Выбрать главу

Паяўляліся адзінцы, што мела – аднак – фатальны скутак у іх лёсе: стаўшы бесхарактарнымі пестамі, беларучкамі, прападалі пасля ў нелітасцівым грамадстве.

Мае бацькі, без спачыну ад мноства заказаў адусюль, адчувалі неадольную патрэбу ў рэляксе. У святыя нядзелькі гасцявалі ў бацькоў сваіх мнагалікіх вучаніц, вучняў, чаляднікаў. Бралі нас з сабою, мяне і браціка Сашку. Такія выезды называліся баляваннем. Маці вышыкоўвалася ў мешаніну бюргерскай элегантнасці і фантазійнасці служанкі пана сярэдняй рукі. Бацюль – ласкавая форма – апранаў чышчаны саксонскі касцюм, люстраныя ад добрай ваксы туфлі. Фурманка, усцеленая дываном, стаяла на падворку ад абедні ў крынскай царкве; побач цярпліва чакаў Яновічаў шчаслівы родзіч будучага шаўца або краўчыхі. Казалі: Пекарам быць кепска, бо ў голад няма чаго пячы, але шавец, краўчыха, заўсёды работу мецьмуць, не хадзіць жа ўсім босымі, голымі.

У Баравікоў, што на хутары за Гаркавічамі, калі дарослыя балявалі, я з Сашкам распусна чэрпалі са збана мёд бурштынавага колеру, лавілі серабрыстых рыбак у прачыстай рачулцы з воднымі лілеямі ў цяні гушчавіны, беглі на горку з абцесанымі камянямі, шукаць адбітак стапы каралевы Боны. Недалёка гудзела вёска. Мы яе пабойваліся. Яна: саламяная, хілая, бедная. Балі ў Кулакоўскіх у Астроўку запамяталіся яблыкамі незвычайнай смакаты і грушамі кшталту аздобаў у недапаленых немцамі жыдоўскіх бажніцах у Крынках. З побыту жа ў Лапатаў і Грыбкоў у Паўночным Востраве захаваліся ў памяці зімовыя краявіды, бы на карцінах Хэлмонскага, і чамусьці эратычны прыпеў астраўлянскай дзятвы на лядовай круцёлцы, на аселіцы: Дзеўкі пагубілі сачкі! – Складзены русіфікатарамі, каб яны гарам гарэлі!, „Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” нічога не паведамляе пра сачок як верхняе жаночае адзенне.

Каторагасьці перадлета мацерка агледзелася, што я азіраюся за дзяўчатамі, прымаюся кавалераваць. Яна, надумаўшы ехаць жаніць з нейкай Фаняй сваяцкага Толіка, таго Выганскага, зацягнула была мяне да фрызаркі Лёдзі, якая накруціла мне андуляцыю (па сёння б’е ў нос той пах аміяку, быццам згушчанай урыны).

У Толікава потым застолле клеілася да мяне, анёлчыка, па-чарнабрываму іскрыстая кабета з небывалымі грудзьмі, магчыма лесбіянка (вусікі высыпаліся ў мяне толькі праз год). Я тады быў сексуальным анальфабэтам і хоць не наклікаў на мяне сенсацыі жарабец або бугай, але не атоесамліваў я таго з людзьмі, крый Божа! Адкуль бяруцца дзіцяняткі, вытлумачылі ў пяцьдзесят сёмым, калі ўзбурыўся сам жаніцца. Ганебна здумеўся, што не іначай усенька ў пасцелі.

Быт чалавека трымаецца на хлебе і біялагічнай рэпрадукцыі. Безнадзейная адсталасць народу, значыць, яшчэ і ў тым, што не прыдае важнасці культуры адносінаў між мужчынаю і жанчынаю, пакідаючы тое імпэту інстынктаў. Ад таго бухаюць драмы, тухлее марнацыя жыццёвых шанцаў. Недапасаванасць партнёраў.

Ці не ад шоку полавай нявыхаванасцю робімся вульгарнымі прасцякамі з інжынерскімі дыпломамі за пазухаю? Хамутамі на паркетах.

Салодкія мары зусім не ў васемнаццаць, а ў трынаццаць-чатырнаццаць, калі пара думаць, як пайсці на свой хлеб, выбраць прафесійную школу. Каб было лепей, чымсьці нясціхана пасвараным маці з бацькам. На іх глядзіцца тады, як на няшчасныя неўдалоты. Як на прыклад таго, як не трэба жыць. Выйшаўшы на квяцісты ўзмежак расуючых жытоў у Аношкавіку, усё выдавалася настолькі простым, што аж дрыжэў ад нецярплівасці прычакаць пашпартнай даросласці, у якую ты ўжо гаспадар уласных учынкаў.

Стыла захапленне Шурай, нарачонай ад пятага класа. Зневажальна рагатала, паскудніца, ад напісаных мною спецыяльна ёй вершаў пад Пушкіна (абсцябанае кніжыска ягонага валялася ў куфры). Затое Ала з Піражкоў дацаніла паэтычную страфу, начытаная шасцікласніца з замглёнымі вачыма даверлівай сарны.

З ёю, бы ў біблейскім садзе, раскошна пачуваўся я пад цяжорным ад смуглявых сліваў галіноўем у іхным захацці, захлынаючыся смехам ад чытаных намі абое баек Крылова ў тоўстым царскім выданні. Яе старэйшая сястра Тася з гімназійнай адукаванасцю пажывала паняй у Беластоку і страшэнна імпанавала мне непаказною элегантнасцю патомнай багатыркі; а ў вуснах якой роднае слова вымаўлялася з такой жа старанлівасцю, што і каланіяльна-польскае.

