Выбрать главу
Высакосны год
Мяне з маленства вабіць дальні бераг У лотаці, у мяце i ў расе. Ён выблісне ў туманах шэрых I зноў знікае пакрысе.
Далёка ён за чорнымі вірамі, Здаецца блізкім у трывожным сне, То у вясёлкавай іскрыцца браме, То нечакана ў змроку прамільгне.
Шукаю да яго i не знаходжу брод, Бо у мяне заўсёды высакосны год.
6/VII—92
Хвіліны
Між пальцамі прасочваецца час: Плывуць хвіліны, як сухое зерне. Як ні трымайся, але нас Назад ніхто ніколі больш не верне.
Спяшаемся, ляцім; не ведаем куды, I кожны ўсё вышэй імкнецца. А час бяжыць. Hi зерня, ні вады Між пальцамі ужо не застанецца.
Не ведаем, чыя заслуга ці віна, Што ўсё мінае i сысці павінна Апошняя хвіліна. Вось яна. А для кагосьці — першая хвіліна.
18/XІІ—93
Таямніца
За зоркаю знікае зорка, Не заціхае лістапад, I на світанні вецер горкі Даносіць палыновы чад.
Адкуль прабіліся крыніцы? Дзе шлях у вырай, — не відаць, Так нашай даўняй таямніцы Ніхто не зможа разгадаць.
Як згасла нечакана свечка, Мы не заўважылі калі, Бо даўнюю пустую спрэчку Ніяк дакончыць не маглі.
Змаўкалі галасы i гукі, Здавалася, на ўсёй зямлі, I толькі вусны, толькі рукі Ўсё зразумець дапамаглі.
Калі душа душу сагрэла, Я зразумеў i ўсё спасціг, Таму, што свечка дагарэла I мы з табой былі ўдваіх.
Майму абвостранаму зроку Усё да дробязі відно, Бо нас у таямнічым змроку З'яднала хмельнае віно.
Не ведаю, каму маліцца Асенняй ноччу без святла, Але над намі Мілавіца Неспадзявана узышла.
То Месяца пярсцёнак тонкі, То знічкі першыя ўзышлі, А мы з табой свае пярсцёнкі, Як ні шукалі, не знайшлі.
Mapa
Калі ж тое будзе?
Спытала бабуля Відаць, не дажыву, не дацягнуся Я да жаданае пары, Калі шчасліва ў' Беларусі Зноў зажывуць гаспадары,
I шчыра засмяюцца людзі, Па свеце гоман пабяжыць, Што радасці i ў нас прыбудзе, Што выжылі i будзем жыць,
Што дружна зарунее ніва, Што пацяжэюць каласы, I будзе мой народ шчаслівы На ўсе вякі, на ўсе часы.
Забытае лета
Усё ў мінулым засталося, Дарогі снегам замяло. Бо за вясной настала восень, А лета так i не было.
Hi адпачыць i ні сагрэцца, Няма чым смагу наталіць, Ледзь б'ецца змучанае сэрца, То замірае, то баліць.
Гады, як здані, праляцелі, А мне ніколькі не лягчэй, Бо ад нядзелі да нядзелі Жыць i складаней, i гарчэй.
Нам суджана ў пару крутую Цярпець i гаркату, i зло: То восень, то зіма лютуе, А лета так i не было.
26/V—92
Радкі, запісаныя на білеце
Калі душа захаладзее, Боль затуманіць галаву, З надзеяю i без надзеі Увечары іду ў царкву.
Спявае хор, мільгаюць свечкі, Пад купалам кадзільніц дым, I толькі тут сціхаюць спрэчкі Паміж старым i маладым.
Адчаю глухнуць адгалоскі, За дымам гора адплыло, I ясны погляд Маткі Боскай Струменіць вечнае святло.
I забываюцца нягоды. Хоць з хісткай вераю жыву, A ў час адчаю, як заўсёды, Увечары іду ў царкву.
3/IV—92
Вясна
На ранні бэз ляціць апошні снег, Запознены i крышку баязлівы, I растае, i капаюць ca стрэх Тугія кроплі ў латакі i злівы.
Прыходзіць асцярожная вясна, — То пацяплее, то павее сцюжай, То інею іскрыцца белізна, То ў поў'дзень зіхацяць на сонцы лужы.