Выбрать главу
Hi дождж, ні снегапад не зацярушыць Сляды,і слёзы, i крывавы жах, I люты кат не закасуе душы, Што ў Курапаты пачыналі шлях.
Яны у кронах пачарнелых соснаў Жылі, жывуць i будуць вечна жыць, Каб узірацца у зеніт дзівосны, Дзе зорка кожнага дрыжала i дрыжыць.
1/Xl—93 Палата 602
Слова
Даў нам Бог неўміручую мову, Што жалейкай, то лерай пяе. Колісь прыхадні роднае слова Зневажалі, а сёння свае
То паклёпам, то хітраю змовай Апантана няславяць яго... Хто цураецца роднае мовы , Той не любіць народа свайго .
Мы сцярпелі i сцерпім нягоды, Хоць i сэрца ад крыўды дрыжыць. Нас не будзе, а мова заўсёды Будзе жыць, будзе жыць, будзе жыць!
10/11—95
Дарадцы
Мне раілі: «Лепш райскі сон сасні Ці Новы запавет чытай старанна», А я пакутаваў ад вечнае хлусні, Што нас калечыла беспакарана.
Хацелася крычаць i галасіць, Калі за мною кожны дзень сачылі, Хлусілі самі i усіх хлусіць З маленства i да старасці вучылі.
Хлуснёю цешацца i сёння дзівакі, I «карыфею» моляцца ў зацішку, I патрабуюць «цвёрдае рукі», Што не паспела ім зацвердзіць «вышку»
Цяпер нібыта праўду гавару I дакрычацца да вышынь хачу я, Але, відаць, як свечка дагару, А голас мой ніхто i не пачуе.
Права

Е в поета наивище право умерти.

Т. Каламіец
Ніхто не можа памагчы, Калі наўкол адны няўдачы, Я на світанні i ўначы, Каб не пачулі, ціха плачу,
Заходжуся, нібы дзіця, Ад гора, ашуканства, здрады, Ад невыноснага жыцця, Калі яму ужо не рады.
Даўно няма маіх сяброў, Стаю апошні на мяжы я, Сярод чужых глухіх муроў, Усім чужы, i ўсе чужыя.
Як горка дажываць свой век, Караць за ўласныя пралікі, Што кінуў сам сябе на здзек, I на малы, i на вялікі.
A ўгледжу сонечны прамень, Маладзічок ці ў небе зорку, Захочацца пражыць хоць дзень, Як ні маркотна, як ні горка.
Апошняя іскрынка
Як мне шкада, што нарадзіўся рана Ў асенняй затуманенай глушы, Што ў непагоду засмылела рана I запяклася назаўжды ў душы.
Яна баліць за кожную драбніцу, Хоць добра ведаю, што я тут госць, Што маю права ціха памаліцца Здалёк на вас i вашу прыгажосць,
Што да рукі баюся дакрануцца, Каб не пакрыўдзіць i не рассмяшыць, Здалёк услед няёмка азірнуцца, Бо час апошнюю іскрынку патушыць.
Я ведаю, што хутка ўсё міне I прыйдзе шчаслівейшы за мяне.
26/V—93
Святое імя
За старонкай гартаю старонку У пытальніках, клічніках, кропельках слёз I аднекуль даносіцца звонку, Што i мой завяршаецца лес.
Ледзьве бачу апошні радок існавання, — Бо ні коскі, ні кропкі ужо не відно, I апоўначы каменем кане Ўсё, чым жыў, апраметнай на дно.
Ну, i добра, што з блізкіх ніхто не заплача За сапраўдную шчырасць удзячны ім я, I тваё нечакана дыханием гарачым Ледзьве чутна прамоўлю святое імя...
Прабачай i даруй, дарагая мая.
5—6/IX—93
Дагарае свечка
Ты пабудзь ca мною, дарагая, Хай душа адкрыецца душы, Не зважай, што свечка дагарае, I яе дачасна не тушы.
Памаўчым, паверым у надзею, Як у шчасце верылі спярша. Не зважай, што сэрца халадзее, Не астыла б чулая душа.
Безнадзейная змаўкае спрэчка, Больш няма пра што нам гаварыць. Ты пабудзь, пакуль не згасла свечка I пакуль душа не дагарыць.