Даволі задумацца над гавораным імі: Каб не дзеці, то нашто працаваць і намагацца!
Іншая справа, што шматдзетнасць не спрыяе дабрабыту. У багатых народаў не прыбывае людзей. Тое ж наглядалася ў заможных хатах ужо і тады, у пачатках майго свету ў саракавым. Прырода як бы самарэгулявала гэту з’яву: у багатыроў Сямаў усяго дзве дачкі, а ў майстраватых Антошкаў два сыны, у Булавы з пшанічным палеткам – Рэня і Вадзім. Поўная сіметрыя: на дзве магілы, двое жывых.