Выбрать главу
Датлела зорка ў вышыні, А я туды вяртацца мушу, Дзе грукат, лямант i агні I горам выстуджаны душы.
29/X—90
На вогнішчы сумлення
Я спальваю сябе штодня То клопатам, то хваляваннем, Што нешчаслівая радня Даўно не ведае адхлання.
Таму, нібыта Авакум, Пакутую за ўсе пакуты, Душа заходзіцца ад дум, Нібы ад горкае атруты,
Не за сябе, а за другіх, За родных, блізкіх i далёкіх, За незваротных дарагіх, За кінутых i адзінокіх.
Душа збалелая баліць, Параненае сэрца ные, Што мне грахі не замаліць Hi ўласныя i ні чужыя.
Знясілены ад горкіх дум, Гатовы ўпасці на калені I дагарэць, як Авакум, На ўласным вогнішчы сумлення.
22/11—87
Мінае лета
Прапах вільготнай кашанінай I ліпенем самлелы луг, Ужо трывогай жураўлінай Замкнуўся дня i ночы круг.
Каснік барвовы перакрэсліў Паружавелы небасхіл, Далека за дзявочай песняй Над шляхам асядае пыл, —
Плывуць павольна залацінкі Над вечароваю зарой. Даспела жыта, i Дажынкі Па звычцы справілі старой.
Курацца лёгкія туманы, За хмарай дагарэў прамень, I так шкада, што надта рана Канчаецца ліпнёвы дзень.
За зоркай выбліснула зорка, А змрок усё гусцей, гусцей, I на душы самотнай горка, Што дні прыкметна карацей.
Зажурыцца i сціхне поле, Каб толькі акрыяць вясной, I восень золкая паволі Лугі укрые сівізной.
Кароткае мінае лета, А песня так i недапета.
30/ V—92
Мята
Назбіраю жменьку мяты I на сонцы засушу, Каб у будні i у святы Трохі адагрэць душу,
Каб зарэчнымі лугамі Даўняй сцежкаю прайсці I каб з дробнымі даўгамі Разлічыцца пры жыцці,
Каб нікому вінаватым Я к не быў, так i не быць... Назбіраю жменьку мяты, Каб усе даўгі забыць.
24/V—92
Адзінае жаданне
Нідзе, ні ў кога i ніколі Дарэмнай ласкі не прасіў, Круціўся, як вавёрка ў коле, Сам быў — актыў, i сам — пасіў.
Саджаў i вішні, i парэчкі, У Сібіры будаваў дамы, З сабою вёў заўсёды спрэчкі I выдаў вершаў два тамы.
Нідзе ніколі не лайдачыў, Каб хоць маленькі скарб знайсці, А шчасця так i не пабачыў У шэрым i даўгім жыцці.
Гадоў i тыдняў не лічу я, Бо ўжо няма чым даражыць, I толькі аднаго хачу я — Зірнуць, як людзі будуць жыць.
9/V111—92
У святле маланкі
Сам-насам з лесам гавару, А ён амаль што мой равеснік. Я ў дол гляджу, а не ўгару I на аблокі ў паднябессі. На зоры i на Млечны Шлях, ён то гудзе, нібы званіца, То часам апануе страх, Як толькі ўдарыць навальніца.
Маланка з громам рве лісты, Кару да дзірвана здзірае, A лівень спорны i густы На струнах срэбраных іграе.
Залева хвошча i гудзе Ў святле i ў бляску навальніцы. Няма ратунку, i нідзе Hi ўкленчыць i ні памаліцца.
Апошні раз ударыў гром, I сціхла ўсё пасля «адбою», I кроплі звонкім серабром Зрываліся, i сам з сабою
Лес гаманіў i мне ківаў Зялёным да аскомы веццем. Я таямніцы адкрываў Яму, адзінаму на свеце.
У недасяжнай вышыні, У неразгаданым сусвеце Святыя душы, як агні, У зорным небе вечна свецяць...
Да ніткі вымак i прадрог, Пакуль грамы спраўлялі месу. Няхай грахі даруе Бог, Што я паспавядаўся лесу.
3/VI—2/VII—92