Выбрать главу
Курыцца белай парай баразна, Яшчэ не ў поўнай хлебароднай сіле. Па шэрані усё ж ідзе вясна, I новы цёплы дзень — на небасхіле.
Шпакі збіраюць кропелькі расы, Запахлі горкай смолкаю таполі, I жаўрукі спрабуюць галасы Над сцішаным i зарунелым полем.
Зялёным пылам заімглёны лес Выпростваецца, цягнецца у лета, I закіпае акрыялы бэз То белым, то ружовым цветам.
10—13/IV—92
Мае радкі
Мае гады прайшлі імкліва, Без компаса, без маяка. Калі б я быў заўжды шчаслівы, Не напісаў бы ні радка.
У першы дзень, такі далёкі, I у наступныя гады На целе i душы апёкі Пакінулі свае сляды.
Даверлівы, спагадлівы, наіўны, У першы і ў апошні час, Я не знайшоў ніводнай грыўні, А нешта траціў кожны раз.
I ўсё ж не падаў на калені Ў пачатку і ў канцы дарог, Як ні цярпеў, адно сумленне Пранёс і назаўжды збярог.
Я зведаў штормы і адлівы I холад дула і курка... Калі б заўсёды быў шчаслівы, Не напісаў бы ні радка.
6/XІІ—93
Купалаў запавет

Чаго вас хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб тэй мове,

Якой азваўся беларус?

Янка Купала
Схіляюся да долу нізка-нізка, Душою прыпадаю да зямлі, Дзе некалі Купалаву калыску Гайдалі i буслы, i жураўлі.
I салаўі спявалі напрадвесні, Ігралі на цымбалах капяжы I жніўная зажураная песня Кранала струны кожнае душы.
Спавітаму у кужаль немаўляці Знаёмы i ад зморы ледзь жывы Ласкавы голас маладое маці Расказваў казку пра курган сівы...
Змянялі лета восені i зімы, Завеі замяталі след у след, Шляхамі заняволенай радзімы Пайшоў Прарок з жалейкаю у свет.
Спазнаў ён i знявагу, i нягоду, У горы матчыныя песні прыгадаў I ў спадчыну пакутніку-народу Усё, што ў сэрцы спела, перадаў.
Святло Купалавай навукі Праз церні забаронаў i пагроз Нясуць у свет няскораныя ўнукі, Каб Беларусь спазнала лепшы лёс.
3/VII—94
Маё багацце
Я траціў усё без звароту Не раз, i не два, i не тры, У гулкія стукаў вароты, Абходзіў чужыя двары.
Казалі — работнік не трэба, Начлежнікам — месца няма, Галодным скарыначкі хлеба Нідзе не давалі дарма.
О, Божачка, колькі я траціў! Знайсці ж анічога не змог I рана у матчынай хаце Пакінуў стаптаны парог.
Гайдаўся, як тычка на полі, Нібы чарацінка ў трысці. Ні скарбу, ні лепшае долі Ні разу не здолеў знайсці.
З дзівацкага я пакалення, За самых прасцейшых прасцей, Таму, што не страціў сумлення, А значыць — за ўсіх багацей.
А страчу сумленне, ад страху Пустая душа задрыжыць, Сябе ахвярую на плаху I больш не адважуся жыць.
9/III—94
* * *
Куды мне дзецца ад тугі I ў каго знайсці спагаду. Як вузел развязаць тугі, Што зблытаў i любоў, i здраду
Я ўсё жыццё ў сябе ў даўгах, Чужой аблытаны маною. Любоў, i здрада, i туга Адыдуць назаўжды са мною.
4/XI—93
Незабыты снежань
Хоць i снежань, а снегу i знаку няма. Зноў слата, туманы i макрэча. Ты тады прызначала сустрэчы сама, Я ж не мог дачакацца сустрэчы. Што з гадзіннікам? Стрэлка спыніла хаду. Апрануся, то зноў распрануся. Як цябе у стракатым натоўпе знайду Ці на людным рагу размінуся.