Выбрать главу
Я ж сустрэўся калісьці з табой на катку: На крутым віражы падтрымаў, каб не ўпала. Даганяў цябе потым на кожным вітку, Але бачыць было вельмі мала. Ты магла спатыкнуцца. Я рукі развёў. Лёд звінеў, мітусіліся іскры ў паветры, Мне хапіла усмешкі i некалькіх слоў, Каб атрэсці твае заінелыя гетры.
Мы ішлі. За плячыма звіцелі канькі, Ты смяялася, мабыць, з мае асцярогі, Што баяўся крануцца гарачай рукі I зірнуць на высокія ногі. Ты, напэўна, за дурня лічыла мяне, А здавалася німфаю, зоркай, багіняй. Я баяўся, як толькі зіма праміне, Лёд растане, сяброўства загіне.
...Праляцела паўвека. Расталі снягі, Вечар буйнымі кроплямі плача. Я адзін, i збавення няма ад тугі, Бо на памяці — толькі няўдачы.
Маладыя услед i насустрач ідуць: Нехта з дому, а нехта — дадому. Хто каго, i куды, i навошта вядуць, — Я дзіўлюся, што ўсё ім вядома. Я ж даўно пасівелы бядую I сваёй маладосці шкадую.
7/XII—93
Спрэчка
Запалю ад свечкі свечку, I пакуль не дагарыць, Даўнюю прадоўжу спрэчку, Каб паспець дагаварыць
Усё, што колісь набалела, I пакаяцца ў грахах, Бо ізноў душу i цела Працінае даўні страх.
Ён адхлынуў ненадоўга З учарнелае душы, Што калісьці веру ў Бога Размяняла на грашы
I дрыжала дні i ночы, Замірала на хаду, Бо i ясны дзень прарочыў То трывогу, то бяду.
Па наіўнасці паверыў Снам i казкам пра дабро, Але грымнулі у дзверы, I зламалася пяро...
Ціха дагарае свечка, Быццам развітальны знак, А з самім сабою спрэчка Не канчаецца ніяк.
5/V—92
Муза
Яна прыходзіла таемна, то дзяўчынка То нёманскай русалкаю ў пакой, Звінела жаўруком, то чарацінкай, Да скроняў дакраналася рукой,
Нябачанаю, тонкай i гарачай, Кранала струны чулае душы, Прарочыла натхненне i удачы, Пяшчотна паўтараючы: «Пішы».
Прыходзіла ў халодны мур, за краты, I там свайго абранніка знайшла, У змрок прынесла нечакана свята З іскрынкамі чароўнага святла
I пахам рошчыны у роднай хаце Пад крыкі развітальных журавоў, З журботнай песняй i слязінкай маці У змроку вераснёвых вечароў.
Нябачаная муза сон сагнала I прашаптала у начной цішы: «Жыццё ўсяго адно, i часу мала, Таму спяшайся i пішы, пішы».
На досвітку сініцай пазваніла У вузкае астрожнае акно. «Мой родны кут, як ты мне мілы...» Было ужо напісана даўно.
Радок нізаўся да радка трывала, Прыходзіла ўсё роднае здаля, Рука пяро упэўнена трымала I напісала: «НОВАЯ ЗЯМЛЯ».
30/ VIII—92
Інфаркт душы
Інфаркты сэрца мне даўно знаёмы: Уколы, кропельніцы i трызня, Вішу на павуцінцы цяжкай стомы, — Hi вуснаў, ні павекаў не разняць,
Не бачу — ў снезе ці ў лістоце вецце, Ці на Зямлі я, ці ў дарозе на той свет, Уверсе Сірыус, ці ўнізе Месяц свеціць, Ці кардыёграф мой закрэсліў след.
Лячу i падаю то ў прорву, то,прыкуты, Спрабую ўратавацца кожны раз, Вярну сябе туды, дзе горш атруты Калючы позірк i забойчы сказ.
Шкада расстацца з светам i сябрамі, Яшчэ парадавацца б, нават саграшыць, Сустрэцца б з маладымі дактарамі, Што не заўважылі інфаркт маёй душы.
Пра боль яе i пра рубцы маўчым мы, Бо ix нічым загоіць немагчыма.
25/ХІІ—93
Адзінота
Мінорная не моўкне нота, Нібы даўно не чуты звон. I адзінота, адзінота Апошніх непазбежных дзён.
Hi дождж, ні вецер, ні спякота Не прынясуць ружовы сон, I адзінота, адзінота Апошніх непазбежных дзён.