Выбрать главу
Як на марозе палымнелі губы, Твая дрыжала у маёй рука, I мне здалося — нехта шэпча «любы» На беразе застылага стаўка.
Такая цішыня на белым свеце, Іскрацца срэбрам чыстыя снягі, На вербах долу пазвісала вецце Ад шэрані i ціхае тугі.
Пасля твае таемныя іскрынкі У цёплым змроку мне былі відны, Гадзіны праляталі, як хвілінкі, I без твае, i без мае віны.
A досвітак прарочыў развітанне, Снег зараўняў вячэрнія сляды, Мы не маглі паверыць, што расстанне Разлучыць нас са шчасцем назаўжды.
Дзе ты цяпер? Зірні ў сівыя высі, Каб толькі зорку нашую знайсці. Не знойдзем, хоць апоўначы прысніся Апошні раз у блытаным жыцці.
4/XІІ—93
На Пцічы
Гляджу на месяц i дзіўлюся I тут, i ў дальняй старане, З маленства на яго малюся, Што ён глядзіць i на мяне.
Свяціў ён яснымі начамі I затуманены імжой, Твая лажбінка між плячамі Мне болей не была чужой.
Спаўзла блакітная сукенка, Твой цень гайдаўся на вадзе, Дзве зорачкі дрыжалі ў зрэнках I дзве сунічынкі грудзей.
Мы кінуліся ў вір глыбокі Пад затуманенай вярбой. Плылі i зоркі, i аблокі I над табой, i пад табой.
У хісткі месяц ты нырнула, I ён расплыўся па рацэ, Вясёлка сіняя мільгнула, Хвасталі пырскі па шчацэ.
Па водмелі i росным лугам Я за табою, як сляпы, Ішоў, адным з'яднаным кругам, Да першай свежае капы.
І/І—94
Белы бэз
Калі чакаў цябе я ў змроку, Расцвіў у садзе белы бэз, На кожным я спыняўся кроку, Пакуль праз плот не пералез.
Спалоханы i абраселы, Загледзеўся я праз акно, Зачараваны i нясмелы, I закаханы так даўно.
Праз цюлевую афіранку Убачыў чуб, пагон i кант, Як недаступную каханку Адважна лашчыў лейтэнант.
А я баяўся дакрануцца I да рукі i да спіны... Цяпер яны з мяне смяюцца, Што быў нясмелы i дурны.
А я яшчэ не траціў веры, Што даражэй за ўсіх яна, Пакуль не ўбачыў, што ў кватэры Святло патухла давідна.
24//Х—92
Чаромхавы чад
Як пахнуць травы пад дажджом I яблыні пад навальніцай, А нам з табою пад плашчом Вясна чаромхавая сніцца.
Мы ўспомнілі ўдваіх адно, Як сэрцы горача трымцелі, I мы з аблокаў, як на дно, Пад шаты райскія зляцелі.
Я верыў, ты — навек мая, I ні адна на свеце сіла Больш не разлучыць, i змяя Нас нечакана спакусіла.
Мінула шчасце так даўно, Прайшлі дажджы i навальніцы, А мне, як хмельнае віно, Вясна чаромхавая сніцца.
26/V—92
Уверцюра дваццатага стагоддзя
Мне дваццаць год. Табе аж дваццаць пяць. А нам не развітацца да паўночы. Суседзі за сцяной салодка спяць, А ў нас дваіх гараць да рання вочы.
Мы ў змроку. Не запальваем святла, Адно гаворым, думаем другое. Завея столькі снегу намяла I вокны пазавешвала смугою.
Ты тулішся бліжэй, усё бліжэй, Гаворыш пра чаканыя сустрэчы. А мне за ўсё здаецца даражэй Твой тонкі стан i ў залацінках плечы.
Ужо ў руцэ дрыжыць твая рука, Да вуснаў вусны прагнуць дакрануцца, I толькі паўхвіліны да рыўка, Каб у маіх абдымках апынуцца
Ледзь-ледзь чуваць, як музыка гучыць То набліжаецца мелодыя, то гіне Нас да адзінства можа далучыць Хіба што уверцюра Паганіні
Сціхае музыка, i вецер сціх, А наша не канчаецца спатканне, I вузкая канапка на дваіх Дала прытулак да світання.