ФГВКУНФГВКУНФГВКУНФГВКУНФГВКУНФГВКУНФГВКУНУН
Віктар выключыў камп’ютар. Цяпер ён спалохаўся. Нейкае благое прадчуванне душыла яго.
Пяць дзён ён не вяртаўся да аповесці. З усіх сіл імкнуўся не думаць пра яе і заняць галаву рабочым заданнем. Пісаў коды да лёгкага ачмурэння, потым вечарам ішоў у бар і піў піва. Шмат піў, як ніколі раней. Хадзіў у лес за ежай для сваёй сойкі, часам і яе з сабой браў, каб не адвыкла птушка ад лесу. Дарэчы, дома яна ў яго ўжо магла ўзляцець хоць на шафу, але ўсё ж пакуль не лётала. А зойдзеш да яго, то крычыць гэтак пакрыўджана, маўляў, хто клікаў. Віктар смяяўся, казаў — мой вартавы. Іншы раз на плячо яе пасадзіць і сам праграмы свае піша. А яна сядзіць ціхенька. І назірае.
Дык вось, на шосты дзень Віктар адкрыў усё ж сваю аповесць. Ды ні радка не напісаў. Прачытаў апошнія абзацы, каб уліцца ў дзеянне, але не змог пісаць далей. Амаль фізічны страх душыў яго.
Віктар ужо пачынаў здагадвацца. Хай сабе гэтая думка была далёка, яшчэ і не аформілася, як думка, яшчэ гэткім камяком жаху цяжка варухнулася ў яго свядомасці, але быў ужо страх — звычайны страх перад немінучым.
Віктар праседзеў нерухома за камп’ютарам хвілін сорак, потым паўгадзіны курыў на ганку дома. Вярнуўся. Хутчэй, у яго вырваўся тады не ўздых палягчэння, а ўздых расчаравання — нічога на старонцы не было напісана. Ніякіх літар. Чыста.
Затое прыйшоў ліст. Без тэмы. Пусты.
Адпраўлены з яго скрыні на яго скрыню. Значыць, адпраўлены ім самім самому сабе. Віктар паглядзеў на час адпраўкі: ліст было адпраўлены ў той час, пакуль ён курыў.
Ён выключыў камп’ютар і ўпершыню напіўся ў Лінды так, што мне давялося валачы яго дадому з Дэвідам. Так, з тым самым Дэвідам.
Пасля таго пустога ліста, Віктар стаў нечакана спакойным. Тры дні ён працаваў, быццам нічога не здарылася, у бары Лінды за куфлем піва рабіў свае накіды ў ноўтбуку — ён так часта працаваў, гэтаму ніхто не дзівіўся. Здзівіўся аднойчы толькі Дэвід, калі ўбачыў, што тэкст у ноўтбуку Віктар набіраў на чужой мове.
Тады ад раніцы пачаўся нудны дробны дождж. Была субота, і Віктар вырашыў увесь дзень правесці за камп’ютарам. Гадзіны чатыры ён працаваў без стомы, потым на паўгадзіны дазволіў сабе перапынак.
Вярнуўся і ўжо зусім не здзівіўся, а толькі журботна ўсміхнуўся, калі ўбачыў, што яму зноў прыйшоў ліст ад яго самога. ^
Але гэтым разам у лісце было адно слова: РУДДЎ!
Віктар панікліва глядзеў на гэтыя дзіўныя літары. Спачатку клавіятура. Цяпер лісты. Ён кінуў погляд на клавішы, і тут яго як абліло варам. РУДДЎ! — гэта ж. гэта ж HELLO пры англійскай раскладцы.
У Віктара была добрая памяць на літары, лічбы і значкі. Ён успомніў адразу той апошні доўгі радок з паўтараемых літар — ФГВКУН.
Хутка набраў гэтыя літары пры англійскай раскладцы. AUDREY.
Одры .Одры. Одры!
...Праграмісты не вераць у цуды — яны вераць у лічбы і знакі.
І Віктар быў упэўнены, што цудаў не было. Гэтыя літары спачатку, па адной у радок, потым спроба напісаць «Одры», потым лісты самому сабе з’яўляліся заўсёды тады, калі ён адкрываў сваю аповесць пра Одры.
Разгадка простая. Той самы ком глыбокага жаху вылез з падсвядомасці і сфарміраваўся ў простую і зразумелую думку: Віктар вар’яцее. Нічога дзіўнага: у асяроддзі праграмістаў гэта не такая ўжо і рэдкая з’ява.
Гэта ён сам тупа ціснуў на клавішы, гэта ён сам спрабаваў пісаць імя «Одры» такім, якім яно было на англійскай мове пры беларускай раскладцы. Гэта ён сам сабе пісаў лісты.
Ён гэтага не памятае і не можа памятаць. Правалы ў памяці пакуль кароткачасовыя, але відаць жа, што справа пагаршаецца. Аднойчы ён не вернецца ў рэчаіснасць. Значыць. Значыць, вырашыў Віктар, яму трэба сыходзіць адгэтуль у сваім розуме. Але спачатку дапісаць аповесць.
Тры дні вялікую частку часу ён прысвячаў аповесці. Дзіўна, але цяпер, калі ён высветліў для сябе сапраўдную прычыну з’яўлення радкоў і лістоў, тыя больш не ўзнікалі і не прыходзілі.
І толькі калі ён паставіў апошнюю кропку, збегаў у бар за куфлем піва, каб адзначыць гэтую справу, вярнуўся і тады пабачыў пасля той кропкі: «Ш ДШЛУ» — «I LIKE». «Мне падабаецца».
«Мне таксама, падабаецца, дружа», — падміргнуў Віктар самому сабе, дакладней той сваёй частцы, якая была па той бок свядомасці. Ён ужо вызначыў тэрмін: тыдзень. За гэты тыдзень ён паспее паправіць аповесць і адправіць яе. А потым. потым ён сустрэнецца з самім сабой у іншым месцы.
Ён прыйшоў да мяне і сказаў, што ён хоча купіць вінтоўку. Нічога звышнатуральнага ў яго жаданні не было: амаль ва ўсіх нас тут ёсць зброя: з дубовага лесу часта ў вёску прыходзяць дзікі, за імі і ваўкі наведваюцца. Ды і ад двухногіх ваўкоў іншым разам не замінае мець добры карабін. Я заехаў за Віктарам бліжэй да поўдня, ён падсыпаў корму сваёй сойцы, пакапаўся яшчэ ў камп’ютары: