Выбрать главу
I раптам знікла у світальным дыме, I не даклікацца яе, i не спыніць, Яна надоўга мой спакой адыме Мелодыяй, што ўсё жыццё звініць
I славіць прыгажосць зямлі i неба, Дзявочую красу i чысціню... Я думаю, пажыць хоць трохі трэба, Каб пакланіцца заўтрашняму дню.
3/1—93
Ростань
Апошні дзень. A заўтра развітанне. Наўрад ці завітаю зноў сюды. Прайдуся роснай сцежкаю уранні, A ў поўдзень знікнуць i мае сляды.
Не толькі тут. Растануць непрыкметна, Нібыта ix ніколі не было У тым «раі», што стаўся апраметнай, Што шчасце абяцаў, a сеяў зло.
Я ўсё прайшоў, чысцілішча i пекла Пад пурпуровай зоркаю маёй, Я радасці шукаў, а сцюжа секла, I рагатаў крумкач над галавой.
Я ўсё на развітанне прыгадаю, Бо назаўсёды Іслач пакідаю.
25/V—93
* * *
Я так стаміўся доўга жыць Без радасцей i захаплення, У пекле дзень i ноч кружыць, Цярпець, не трацячы сумлення.
Я ў пастку сам сябе загнаў. Таму пакутую начамі, Бо сам сябе не пажагнаў Я перад боскімі вачамі.
А нехта пазайздросціў мне, Наважыўся стаптаць i збэсціць, Бо ведаў — ледзь душу кране, I ў пекла здолее завесці.
Баліць душа, але маўчыць, Трываю, каб не збіцца з тропу, Дзіўлюся, хто мог прывучыць Людзей да злосці i паклёпу.
Ад злосці ў свеце льецца кроў, Ад злосці заінелі краты, Злосць гнала родных i сяброў У Бабій Яр i ў Курапаты.
Дайсці б у Віфліем ці ў Мекку, Дапасці б да свяшчэнных рэк, Каб непадкупным чалавекам Стаў незалежны Чалавек.
8/ІІ—93
Маці Багдана
Юлі Андрусішынай
Я кленчу перад мудрай маці, Бо слухаў, быццам на імшы, На самым урачыстым свяце Дзівоснай песеннай душы Нам Богам данага Багдана, А ён за ўсё нам даражэй, Бо, можа, хоць за акіянам Ён наша слова зберажэ.
7/Х—89
Доўгачаканыя лісты
Г. Дакальскай i М. Пашкевічу
З далёкай Каліфорніі лісты Ідуць, нібы з другой планеты, Як граматкі на скрутках берасты Ці як сняжынкі з лютага да лета, I растаюць. А там мае сябры Запальваюць у памяць родных свечкі, Прыгадваюць палескія бары I смуткам затуманеныя рэчкі. Шуміць па лісці першы спорны дождж, Плыве за аблачынкай аблачынка, Бягуць з маленства ў сталасць басанож Хлапчук i прамяністая дзяўчынка. Ix напаткаў нялітасцівы лёс I разлучыў з радзімай нечакана, I засталіся любыя да слёз Бары i рэчкі аж за акіянам. У Санта-Моніка вясновыя вятры Шумяць i ціха стукаюцца ў шыбы, Там журацца маёй вясны сябры I ўспамінаюць родныя сялібы. Прахопяцца апоўначы ў цішы, I сэрца засмылелае падкажа: «Мальберт чакае. Ўспомні i пішы Палескія вясновыя пейзажы». Ад сэрца к сэрцу цягнуцца масты Праз акіян да дзедаўскага краю...
З далёкай Каліфорніі лісты Заўсёды як Вялікадня чакаю.
19/Х—92
Сум па моры
Мне снілася мора, якога не ўбачу: Адно i другое ужо за мяжой. Вярзлося, што я ў Кактэбелі рыбачу, А Рыжскае ўзмор'е укрыта імжой.
Чыркаюць крыламі чуйныя чайкі Зялёнае хвалі сівы грабянец, Як сцягі расквечвання, сушацца майкі, Пад ветрам шумяць і палын, і званец.
Спявае прасмолены ветрам салёным У потнай цяльняшцы ссівелы матрос, На баржы глухім азываецца звонам Іржавы ланцуг і прамаслены трос.
Мне мора, прапахлае ёдам i соллю, Да раніцы сніцца за шызай імжой. Яго я, напэўна, не ўбачу ніколі За дзіўнаю i непатрэбнай мяжой.