Выбрать главу
Сумленне шэпча: «Не тужы ты, Калі апошні ўдарыць звон, Не радуйся, што шмат пражыта, Пакутуй, што нязначны плён,
Што i тваю глухую восень Дажджы дачасна залілі, Што ўжо нядоўга засталося Блукаць па змучанай зямлі.
Пакуль жывы, хоць старцу дагадзі Ці песню развітальную складзі».
26/VІІ—93
Маўчанне
Туга па Янку Скрыгану
Зноў цягнецца рука да тэлефона I набірае лічбу 23... А потым трубку кідаю ўтрапёна, Бо толькі трубяць за акном вятры.
Я ведаю, ніхто мне не адкажа, Не дазванюся i не напішу. Глухая ноч, жалобная, як сажа, Павольна завалаквае душу.
Апошні друг замоўкнуў назаўсёды, Ад гора я нямею i дрыжу. Каму цяпер пра ўсе свае нягоды I дробязныя ўдачы раскажу?
Няма каму. Самота i маўчанне У палоне доўгіх таямнічых сноў, I верыцца, што ноччу або ўранні У пекле ці ў раі пабачымся ізноў,
У цішыні ці ў гуле навальніцы, Хоць пэўна i не ведаю, калі Сустрэнемся, каб зноў нагаварыцца Пра ўсё, што не сказалі на зямлі.
20/ІХ—92
Посах
Памяці Яна Скрыгана
Дыміцца пасівелая трава У затуманеных світальных росах, I хіліцца сівая галава На Скрыганом падараваны посах.
Я не спяшаюся. Іду на захад сонца. Заліты чырванню i бронзай небакрай, Каб на апошняй адшукаць старонцы Дарогу з пекла у далёкі рай.
Я ведаю, што не знайсці адказу, Не адшукаць збавення анідзе. Патухне захад. Змеркне. I адразу За зоркай зорка ў бездань упадзе.
Трава зашэрхне у світальных росах, I нехта знойдзе заінелы посах.
26/VII— 93
Мелодыя
Заўжды гучыць мелодыя ў душы. Яе я слухаю, яе люблю я. Агеньчык гэты толькі не тушы, — Няхай яшчэ i свеціць, i хвалюе.
Не заглушы ні крыкамі, ні кронам, Што i глухіх не зможа памірыць З шалёным рыкам i жалезным рокам, Не здатным ні спяваць, ні гаварыць.
Мелодыя ў свет адчыніла дзверы I акрыліла незайздросны лес, I ўслед за таямнічаю Венерай Мая душа імкнецца да нябёс.
Раскрыліся i лотаць, i купена Над гукі Баха i Шапэна.
18/VI—93
Музыка
Я музыку люблю. Арган душу вярэдзіць. Заплюшчу вочы — над зямлёй лячу. I мой палёт ніхто не папярэдзіць, Што за яго душою заплачу.
Я адрываюся ад мітусні i тлуму I забываюся уласнае імя, Пакіну на зямлі i клопаты, i думы, Нібыта я ўжо i не я.
Нібыта стаў сумленнейшы i лепшы, Нібыта з Богам гутарку вяду. Замоўк арган. I я, нібы аслепшы, Вось-вось у змрок ці ў апраметную ўпаду.
З любімай музыкай да зор лячу я, Але цяпер яе так рэдка чую.
Позняя восень
Лістапад як калісьці: Дождж шуміць па лісці, З позняй восені выйсця Аніяк не знайсці.
Змрок i справа, i злева, Туманы, туманы, I бясконца залева, I паводка маны.
А каторая ж восень У мяне за спіной? i знаёмае: «Вось ён, Ашуканы маной».
Парудзелыя травы, I лісты, i лісты... Вінаватыя правы, А караюць святых.
Вецер зноў растрывожыць I астудзіць ваду, Гэта восень варожыць, Ці да дому дайду.
Углядаюся ў змроку — Дзесь агеньчык дрыжыць, Хоць не верыцца зроку, A даводзіцца жыць.
Можа, толькі здалося: Позні дождж, ранні лёд, I далёкая восень, I семнадцаты год.
8/IX—93
Пад знакам Вегі
Не апрытомнею ніяк Ад нечаканай навальніцы, Хоць недзе цепліцца маяк I звоніць даўняя званіца,