Мы маўчалі яшчэ хвілін пяць — пакуль па маніторы не пабеглі цітры.
— Хто табе сказаў... пра паляну Одры? — неяк разгублена спытаў Эрні. — Ніхто з нашых не мог выбалбатаць гэтую таямніцу.
Яшчэ адна таямніца! Вось дык дзянёк... Але нешта тужлівае, такое, калі прыходзіцца бачыць гібель дарагой істоты і нічым не можаш дапамагчы, паблісквала ў вачах Эрні. Гэта стрымала мяне ад сарказму, і я адказаў шчыра:
— Ніхто мне нічога не казаў. Я проста пайшоў у лес. Блукаў. Натрапіў. Вельмі ж утульна было пісаць. Потым падумаў, што паляна нагадвае рымскі Калізей. А я хачу ў Рым. У адпачынак. Успомніў пра гэты фільм з Одры Хэпбёрн. У мяне з сабой некалькі яе фільмаў. Іншы раз гляджу. І тут так цудоўна было чуць яе голас... на гэтай паляне.
Эрні нічога не адказаў, абышоў мяне і сеў насупраць.
— Гэта паляна Одры. У свае юнацкія гады яна правяла тут адну восень. Вельмі любіла адпачываць менавіта на гэтай паляне. Усе жыхары пасёлка любяць яе. Ад старэйшых да малодшых гэта перадаецца. Кожны год восенню мы збіраемся тут, у цэнтр стала ўсталёўваем некалькі манітораў, садзімся самі вакол — і глядзім вось гэты фільм. Усе бачаць Одры, і ўсе бачаць адзін аднаго. Гэта... традыцыя нашага пасёлка — вечары Одры... Мы вельмі не хочам, каб сюды прыязджалі на пікнікі гарадскія. Каб нехта чужы ведаў пра нашу паляну Одры.
— Забойства мае адносіны да Одры? — хутка спытаў я.
Эрні сумна зірнуў на мяне.
— Мне заўсёды здавалася, што людзі, якім падабаецца гэта жанчына, не могуць быць благімі. І так здавалася да гэтай восені. Спачатку Дэвід, цяпер вось ты.
— Значыць, забойства звязана з Одры!? — амаль закрычаў я.
— Ты віскатлівы шчанюк, — адказаў Эрні. — Дай-ка мне свой дыктафон. Давай, давай, я дурны, а вось Лінда мяне папярэдзіла. Не цягні, мой карабін страляе не горш, чым у Віктара. Гэта на ўсякі выпадак, калі збегчы надумаеш. Або я табе паламаю ўсе косткі, па адной.
Я дастаў з нагруднай кішэні дыктафон, працягнуў. Эрні паклаў яго на столік і адным спрытным рухам, ускінуўшы прыклад, разбіў.
— Тады бі і ноўтбук, — спакойна прапанаваў я. — Там напісаны артыкул.
— Твае словы без маіх на дыктафоне нічога не вартыя, — гэтак жа спакойна адказаў Эрні.
Ува мне ўсё булькатала, мяне раздзірала на часткі. Я адчуў, што дакрануўся да нейкай таямніцы, якая мае самыя непасрэдныя адносіны да забойства. І тут жа зразумеў, што зазірну ў забаронены пакой, калі толькі адмоўлюся ад грошай. Але ці варта тая таямніца гэтых грошай, нават калі яна звязана з забойствам і Одры Хэпбёрн?
— Слухай мяне, — загаварыў Эрні. — Мы складзем дамову. Я дам табе. адзін дакумент. Па ім ты зможаш выдаць цікавую і праўдападобную версію злачынства. Так, няхай будзе злачынства. Дакумент сапраўдны. Версія будзе праўдзівая. Ты станеш героем. Але адразу ж забудзешся на гэтую паляну.
Я задумаўся. Пайсці адсюль, ад таямніцы? Адмовіцца ад ведання? Я — журналіст ці той самы пісарчук, якому патрэбны толькі грошы, а не ісціна?
— Не, — ціха, але як мог цвёрда адказаў я. — Ты раскажаш мне сапраўдную гісторыю забойства. І я буду маўчаць пра гэту паляну. А дакумент твой скарыстаю, каб была версія іншая. У адваротным выпадку. Я не стану прама ўказваць на тое, што ты ведаеш пра сапраўдную прычыну забойства, але намёк зраблю. Потым я напішу пра гэту паляну. І чытачы самі звяжуць усё, як захочуць. Я выйграю ў любым выпадку, бо ніхто цікавей за мяне не зробіць матэрыял.
Эрні пільна паглядзеў на мяне і нечакана пагадзіўся:
— Добра. Я раскажу. Мусіць таму, што мне цяжка жыць аднаму з гэтай праўдай. І я хачу пабачыць, ці паверыш ты, як паверыў я. Але папярэджу: калі ты не стрымаеш слова, то я цябе знайду.
— Слова мужчыны.
Эрні хмыкнуў, сеў зручней, рыхтуючыся да доўгага аповеду. Я разліў рэшткі кавы, працягнуў яму, ён з падзякай кіўнуў, зрабіў глыток. З нейкай тугой, быццам развітваючыся з ёй, агледзеў паляну.
— Віктар, гэты дзіўны беларус, з’явіўся тут восем гадоў таму. Мы не былі рады яму. Нечакана яго двойчы заўважылі на гэтай паляне. Як ён яе знайшоў? Пра што я і спытаўся ў яго аднойчы, перастрэўшы на глухой сцежцы. Аказваецца, ён яе шукаў. Больш за тое, ён купіў дом у нашым пасёлку, толькі каб быць побач з гэтым лесам. Ён любіў, абагаўляў Одры Хэпбёрн.
— Глупства, — перабіў я. — У яго доме не знайшлі нічога, што казала б пра тое. Памяць ноутбука праверылі да біта. Усё, што тычылася не яго працы, — некалькі дыскаў Бітлоў і нейкі рэдкі індыйскі трактат аб перасяленні душ.
— Гэта пасля таго, як я пабываў у яго адразу пасля. смерці Дэвіда. Так, не дзівіся: я пачысціў усё. А ў яго было гэтулькі ўсяго аб Одры, што ва ўсяго нашага пасёлка разам не было. Ён вывучыў жыццё Одры амаль да кожнага дня. Ён расказваў нам усім на гэтай паляне ў дні Одры пра яе так, быццам жыў разам з ёй. Мы палюбілі яго за яго любоў да нашай Одры. Ён быў шчыры і добры.