Выбрать главу
4/1—93
* * *
Яшчэ б адну вясну сустрэць І дачакацца лістападу, Пасля як жоўты ліст датлець На апусцелых сцежках саду,
Дзе ўсё дачасна адцвіло, Сухое дагарэла голле, Успомніць тое, што было I ўжо не вернецца ніколі.
Яшчэ б прайсціся басанож Па лотаці i пыльным шляху, Пачуць, як барабаніць дождж Да рання па замшэлым даху,
Усё пабачыць да драбніц, — Каля крынічкі вербалозы, Што над вадой схілілі ніц Расплеценыя ветрам косы.
О, як ні цяжка, Божа мой, З жыццём i светам расставацца. Будзь літасцівы i зімой Дазволь i мне палюбавацца.
21/XI—92
Сэрца
Дзіўлюся сам, чаму дасюль не стала I стукае васьмідзесяты год? Калі б было з найлепшага металу, Не вытрывала б столькі перашкод.
Дзіўлюся — ў безнадзейным стане Яно трывожыцца пра нечыю бяду. Яно аднойчы нечакана стане, I не адчую сам, як упаду.
У нашы дні такое можа стацца, Што не паспею нават развітацца, Зашэрхне на павеках тонкі лёд У нейкі дзень, гадзіну, нейкі год.
Сам ведаю, пражыта i не мала, Бо нашы сэрцы трывалей металу, Ix гартавалі з самых першых дзён, Таму на свеце да ўсяго жадзён.
4/111—93
* * *
Загарэлася першая зорка, А за ёю другая мігціць, Мабыць, выбух апошняга корка Не да стол i, да зор даляціць,
I астатні глыток аква-віты На сваім раздарожжы глыну. Азірнуся. З пакутамі — квіты, Што заўсёды гарчэй палыну.
Я стаміўся ад дум да знямогі, Накалоўся калючым асцём, I знікаюць у бездань дарогі, Што чамусьці завуцца жыццём.
24/ІХ—93
Дзень
Знікае на змярканні цень, I сонца ўжо за небасхілам, Я родным, дарагім i мілым Скажу i заўтра: «Добры дзень!»
Яшчэ не ведаю, што ён мне прынясе Хвіліну радасці,ці доўгія пакуты, Ці кроплю мёду, ці глыток атруты, Ці перакрэсліць хваляванні ўсе.
А можа, нехта шчыра усміхнецца I незнаёмы скажа: «Добры дзень», I слова, быццам сонечны прамень, Сагрэе i да сэрца дакранецца.
Як добра, што стары i маладзён Не ведае сваіх апошніх дзён.
19/ VI — 93
Памяці ненапісаных вершаў
Я вас тады не напісаў, Калі вы стукаліся ў скроні, I з сэрца іскры выкрасаў У вечным д'ябальскім палоне.
Укормленыя гайдукі За праўду горкую каралі, I з намі шчырыя радкі На лютай сцюжы дагаралі.
А мог жа нечаканы верш Загоіць боль чужое раны. А ix было ўсё менш i менш, I кожны лепшы — пахаваны.
Там сосны выраслі даўно I братнія датлелі косці, I нават знаку не відно Тае далёкай маладосці.
Заканчваю апошнія віткі, Каб не ўглядацца больш у высі. Шкада, што,мабыць, лепшыя радкі На незваротных сцежках засталіся.
21/V—93
* * *
Дагарае леташняе лісце, Коцікі набраклі на вярбе, Я чакаю ў змроку, як калісьці, I не дачакаюся цябе.
Ведаю — не прыйдзеш, а чакаю, Можа, лёгкім ценем прамільгнеш, Светлая, як ветразь, трапяткая, Дзе ж ты так забавілася, дзе ж?
Нават наша хвоя пачарнела, Дзе ад стомы трапяталі мы. Колькі ж гэта летаў праляцела Ад тае вясны i ад зімы?
Не расчараванне разлучыла, Бо не забываў i не забыць, I бяда дасюль не развучыла Верыць, спадзявацца i любіць.
Ты ў блакітным ранішнім тумане, У карунках зорнага святла, Недасяжнай, незваротнай зданню З маладосці ў старасць праплыла.