Выбрать главу
Агеньчык свеціць, звон гудзе, На хвалі налятаюць хвалі, Здаецца, не мінуць бядзе I знікнуць у дзевятым вале,
I рукі скласці назаўжды Ад роспачы i ад знямогі, У кіпені палыннае вады Забыць пра ўсе нягоды i трывогі.
Магчыма, Вадзянік, а-можа, Бог Або Анёлы у вышэйшых сферах Заўважылі, i нехта дапамог I выплысці, i выпаўзці на бераг.
Яшчэ маяк у мораку гарыць, Старых званоў не заціхае рэха, I, як надзея, свеціць угары Выратавальным знакам Вега.
9/VIII—92
У раі i ў пекле
З дарог нязведаных табой Вяртаўся я то ўдзень, то ўночы, То бор шумеў, то біў прыбой, То нехта зноў мяне сурочыў, То пахла спелаю тайгой, Чаромхай, багуном, жывіцай I неадольнаю тугой, Як ачмурэлай чамярыцай.
Дапытваешся ты: «Адкуль? Якім сюды прЫбіла ветрам?» Няўжо сазнацца, што ад куль Засцераглі два сантыметры?
Ты не хвалюйся i не плач, I папракаць мяне даволі, Што я няўдалы уцякач З няволі вырваўся ў няволю.
Ты не гані. Прытулак дай I злітуйся хоць да світання, I на хвіліну прыгадай Вясну i першае спатканне.
Тады я быў амаль святы — Баяўся нават дакрануцца, А мне даверылася ты I не магла да дня прачнуцца.
Цяпер за мной пагоні шум, Хоць я ні ў чым не вінаваты, Ты прытулі маю душу I не гані да рання з хаты.
Я перабуду давідна, Ты нават i не азірнешся, Як знікну. Ты ў душы адна Ў раі i ў пекле застанешся.
8 /VIII—92
Летуценні
Паветраныя будаваў масты, Каб хоць прабіцца за твае вароты. Гусцеў туман, а за туманам ты Мільгнула i растала без звароту.
Ты — мара i няздзейснены падман, Няўлоўны прывід, выдуманы мною, Як даўні, ненапісаны раман З сюжэтам паміж праўдай i маною.
Твой прывід з лёгкім німбам над чалом I ножкамі ў сцюдзёных росах, I сцежка між дабром i злом Былі маім апірышчам, як посах.
Няўлоўная трывожыла мой сон, Прыдуманая, светлая, зямная, Жывеш ад першых да апошніх дзён, I мне ўжо ніхто не замінае
Шукаць цябе i неразлучным быць З адвечнай мараю пра шчасце, Якога не сустрэць i не здабыць I да якога ў смагу не прыпасці.
Ты i была ca мной i не была Каханнем недасяжным i жаданым, Ты радасць i натхненне мне дала, Была маёй надзеяй i падманам.
Што дагараць збуцвелыя масты, Я не лічу сваёй віною, Бо некалі прыдуманая ты Здаешся i цяпер мне навіною.
Вось-вось апошні дожджык заімжыць, А мне без летуценняў не пражыць.
2/Х—92
* * *
Магчыма, што апошні раз Гляджу на снег сакавіковы, I спадзяюся, што пра нас Успомніць нехта выпадкова.
Ніхто не знае, колькі Бог Гадоў i дзён яму адмераў I дзе апошні той парог, Дзе ў рай, а можа, ў пекла дзверы.
Збярэмся пад агульны дах, Памарым. Рана ж ставіць кропку, Бо нам усім i на кладах Ляжаць прыйдзецца паасобку.
7/III—91
На самоце
Мне сівер выстудзіў душу I засланіў слатою вочы, А я сабе разварушу Жывы агеньчык сярод ночы.
Наўкола учарнелы лес, I шум таемны не сціхае, Нібыта змулены пратэз, Рыпіць алешына сухая.
Hi зоркі, ні жывой душы, Hi звону пута ці аброці, I добра ў восеньскай глушы Вось так сядзець на адзіноце.
А недзе — грукат, i агні, I ашалелыя машыны, I ў апантанай мітусні Не чутны плач i спеў птушыны.
Куды ірвецца чалавек? Якія правяць ім законы? З калыскі кінуты на здзек, Ён здзекуецца сам да скону.