Выбрать главу
18/XІІ—92
Ваганні
Усё павольна адыходзіць — Палын i канапляны чад. Жалобны голас шэпча: «Годзе, Калі ты сам сабе не рад».
Сабе не рад. А дым вясновы, Ракітнік голы на мяжы, I матчыны жывыя словы, Як срэбраныя капяжы,
Вярэдзяць сэрца i на сконе, На росах босыя сляды Успамінаюцца i сёння I зачароўваюць заўжды.
Надыхацца б i наглядзецца На талы снег, на кураслеп, Як на льняны абрус кладзецца Гарачы, на аеры, хлеб.
Не трэба большага багацця, Ані раскошы, ні акрас: Прайсціся б басанож па хаце У апошні дзень апошні раз.
Калі i сам сабе не рад, Ступіць бы крок ці два назад.
16/XII—93
Зімовы сум
Снягі, снягі, шалее завіруха, Па вокны прызбы замяла, У коміне галосіць вецер глуха — Не выйсці i не выехаць з сяла.
Іскрысты снег на сонцы слепіць вочы, Рыпіць пад палазамі i ступой, Блакітам адлівае сярод ночы, Мільгаюць зоры, ціша i спакой.
Пабелены снягамі аканіцы, I толькі тлеюць рысачкі святла, Такою мне мая радзіма сніцца, Дзе ўсе шляхі завея замяла.
Такою любаю з далёкіх дзён Яна прыходзіць у чароўны сон. Снягі,і завірухі,і зіма, I толькі там даўно мяне няма.
30/XII—93
Пад месяцам
Блакітны месяц у вадзе дрыжыць. Так ціха, што чуваць, як дыхаюць пялёсткі, А я не дбаю, дзе мне начаваць, Ці блізка, ці далёка тыя вёскі, Дзе я да раніцы знайду спакой На сене пад замшэлым дахам, А можа, лепей над ракой Заначаваць i дыхаць свежым пахам Начных лілеяў, цёплае травы Пад недасяжным зорным шляхам, Падслухаць гоман баравы I... рогат лесуна у цёмным Дубні, I... плач савы, i як вядзьмар сівы У апраметнай жаліцца на бубне.
Прачнуцца i адчуць, што я жывы, Што раніцы такой не будзе болей, Што я шчаслівы сёння на Зямлі, Што крыўды, гора, клопаты i болі З туманамі світальнымі сплылі.
8—9/VIІ—92
Начныя званкі
Тэлефонныя будзяць званкі уначы: «Сцеражыцеся вы, дэмакраты!» Чую: зноўку турэмныя звоняць ключы I звіняць заінелыя краты.
Зноў злавесныя прывіды побач снуюць, Пагражаюць i сыта рагочуць, У натоўпе ахвяры свае пазнаюць I бяду i пакуты прарочаць.
Ім карціць у катоўнях работу пачаць. Больш на літасць i не спадзявайся. Будуць зноў лейтэнанты крычаць i крычаць «Варажына, хутчэй прызнавайся!»
Можа, гэта трызня i пакутлівы сон, Што вярнуўся з крывавага году, I спяшаецца сёння паставіць на кон Горкі лёс, i жыццё, i свабоду.
Да світання звініць i звініць тэлефон: Замаячылі зноў перасылкі i турмы, Азываецца ў сэрцы загадкавы звон, Не ўрачысты — хаўтурны.
7/XІ—92
Самотны вечар
Асеннія глухія вечары Мяне палохаюць i змрокам, i слатою, Здаецца, шэпчуць: «Лепш не гавары, Каб не падслухаў д'ябал пад тахтою».
Маўчу, а сэрца стукае не ў лад, I не змаўкае гул на тонкай ноце, A ўспомніць не магу, калі быў рад, Бо i ў натоўпе я — на адзіноце.
Не заўважаю разнабой гадзін: Дзень — у Чыце, а ў нас ужо за поўнач, У шыбы хвошча дождж, а я адзін, Таму трывогі i сумненняў поўна.