Я ўсё меў тую ж дамку, нямецкі ровар, вымануты бацькам ад салдатні ў бабяе лета сорак пятага. З шырокімі гумамі – лёгка ўз’язджалася на ёй па сухой раллі з ячмянямі, да самюткіх дзічак зводдаль ад гасцінца ў Юраўляны. У паднябеснай там цішыні з жаўрукамі ў вышынях бясконца абдумваў сваё сашэсце між людзей. Гэта павінен быў быць трыумф, трохі па ўзору ўезду Хрыста ў Іерусалім, аб чым з прыгожай натхнёнасцю распавядаў бацюшка Савіч у пропаведзях. Вяртаў мяне ў рэальнасць вечаровы халадок і запыленыя покрыкі пастухоў, што гналі быдла з пашы. Чамусьці саромеючыся ўпаткаць іх – адгадаюць мае думкі і рассмяюцца? – знікліва імчаў дахаты ўдзічэлым гуляйполем, зігзагамі ў бок могілак, дзе анікога, і каб выбрацца адтуль на канцавіну Гродзенскай, найзручней ад Разбойніка, і затым шыкоўна праехаць у мястэчка. Ад роздумаў не хацелася есці; залазіў у пасцель з галавою і заядла зноў марыў, апланоўваў.

* * *

Так сказаць, жыццё пражыў, а ў морду дастаў я ўсяго адзін раз. Хоць здарылася тое паўвеку назад, але памятаю так, быццам было гэта ўчора. Бадай – у веснавы дзень, на Сакольскай вуліцы, блізу нашага новага дома. Пакрай жыдоўскіх пажарышчаў, на разбітым увайну тратуары. Цяжка, зрэшты, назваць той выпадак мардабоем. Хутчэй за ўсё ганаровай аплявухаю, такою, каб аганьбіць, а не пакалечыць. Гэтак па-афіцэрску патрактаваў мяне Генё Крэйза з Малых Азяранаў, з якім я тады канчаў падставоўку на Гарбарнай. Затраціў яму кніжку, здаецца, Bohaterowie spod Majuby, якую даў мне пачытаць (яна потым знайшлася ці не ў астаронку з сенам, куды я любіў залазіць са сваімі лектурамі). Пра гераічных бураў-афрыкандэраў, што баранілі свае свабоды ад каланіяльнай агрэсіі ангельцаў упачатку стагоддзя. У ёй аж густа ад рыцарскіх сітуацыяў і Генё пляснуў мяне па шчацэ ў іх жа стылі, крыху як бурская дама белай рукавічкай нахабнаму лонданскаму капітану...

Мала не даходзіла да інаўгурацыйных скандалаў з ужо грудзістымі каляжанкамі. Пераважна ад прыкладу таго, старэйшага за мяне, Геня, які адносіўся да іх па-вясковаму бесцырымонна. Ён мог, да яго Малых Азяранаў было за дзесяць кіламетраў ад Крынак, усё пясчаным гасцінцам, а я матку-бацьку сваіх меў у ста метрах ад школы, затым кожная скарга дзяўчыняці на мяне выглядала надта рэальнай. Тадышняя парнаграфія ў дарастаючых вучняў зводзілася да шчыпання знянацку. У зімовую адлігу верхам залётаў было пацэліць снежкаю ў лытку, у тоўстай панчосе і ў валёнках.

Хлопцы абцэсам папісаліся ў гарцэрскую арганізацыю; прымалі ў зухі. Сапраўднымі гарцэрамі парабіліся адны дзеці настаўнікаў і местачковай інтэлігенцыі. І толькі яны кудысьці выязджалі на вакацыі. Мы, простанароддзе, хадзілі час-часом на зборкі ў пасляжыдоўскай бажніцы на Беластоцкай, дзе вучылі нас салдацкага кроку, каравульнай службы, стаяць не горбячыся, быць чыстымі, спяваць дзяржаўны гімн ды агнішчанскія балады. Падабалася! Бацькі баяліся настаўнікаў горш паліцыі, буркліва адпускалі дзецярню з загноеных гаспадарак, злосна прыгаворваючы:

– Гультай ты і твой вучыцель!

Гарцэрскага смаку нарабіў нам Здзісё Патэж, калі ён з бацькам, што кінуў яго матку, выехаў у прускі Паслэнк і ў лета з’явіўся ў Крынках, усёй абвешаны блішчастымі адзнакамі, серабрыстымі шнуркамі, з шыкоўна пакамечанай рагатай шапкаю з аздобінамі; у зялёнай блузе з па-вайсковаму закасанымі рукавамі, у кароткіх нагавіцах-шортах, быццам у каланізатараў дзікіх плямёнаў свету. Ну, рыхтык фанабэрысты „камандзер”! Але, нават яму не прыходзіла ў галаву гаварыць з намі па-польску, рассеўшыся разам у крузе на Доўгім выгане пагуляць „у воза” (прывёз з сабою калоду навюткіх картаў, нямецкіх з голымі бабамі на адваротках). Распавядаў пра секс з аўдавелымі нямкінямі, аднак цікавасці гэтым не выклікаў у нас: мы не кемілі, аб чым гэта. У сорак восьмым або дзевятым. У свежую памяць пра выбухі ў палях, дзе пастухі знаходзілі ў акопах гранаты, іншы раз снарады, кідалі іх у распаленыя кастры і, адбегшыся, чакалі, што будзе. Добраму Ляру гільзаю выпусціла кішкі, большаму Гаяну пацерабіла асколкамі правую нагу, сыну Клёца папаліла порахам спіну і зад, камусьці адарвала руку, якую прынёс пасля ў зубах сабака Рэкс... Дзяўчаты не рвалі снарадаў, хоць не горай пастухавалі.